Весткі з Баброўскай СШ

Нашчадкі Язэпа Мароза

 Старанна рыхтаваліся вучні да канферэнцыі “Язэп Мароз — садавод-калекцыянер з Фатыні”. Пяцікласнікі з’ездзілі на экскурсію ў Фатынь, распытвалі мясцовых жыхароў, свае ўражанні апісалі ў сачыненнях. Шасцікласнікі пабывалі ў сельскай бібліятэцы, дзе пазнаёмілі­ся з экспазіцыяй, прысвечанай знакамітаму земляку. Самымі цікавымі прызнаны краязнаўчыя даследаванні вучняў пятага і адзінаццатага класаў.

“Кніжчыны дактары”

 Чацвёртакласнікі пад кіраўніцтвам настаўніцы Святланы Лясун наладзілі акцыю “Кніжчына бальніца”, падчас якой “вылечылі” не адну старую зачытаную бібліятэчную кніжку.

 Зрэшты, дзеці не толькі “лечаць” старыя кнігі, але і збіраюць сыравіну для выдання новых. У школьных спаборніцтвах па зборы макулатуры пакуль лідзіруюць першакласнікі, якія ўпяцёх сабралі ўжо сорак два кілаграмы. Стараюцца недарма — прызёраў чакаюць салодкія прызы.

Традыцыі не згасаюць

 Піянерская арганізацыя папоўнілася пяццю вучнямі чацвёртага класа. Піянеры шэфствуюць над помнікам у аграгарадку, прыбіраюць у парку. Нядаўна паглядзелі і абмеркавалі фільм “Брэсцкая крэпасць”. Затым з настаўнікам Уладзімірам Баранавым даследавалі гісторыю родных вёсак і збіралі расказы пра землякоў, ­удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ па традыцыі старэйшыя піянеры перадаюць назву, дэвіз і атрадную песню малодшаму атраду. Вось і зараз назва атрада “Іскра” ва ўрачыстай абстаноўцы перайшла да чацвёртакласнікаў.

Беларускія казкі — па-англійску

 Тыдзень англійскай мовы прайшоў у пятых — восьмых класах. Дзеці паказвалі інсцэніроўкі беларускіх народных казак на… англійскай мове. Дзяўчаты-сямікласніцы правялі завочныя англамоўныя экскурсіі па гарадах Беларусі. Удалыя экскурсіі атрымаліся ў Веранікі Свірыдзенкі, Яны Паповіч, Маргарыты Савончык, Анастасіі Бондал, а лепшая — у Анастасіі Жарнасек.

Асаблівасці родных назваў

 Вучні заняліся этнаграфічнымі даследаваннямі. Пад кіраўніцтвам настаўні­цы роднай мовы і літаратуры Надзеі Хаванскай яны вандруюць па вёсках, вывучаюць мову мясцовасці, запісваюць прыказкі, прымаўкі, народныя выслоўі, ацэначныя назвы асобы ў гаворках родных вёсак.

 Збіраецца матэрыял для грунтоўнай даследчай працы, якая працягнецца і ў наступным навучальным годзе.

Ведай нашых!

 11-ы міжнародны дзіцячы экалагічны форум “Зялёная планета-2013” праходзіў у Расіі, дзе васьмікласніца Юлія Юрчанка заняла першае месца ў конкурсе фотарэпартажаў “Экааб’ектыў” аб экалагічнай сацыяльна значнай дзейнасці дзіцячых калектываў.

 Вучні працягваюць экалагічныя даследаванні. Дзесяцікласнік Дзяніс Чэпік, які мае ўжо немалы стаж бортніцтва, даследуе жыццё пчол і піша адпаведную работу.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.