Весткі з Забароўскай школы

Умовы для здароўя
З надыходам зімы спорт у Забароўі атрымаў “другое дыханне”. Па традыцыі залілі каток на школьным двары, дзеці сталі на лыжы, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да зімовых спаборніцтваў “снежны снайпер”. Тым часам не забываюць у школе і не пра зімовыя віды спорту, балазе ёсць спартыўная зала. Прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе на кубак школы, які заваявала каманда “Вясёлыя хлопцы”. Капітан каманды — васьмікласнік Мікіта Осіпаў. Школа ўдзельнічае ў лёгкаатлетычным кросе.

Навучанне бацькоў
На адным з нядаўніх бацькоўскіх сходаў была звернута ўвага на кантроль за вучобай дзяцей дома. Прыйшлі да высновы, што многія вучні не дастаткова ўседліва рыхтуюць хатнія заданні, а бацькі слаба кантралююць гэтую справу. Высветлілася, што многія бацькі і хацелі б дапамагчы дзецям падрыхтавацца да ўрокаў, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Праграмы вельмі складаныя. Таму настаўнікі выклалі бацькам некалькі “ўрокаў”, на якіх распавялі, як дапамагаць дзецям. Распрацавалі памятку для бацькоў па кантролі за падрыхтоўкай дзецьмі хатніх заданняў.

Суботнія баталіі
Па суботах поўніцца школьная спартыўная зала, дзе ладзяцца розныя спаборніцтвы, працуюць секцыі па футболе і настольным тэнісе, праходзяць сумесныя з бацькамі мерапрыемствы “Адпачнем разам” спартыўнага, інтэлектуальнага, забаўляльнага характару.
Школа ўзяла ўдзел у абласной дабрачыннай акцыі “На добрую памяць”, вырабы дзяцей занялі трэцяе месца ў падгрупе 11 — 13-гадовых, а таксама дзве падзякі. На конкурс былі прадстаўлены карцінкі на навагоднюю тэматыку. Дзеці даглядаюць за помнікам партызанам Вялікай Айчыннай вайны, устаноўленым у Забароўі.

На канікулах — на прыроду
Школьныя канікулы ў Забароўі часцей праходзяць на прыродзе. Вось і зараз вучні ўдзельнічаюць у акцыі “Да прыроды — з любоўю”, падчас якой накормяць галодных зімою птушак, папярэдне змайстраваўшы для іх кармушкі. Прызначылі дзеці сустрэчу з прыродаю і ў інтэрнэце шляхам віртуальна-экалагічнага рэйда “Прырода не даруе памылак”. Дапытлівыя ж зацікавяцца віктарынаю “Падарожжа Новага года па краінах свету”. Майстравітых прывабяць заняткі ў школьнай майстэрні “Зрабі сваімі рукамі”. Ну, а настаўнікі на канікулах збіраюцца ўсур’ёз зацікавіцца, чым займаюцца дзеці дома ў вольны час.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.