Восеньскі прыпар

Азімая сяўба ў гаспадарках працягваецца, што­дзень засяваюцца дзясяткі гектараў азімых. У камунальным унітарным прамысловым сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Ладасна” ўжо засеяна больш за 600 гектараў плошчаў.

Сёлета рапс даў неблагі ўраджай і добры прыбытак. Больш за 250 тон насення рапсу гаспадарка здала на Віцебскі алеяэкстракцыйны завод. 83 працэнты пайшло першым класам, за яго плацілі па 4180 тысяч рублёў за

тону, выручылі больш за мільярд рублёў. Рэнтабельнасць культуры —  11 працэнтаў. Пад азімы рапс адвялі 270 гектараў. Плошчы пад культуру вырашылі не павялічваць.

 Лепшымі папярэднікамі для азімага рапсу лічацца пшаніца, травы, ячмень. Менавіта землі з-пад азімай пшаніцы былі ўзараны першымі. У глебу ўнеслі калійныя і фосфарныя ўгнаенні. Адна з самых цяжкіх і адказных сельскагаспадарчых аперацый — ворыва — была даручана вопытнаму механізатару Пятру Папко, які ўзараў усе 270 га на трактары МТЗ-3022 з васьмікорпусным абаротным плугам. Дыскаваў глебу Іван Бачароў.

 270 гектараў засеяць — не жарты. У ранейшыя часы гэту аперацыю маглі расцягнуць ледзьве не на месяц. Аднак сёння на ўзбраенні ў вяскоўцаў магутная энерганасычаная шматфункцыянальная тэхніка, таму з сяўбой азімага рапсу ўправіўся адзін трактарыст Пётр Казлоўскі. На яго ўзбраенні таксама энерганасычаны трактар з пасяўным агрэгатам АПП-6Д.

 Якія ж сарты сеяць? Якасць насеннага матэрыялу — залог высокага ўраджаю. Нездарма дзяды казалі: “Што пасееш, тое і пажнеш”. Усе 270 гектараў азімага рапсу ў “Ладасне” засеялі сортам “Лідар” беларускай селекцыі. І не проста элітай — суперэлітай. Насенне такога высокага класа гаспадаркам пастаўляе той жа Віцебскі алеяэкстракцыйны завод, наўпрост зацікаўлены ў якаснай прадукцыі з палеткаў. Усе пасяўныя аперацыі праведзены ў самыя аптымальныя агратэх­нічныя тэрміны — з чацвёртага па пятнаццатага жніўня.

 Зараз на канвееры — азімая пшаніца. На раніцу 13 верасня з запланаваных пад азімыя збожжавыя 970 га засеяны 439. З іх на ста гектарах пасеяна насенне сорту “Сінэзія” польскай селекцыі першай рэпрадукцыі. Астатняе — сортам “Сюіта” селекцыі беларускай, але таксама першай рэпрадукцыі.

 На сяўбе збожжавых задзейнічаны МТЗ-3022, за рулём — Пётр Казлоўскі. Праўда, зараз разам з ім пазменна працуе Васіль Кісялёў. Разам яны адольваюць па дзясятку гектараў за дзень. На дзень працы энерганасычанаму трактару патрэбна не менш за сто літраў дызельнага паліва, з меншай колькасцю няварта і за вароты майстэрні выязджаць. Здараецца, тэхніка не вытрымлівае працы на цяжкіх, камяністых глебах, псуецца. Вось і на дзень прыезду карэспандэнта ў гаспадарку трактарысты рамантавалі пасяўны агрэгат, які падчапіў напярэдадні вялікі камень. Амаль паўдня круцілі гайкі, зварвалі жалеза, але з абеду выехалі на поле.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Пётр Казлоўскі і Васіль Кісялёў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.