Далёкае-блізкае

На першы погляд звычайны здымак захоўвае ў сямейным архіве жыхарка Аношак Надзея Іванаўна Жэльнерэне. Але гэта толькі на першы погляд. Унікальнасць здымка не ў тым, што ён быў зроблены напрыканцы 1930-х гадоў. Здымкаў той пары яшчэ багата ў людзей старэйшага пакалення. Унікальнасць гэтай фотакарткі ў тым, што на ёй адлюстраваны ўраджэнцы некалькіх суседніх вёсак — Аношак, Сталюг і Замошша. Зусім яшчэ маладыя мужчыны, некаторым няма і дваццаці гадоў.

Бесклапотна, весела ўзіраюцца яны ў аб’ектыў фотаапарата. І нават не здагадваюцца, што праз год-другі ім прыйдзецца ўзяцца за зброю — пачнецца самая жудасная і кровапралітная Вялікая Айчынная вайна. Большасць з гэтых мужчын назаўсёды знікне ў яе ненажэрным молаху. А гэтая фотакартка — адзіны, бадай, напамін аб іх, ды яшчэ некалькі радкоў у кнізе “Памяць” у спісе ахвяр вайны.

У першым радзе злева — Уладзімір Гарбачоў, ураджэнец Аношак, 1921 года нараджэння. Быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі ў пачатку 1940 г. Служыў у Нясвіжы, там і застала яго вайна. Прапаў без вестак у 1944 годзе. Поруч з Уладзімірам — аднавясковец  Яўген з такім жа прозвішчам. Прызваны ў войска ў 1939 годзе. Прапаў без вестак у верасні 1941 года. Таксама прапаў без вестак у верасні 1944-га і дваццацісямігадовы ўраджэнец Сталюг Якаў Стэльмах.

Недалёка ад Брэста ў першыя дні вайны ўдзельнічаў у баях сувязіст Мікалай Гарбачоў. У адной з сутычак з немцамі быў кантужаны і трапіў у палон. У 1945 годзе ён будзе вызвалены амерыканцамі. Вернецца ў Аношкі, будзе працаваць у мясцовым магазіне. Вярнуліся жывымі з вайны Міна Пшонка з Замошша і Франц Андрыеўскі з Аношак.

Нядоўга пабыў дома Іван Прускі — бацька Надзеі Жэльнерэне. У красавіку 1940 года ён вярнуўся з савецка-фінляндскай вайны, а праз некалькі месяцаў зноў прыйшлося апранаць ваенную гімнасцёрку. Разам з родным братам Нічыпарам 23 чэрвеня 1941 года пакінуў родныя Аношкі. Дома засталася чакаць жонка з трыма малымі дзецьмі. Самай маленькай, Валюшцы, не было яшчэ і года. Толькі ў 1944 годзе Іванава сям’я даведаецца, што ён памёр ад ран у Маскве ў лютым 1942 года.

Для Надзеі Іванаўны гэты фотаздымак ды пахавальны ліст — самае дарагое, што засталося на памяць аб бацьку. Можа яшчэ хто-небудзь, пабачыўшы ў газеце старое фота, успомніць свайго блізкага чалавека і падзеліцца ўспамінамі.

Валерый ТУХТА.

 На здымку: злева направа ў першым радзе Уладзімір Гарбачоў, Яўген Гарбачоў, другі рад злева направа Якаў Стэльмах, Мікалай Гарбачоў, Міна Пшонка, Франц Андрыеўскі, Іван Прускі.

Фота з сямейнага архіва Надзеі ЖЭЛЬНЕРЭНЕ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.