Галоўная каштоўнасць — чалавек

У нашым рэгіёне назапашаны багаты вопыт дзейнасці органаў мясцовага самакіравання па фарміраванні неабходных умоў для жыццезабеспячэння вясковага насельніцтва. Невыпадкова таму на Лепельшчыне праведзена па гэтай надзённай тэме выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У пачатку пасяджэння дэманстраваўся дакументальны відэафільм

аб сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці раёна, яго людзях. Ва ўступным слове Старшыня Савета Рэспублікі, старшыня Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Рубінаў падкрэсліў выключна важную ролю мясцовай улады ў забеспячэнні першачарговых запатрабаванняў насельніцтва. Да такіх адносяцца працаўладкаванне, прафілактыка злачыннасці і п’янства, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, развіццё сацыяльнай сферы і аховы здароўя, іншыя аспекты паўсядзённай дзейнасці ўладных структур і органаў самакіравання. Усё, што хвалюе людзей, — клопат мясцовай улады ў сельскай мясцовасці, паказчык эфектыўнасці яе работы. Галоўнай каштоўнасцю нашай дзяржавы з’яўляецца чалавек.

Цікавым, дакладным, багатым на аналітыку і развагі было выступленне старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца. Ён праінфармаваў прысутных аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебшчыны. Адной з найбольш актуальных праблем для вобласці названы дыспарытэт коштаў і заробкаў з прыгранічнымі раёнамі Расійскай Федэрацыі, наступствам якога з’яўляюцца адток кадраў і вываз тавараў. Спыніць негатыўныя тэндэнцыі можна і трэба. Суб’екты гаспадарання ўсіх формаў уласнасці абавязаны прадметна і паўсядзённа займацца эканамічна абгрунтаваным павелічэннем заработнай платы і забяспечыць рост даходаў насельніцтва.
Затым удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з вопытам арганізацыі жыццезабеспячэння жыхароў аграгарадка Камень і іншых населеных пунктаў Каменскага сельсавета, канкрэтнымі напрацоўкамі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Каменьаграсэрвіс». КУП аказвае паслугі вяскоўцам у апрацоўцы агародаў, нарыхтоўцы дроў, зборы малака з падвор’яў і г.д. Аграгарадок камфортны для пражывання вяскоўцаў.
— Стварэнне КУПа — настойлівае патрабаванне часу, — распавёў старшыня сельвыканкама Мікалай Сініцын. — Насельніцтва на вачах старэе, мае патрэбу ў паўсядзённай дапамозе. “Каменьаграсэрвіс” стаў надзейным іх партнёрам. Шырокі спектр запатрабаваных паслуг аблягчае будзённую працу вяскоўцаў у апрацоўцы агародаў, сенакашэнні, дастаўцы паліва…
З дапамогай школьнікаў летась сабралі 30 тон яблыкаў у пакінутых садах. Вучні атрымалі грошы не толькі на кішэнныя расходы, але і на набыццё тавараў школьнага асартыменту.
Надзейнымі памочнікамі сталі для мясцовай улады старэйшыны, якія не толькі сігналізуюць аб тых ці іншых праблемах мясцовага маштабу, але і падстаўляюць плячо для іх вырашэння.
Сілы мехатрада скіраваны не толькі на мясцовы сельсавет, але і на два суседнія. Прыярытэтны сацыяльна арыентаваны напрамак дзейнасці зарыентаваны не на атрыманне максімальнага прыбытку, а на аказанне максімуму паслуг па прымальных коштах.
На асфальтаванай пляцоўцы ля будынка сельвыканкама госці агледзелі тэхніку і прычапныя прылады, якія мае прадпрыемства. Побач размясціўся сучасны аўтамагазін райспажыўсаюза з шырокім асартыментам прадуктаў харчавання. Спецыялісты спажывецкай кааперацыі дакладна абмалявалі сістэму гандлёвага абслугоўвання вяскоўцаў, закупу лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва.
Цікавасць у гасцей выклікала і наведванне аддзялення часовага пражывання адзінокіх састарэлых людзей “Святліца”, урачэбнай амбулаторыі, сельскага Дома культуры і бібліятэкі-музея нашага знакамітага земляка Тодара Кляшторнага.
Чарговай на маршруце была вёска Бароўка. Шмат бараўчан сабралася на ўрачысты мітынг з нагоды адкрыцця рэканструяванага будынка, дзе размясціўся мясцовы сельвыканкам. Урачыстасць моманту арганічна дапаўнялі акорды дзіцячага духавога аркестра, гулкі пошчак барабанаў ва ўмелых руках юных барабаншчыц. Група будаўнікоў, якія вызначыліся пры рэканструкцыі будынка колішняй “пельменнай”, узнагароджана Ганаровымі граматамі адпаведных органаў улады, якія ўручылі старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, старшыня Бароўскага сельвыканкама Вольга Пятрова.
Ганаровай місіі перарэзаць традыцыйную чырвоную стужачку былі ўдастоены Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян (на здымку).
Моцна ўразіла ўдзельнікаў пасяджэння і дзейнасць камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Бароўка”. Абслугоўваюць камунальнікі не толькі аднайменны населены пункт, але і Заслонава, Межыцу, шэраг навакольных вёсак. І на традыцыйных паслугах кропку не ставяць. Творчы пошук становіцца візітнай карткай прадпрыемства, якім кіруе Уладзімір Аксяновіч. Адкрываюцца новыя вытворчасці, наладжаны выпуск паліўных пілетаў, на спецыяльнай устаноўцы выпрацоўваецца электраэнергія для ўнутраных і іншых патрэб. Інтарэсы выйшлі і ў бліжэйшае замежжа, экспартуецца шэраг паслуг у горад Санкт-Пецярбург.
Гасцінна сустрэлі высокіх гасцей супрацоўнікі і выхаванцы дзіцячага рэспубліканскага аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Яны шчыра падарылі ім песні і вершаваныя радкі прывітання. Госці, дарэчы, прыбылі не з пустымі рукамі, падарылі рабятам шыкоўныя наборы смачных ласункаў і марожанага.
Напрыканцы мерапрыемства адбылося імправізаванае інтэрв’ю Анатоля Рубінава прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі.
“Уражанні самыя найлепшыя, — падкрэсліў Старшыня Савета Рэспублікі. — …Мне вельмі спадабалася, калі старшыня Бароўскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Пятрова сказала, што нарэшце збылася яе мара. Гэта значыць, чалавек не проста разглядае сваю пасаду як цяжкія абавязкі, а працуе дзеля таго, каб яе мары і мары ўсіх жыхароў Бароўкі збываліся. І гэта характэрна практычна для ўсіх кіраўнікоў у раёне. Яны працуюць з душой…”
Па словах Анатоля Рубінава, каштоўны лепельскі вопыт неабходна дэталёва вывучыць і распаўсюдзіць у іншых рэгіёнах нашай краіны.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.