Веласіпед на асфальце

Для таго, каб стварыць сабе бяспечны рух, веласіпедыст і возчык гужавой павозкі павін­ны ў першую чаргу мець пры сабе святлоадбіваючыя элементы — на веласіпедзе і гужавой павозцы замацоўваюцца святловяртальнікі белага колеру спераду, чырвонага колеру ззаду і аранжавага колеру з кожнага боку.

Выкананне такога нескладанага правіла дапаможа пешаходам, веласіпедыстам і возчыкам на дарогах захаваць сваё здароўе, магчыма, і жыццё. Вось толькі адзін прыклад.

На дарозе Лепель — Красналукі — Халопенічы на адрэзку паміж шашой Мінск — Віцебск і Аршанкай адбыўся наезд легкавіка на веласіпедыста, які загінуў на месцы. Надвор’е было пахмурнае, імжыў дождж, сцямнела рана. На заднім шчытку веласіпеда была наклеена святловяртаючая палоска. Аднак яе аказалася недастаткова. Быў бы ззаду ліхтар, спадарожны вадзіцель заўважыў бы яго. Да таго ж на веласіпедысце не было флікера, адзенне было цёмнае. Нездарма правілы дарожнага руху рэкамендуюць пры руху на веласіпедзе ці гужавой павозцы выкарыстоўваць святловяртаючыя камізэлькі. На жаль, гэтая катэгорыя вадзі­целяў ігнаруе рэкамендацыю.

Не варта забывацца і на адміністрацыйную адказнасць, якая надыходзіць для вышэйпералічаных удзельнікаў дарожнага руху пры перамяшчэнні ў цёмны час сутак без пазначэння сябе святловяртаючымі элементамі — штраф да 17500 рублёў, а ў стане алкагольнага ап’янення — да 105000 рублёў.

Аналіз ДТЗ паказвае, што з усіх дарожна-транспартных здарэнняў амаль палова здзейснена з удзелам транспартнага сродку і пешахода, а трэцяя частка — непасрэдна па віне пешаходаў. Вялікая доля такога роду здарэнняў прыпадае ў перыяд часу з 15 да 23 гадзін — у цёмны час сутак. Таму правілы дарожнага руху патрабуюць: “…пры руху па краі праезнай часткі дарогі ў цёмны час сутак пешаход павінен пазначыць сябе святловяртаючым элементам (элементамі)”. Тым самым рызыка наезду транспартнага сродку на пешахода зніжаецца на 85 працэнтаў. Дождж, туман — не перашкода рознакаляровым сімвалам, палоскам і значкам.

За рух пешахода па краі праезнай часткі ў цёмны час сутак без святлоадбіваючага элемента цягне штраф у памеры ад 35000 да 105000 рублёў, а ў стане алкагольнага ап’янення — ад 105000 да 175000 рублёў.

 Аляксандр ТРУСАЎ,

 начальнік АДАІ

Лепельскага РАУС.

 

J

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.