Гісторыя аднаго фотаздымка

111Выпадкова напаткаў у сямейным архіве фотаздымак, зроблены ў канцы 30-х гадоў дваццатага стагоддзя. Цётка Марыя, родная сястра майго бацькі, калі яго ўбачыла, адразу ўсклікнула: “Дык гэта ж браты!” І патлумачыла, што на фотаздымку адлюстраваны родныя і стрыечныя браты, і прытым усе яны былі актыўнымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Толькі адны з іх ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у шэрагах партызан, а другія былі франтавікамі.


Для пераправеркі, удакладнення даных, атрыманых ад цёткі Марыі, звярнуўся за дапамогай да цяперашніх старажылаў вёскі Аношкі Аляксея Гарбачова і цёткі Ніны — дачкі майго сваяка Фядоса Гарбачова. Акрамя таго, паказаў фотаздымак і яшчэ аднаму мясцоваму жыхару Аляксандру Гарбачову — унуку партызана-разведчыка брыгады імя Сталіна Аксянцея Максімавіча Гарбачова.
Такім чынам удалося прыйсці да высновы, што на фотаздымку (злева направа) сядзяць Міна Пшонка, родныя браты Казімір і Франц Андрыеўскія, а стаяць Іван Іванавіч Гарбачоў, родныя браты Сілівей Максімавіч Гарбачоў і Аксянцей Максімавіч Гарбачоў. Яны сфатаграфаваліся, хутчэй за ўсё, тады, калі ўсе разам на фурманках, гужавым транспарце ў нядзелю паехалі ў Лепель на рынак, каб прадаць на ім пэўныя прадукты харчавання асабістых сялянскіх гаспадарак ці дары лесу (грыбы, ягады) або вырабы ўласнай падсобнай вытворчасці (напрыклад, той жа Сілівей Гарбачоў быў выдатным бондарам, умела рабіў розных памераў бочкі, якія ў яго атрымліваліся настолькі трывалыя, што яшчэ і зараз выкарыстоўваюцца некаторымі мясцовымі жыхарамі) і купіць для сябе тое, што ім было патрэбна. Магчыма, штосьці з адзення, верхняй вопраткі. Марыя Гарбачова, родная сястра Івана Гарбачова, неяк успамінала, што незадоўга перад тым, як яе брат у 1940 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную армію, набыў сабе новы касцюм. Ім настолькі даражыў, што наказаў старанна захоўваць яго да свайго вяртання з ваеннай службы, нікому не даваць нават часова апранаць і насіць.
На жаль, Іван Гарбачоў не вярнуўся з вайны. Апошнія яго пісьмы з фронту датаваны 1942 годам. Паколькі наш родны край тады знаходзіўся пад часовай нямецка-фашысцкай акупацыяй, яны былі пасланы з тэрыторыі Украіны на чыгуначную станцыю Яя Новасібірскай вобласці, дзе ў той час жыла родная сястра яго маці Пелагея Крыцкая (дзявочае прозвішча — Вершалоўская). Афіцыйнае ж паведамленне, якое паступіла родным наконт лёсу Івана Гарбачова, сцвярджае, што ён прапаў без вестак у ходзе жорсткіх баёў з гітлераўцамі. Таму перачытваючы сусветна вядомую аповесць Васіля Быкава “Альпійская балада”, якую пісьменнік напісаў на падставе рэальных фактаў, у тым месцы, дзе італьянка піша пісьмо ў Беларусь да родных свайго каханага Івана “ў вёску Цярэшкі, што знаходзіцца паблізу двух блакітных азёр” Оч і Безадэннае, міжволі зноў і зноў прыходзіш да высновы, што прататыпам Івана (галоўнага героя гэтага сусветна вядомага твора) мог быць менавіта Іван Іванавіч Гарбачоў.
Як жа склаўся лёс іншых, вельмі блізкіх па паходжанні людзей, адлюстраваных на фотаздымку? Вярнуліся дадому з франтоў Вялікай Айчыннай вайны толькі Міна Пшонка і Франц Андрыеўскі. А вось Аксянцей Гарбачоў, які змагаўся з гітлераўцамі ў якасці партызана-разведчыка брыгады імя Сталіна, загінуў у чэрвені 1944 года — зусім незадоўга перад вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прапаў без вестак 5 мая 1944 года ў час жорсткага бою з гітлераўцамі партызан чацвёртага атрада брыгады імя Сталіна Казімір Андрыеўскі, аб гэтым сцвярджае асобны запіс у кнізе “Памяць. Лепельскі раён”. Франтавіком быў Сілівей Гарбачоў. Ужо ў самым канцы вайны ён быў цяжка паранены і памёр у шпіталі ў красавіку 1945 года. Пахаваны на могілках у асобнай магіле зусім непадалёк ад Рыгі. Да развалу СССР родныя і блізкія Сілівея Максімавіча неаднаразова па запрашэнні латышскіх мясцовых уладаў і грамадскасці ў Дзень Перамогі ездзілі на месца яго апошняга спачыну, каб ушанаваць светлую памяць дарагога чалавека, патрыёта Айчыны.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: у канцы 30-х гадоў дваццатага стагоддзя, калі быў зроблены гэты фотаздымак, ніхто з гэтых людзей яшчэ не ведаў, што ўсім ім у гады Вялікай Айчыннай вайны давядзецца са зброяй у руках абараняць свабоду і незалежнасць Радзімы.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.