Вершаваны вянок
Зноў гартаю старонкі важкай падборкі вершаў лаўрэатаў раённага конкурсу юных паэтаў. Чаму зноў? Таму што конкурс гэты праводзіцца не ўпершыню і, можна сказаць, стаў ужо традыцыйным. Сёлета ў ім узялі ўдзел каля пяцідзесяці юных талентаў. А пра тое, што іх творы сапраўды годныя, сведчыць хаця б такі факт: дваццаць сем удзельнікаў конкурсу сталі лаўрэатамі.
Ну, не пакрывіць бы душой, скажу ўсё ж, што вершы трапілі на конкурс розныя, як па тэматычнай скіраванасці, так і па літаратурным узроўні. Трапляюцца і “прахадныя”, ёсць і шаблонныя.
Ды не пра іх размова. Урэшце, арганізатары конкурсу — аддзел моладзі райвыканкама, ЦДТ, літаратурна-музычны клуб “Выток”, вядучая Алена Макаранка — і не ставілі задачай вызначыць “новага Пушкіна ці Купалу”, але абудзіць у дзяцей і падлеткаў цікавасць да творчасці, прымусіць іх задумацца над чалавечымі каштоўнасцямі. Чаму б і не?
Натуральна, конкурс сёлета праводзіўся ў рэчышчы Года кнігі і меў непасрэднае дачыненне да юбілеяў нашых літаратурных класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія будзем адзначаць неўзабаве.
А таму многія ўдзельнікі пачыналі свае творы з прысвячэння літаратурным волатам, з традыцыйнага прызнання ў любові да кнігі. Але не ў гэтых “абавязковых” і таму часам павярхоўных, “прыцягнутых” прызнаннях і прысвячэннях, як правіла, раскрыліся юныя творцы, а ў нечаканых праявах больш глыбіннай чалавечай шчырасці. Паслухайце ж:
Сонца ласкавым праменнем
Сагравае наваколле,
Рэчку хуткую з каменнем,
Векавыя дрэвы з голлем,
Для якіх гады — імгненне,
Ўсё адно — палон ці воля.
Чалавек, жыццё — каштоўнасць,
Ўсё астатняе — умоўнасць.
Такая вось прывабная, зусім не дзіцячая, бо глыбінная, як тая “рэчка хуткая з каменнем”, філасофія ў васьмікласніка з Пышна Арцёма Хрышчанкі. Радкамі з яго верша можна аб’яднаць усю тэматычную размаітасць удзельнікаў конкурсу.
І, зноў жа, чым прасцей напісана, тым цікавей чытаецца. Вось вам яшчэ прыклад, як пяцікласніца Пышнянскай школы Марына Жарнасек назірае і разумее зімовае неба. Верш “белы”, амаль без рыфмы, але колькі ў ім вобразнасці, дамашняй утульнасці, чалавечай чысціні і цеплыні!
Арцём Хрышчанка, Марына Жарнасек, Жэня Галінскі — здаецца, у невялікай вясковай школцы сапраўды падрастае цэлае сузор’е талентаў. Не палічыце гэта нейкай прадузятасцю, проста хочацца цытаваць сапраўды лепшае ў лаўрэатаў конкурсу. Вось і ў Жэні — яго імклівая рэчка, якая ўмее думаць:
Рэчка весела струіцца,
Праплывае перашкоды.
Вось спынілася, бруіцца —
Ды няма далей ёй ходу.
І стаіць яна, не знае,
Што рабіць ёй? Тут спыніцца?
Пачакала, сіл набрала —
І ракой вялікай стала.
Шмат удзельнікаў конкурсу, васямнаццаць чалавек, вучні СШ №3. У вершах многіх з іх — вобразы цікавыя і запамінальныя. Згадзіцеся, запамінаецца, напрыклад, прызнанне роднаму Лепелю дзевяцікласніцы Алены Пшонкі:
Мой родны горад! Як гняздоўе птушку,
Мяне ты вабіш квеценню садоў,
Любоўю песціш, як бацькі дачушку,
І не старэеш з шэрагам гадоў.
Альбо апісанне веснавога дня ў вершы сямікласніцы Насці Пятровай:
Бярозкі белыя на ўзлеску
Гамоняць ціха між сабой
І кветкі першыя — пралескі —
Вітаюць пчолак шумны рой.
Вобразы з дзіцячых творчых фантазій такія ж жывыя, рухавыя — натуральныя, як і самі дзеці. Шчырасць і натуральнасць і падкупляе ў іх творах. Красамоўным прыкладам нам паслужыць верабейчык з аднайменнага верша вучаніцы гімназіі Марыі Дзямко:
…Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў,
Дайце есці — я ледзь жыў!
Есці многа мне не трэба:
Трошкі зерня, трошкі хлеба.
Кіньце, дзеткі, на зямлю,
Я вам песеньку спяю.
Падлеткавыя прызнанні ў любові да Радзімы палымяныя, як прызнанні ў каханні дзяўчыне. Дзевяцікласнік з гімназіі Уладзімір Лапёнак праводзіць відавочную паралель паміж патрыятычнай любоўю да Беларусі і светлым пачуццём кахання, уласцівым кожнаму юнаку і кожнай дзяўчыне. Атрымліваецца прыгожа, годна.
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы. Акрамя таго, лаўрэатаў чакалі граматы і падарункі. Да таго ж, прыемным падарункам кожнаму аўтару лепшага верша можа стацца яго ўдзел у абласным этапе конкурсу “Калыска мая Беларусь”, матэрыялы для якога будуць накіраваны ў Віцебск яшчэ да канца гэтага месяца.
Уладзімір МІХНО.