Вытокі канфлікту

У рэдакцыю звярнуўся дырэктар Лепельскай аўташколы ДТСААФ Павел Лямцаў, распавёў наступнае:
— Нешта дрэнна стаў працаваць рухавік майго БМВ трэцяй мадэлі. Здаецца, аб’ёму хапаць павінна, шэсць цыліндраў, а не цягне, не разганяецца. Чую, што траіць, аднак сам у рухавік не палез, вырашыў звярнуцца да прафесіяналаў. Прыехаў у аўтасэрвіс “ДорАвт”, што на вуліцы Чуйкова, непадалёк ад нашага аўтадрома. Падышоў “спецыяліст”, сказаў, што, хутчэй за ўсё, адбыўся збой у працы бартавога камп’ютара, трэба машыну пакінуць на пэўны час, яны наладзяць.
“Пэўны час” той доўжыўся тыдзень, другі — вестак ад рамонтнікаў усё не было. Потым мне заяўляюць, што ўсё адрамантавалі, наладзілі, рахунак — 700 тысяч рублёў.

Трэба толькі дадаткова памяняць свечкі запальвання. Запатрабавалі нейкія фірмовыя. Грошы ў мяне на той момант былі, таму пагадзіўся. Матор жа як працаваў дрэнна, так і застаўся. Мне нават падалося, што яшчэ горш. Пытаю ў майстроў, а тыя адказваюць, што патрэбен некаторы час, каб рухавік “прыпрацаваўся”, “няхай кіламетраў 500 праедзе”. Дарэчы, старыя свечкі з рухавіка мне назад не аддалі.
Праязджаю рэкамендаваныя 500 кіламетраў — матор працуе з перабоямі, нічога не мяняецца.
Неяк па сваіх справах паехаў у Наваполацк, заехаў на тамашні аўтасэрвіс. Хлопцы сказалі: “Пакідайце, паглядзім”. Машыну пакінуў, вярнуўся ў Лепель. Ужо назаўтра мне патэлефанавалі і сказалі, што сваю БМВ магу забіраць. Мой сябар прыгнаў машыну — рухавік немагчыма было пазнаць — працаваў надзейна. На халастых абаротах матора амаль не было чуваць.
Спытаў пра цану рамонту. Якое ж было маё здзіўленне, калі пачуў сціплую лічбу ў 400 тысяч рублёў! У свой час я на “ДорАвт” заплаціў больш за мільён, і машыну так толкам і не адрамантавалі. На пытанне, што ж за паломка была, адказалі, што проста пераналадзілі камп’ютар і прыпаялі два кабелі, якія “абарвалі нейкія ранейшыя рамонтнікі”.
Звярнуўся ў “ДорАвт” з патрабаваннем вярнуць грошы — марна. Прыйшоў у райвыканкам. У аддзеле эканомікі мне паведамілі, што, аказваецца, “ДорАвт” не мае сертыфікату на рамонт аўтамабіляў маркі БМВ.
Як звычайнаму спажыўцу, мне ўсё роўна, ці мае СТА сертыфікат на рамонт той ці іншай маркі аўтамабіляў. Калі б адразу адрамантавалі маю БМВ, я б ніякіх прэтэнзій не меў, а так…
* * *
На зварот карэспандэнта супрацоўнік СТА “ДорАвт” Сяргей Дорахаў адказаў:
— Павел Лямцаў сапраўды да нас звяртаўся. Паведаміў, што рухавік з перабоямі працаваў даволі доўга, а ў апошні час — зусім дрэнна. У заяўцы так і напісана: “Рухавік не развівае абароты”.
Кіраванне рухавіком электроннае. Агледзеўшы, выявілі, што на адным з раздымаў дрэнны кантакт, метал нават акісліўся. Прапанавалі на выбар або памяняць раздым цалкам, або перапаяць яго. Кліент пагадзіўся на другі варыянт. У выніку матор стаў развіваць абароты, аднак траенне не ліквідавалася.
Свечкі запальвання выкруцілі, пры заказчыку іх праверылі, некаторыя аказаліся няспраўнымі. Па спецыфікацыі выбралі свечкі, рэкамендаваныя фірмай-вытворцам менавіта для гэтай мадэлі, набылі іх у Лепелі, у “Пятым коле”. Паставілі, рухавік стаў працаваць лепш, але збоі ў рытме не выправіліся.
Для далейшага выяўлення непаладак залілі спецыяльную прысадку і парэкамендавалі праехаць на аўтамабілі некалькі соцень кіламетраў. Паколькі Павел Іванавіч карыстаецца аўтамабілем даволі інтэнсіўна, меркавалі, што патрэбны прабег адбудзецца за некалькі дзён, і БМВ у хуткім часе прыбудзе да нас для далейшай дыягностыкі і рамонту. Аднак прыехаў нашмат пазней, стаў прад’яўляць прэтэнзіі, маўляў, не адрамантавалі машыну, толькі сапсавалі, а вось там мне яе зрабілі, і ўвогуле ў вас няма сертыфікату на рамонт БМВ.
Пачалі разбірацца па пунктах. З няспраўнасцямі, апісанымі ў першай заяўцы, — “матор не развівае абароты” — мы справіліся, машына паехала. Свечкі запальвання былі правераны пры кліенце, той сам даў згоду на іх пакупку і ўстаноўку, як і на іншыя работы.
На ўсе работы і аперацыі, выкананыя пры рамонце БМВ Паўла Лямцава, мы маем патрэбныя сертыфікаты, а іменна: рамонт электронных сістэм кіравання рухавіком, замена свечак запальвання. Мы не маем сертыфікатаў на рамонт непасрэдна рухавікоў БМВ, іх трансмісій, падвесак, таму ім і не займаемся, а робім выключна тое, што дазволена. Таму прэтэнзіі Паўла Лямцава лічу неабгрунтаванымі і задавальняць іх не маю намеру.
* * *
Стараючыся быць аб’ектыўным, даў магчымасць выказаць сваю пазіцыю абодвум бакам канфлікту. І ўсё ж застаюцца некалькі незразумелых пунктаў. Чаму ў Наваполацку рамонтнікам дастаткова было сутак для дыягностыкі і рамонту аўтамабіля, а ў Лепелі не змаглі гэтага зрабіць за тыдзень і больш? Якая кваліфікацыя ў майстроў з “ДорАвт”, калі яны адны кабелі спайваюць, а іншыя абрываюць? Адкуль такая розніца ў коштах паміж Лепелем і Наваполацкам? І нарэшце, можа варта было б больш дакладна, поўна знаёміць кліентаў з умовамі сертыфікатаў на правядзенне тых ці іншых аперацый у іх аўто?
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.