Дарожная бяспека

Колаў меней — небяспекі болей

Выглянула сонейка, пацяплела. Разам з цяплом і сонцам на дарогі масава вяртаюцца матацыклісты, кіроўцы мапедаў, скутараў і веласіпедаў. У большасці выпадкаў гэта маладыя людзі, якія за зімовую пару падзабылі навыкі ваджэння. З іншага боку, аўтамабілісты забыліся пра матацыклістаў, якія могуць нечакана ўзнікнуць пры перастраенні ці выкананні іншага манеўра на дарозе. З пачатку года на ўлік у МРЭА пастаўлены 15 матацыклаў. Самы стары з іх — “Ява-350”, 1984 года выпуску, самыя новыя — тры матацыклы “Мінск”, 2011 года выпуску.

Пастаўлены на ўлік і пяць хуткасных матацыклаў, якія на трасе здольныя развіць да 200 кіламетраў за гадзіну: два “Судзукі” і тры “Хонды”. З этых пяці два матацыклы зарэгістравалі жыхары Чашніцкага раёна, тры — Лепельшчыны.

 Аднак звернем увагу на іншы аспект руху на двухколавых транспартных сродках — траўманебяспечнасць. 85% ДТЗ са смяротнымі зыходамі адбываюцца па віне або з удзелам матацыклістаў. Траўмы, пераломы — частыя спадарожнікі нават невялікіх інцыдэнтаў на дарозе.

“Вучэбны аўтамабіль!”

 З першага па чацвёртага красавіка 30 вадзіцеляў атрымалі вадзіцельскія пасведчанні ў МРЭА ДАІ. Адкінем ад гэтай лічбы тых, хто проста заменьваў правы ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння, хто аднаўляў дакументы пасля адбывання тэрміну пазбаўлення за правапарушэнні — такіх прыблізна палова. Атрымліваецца, што каля 15 новых кіроўцаў у першы тыдзень красавіка выехалі на вуліцы і трасы горада і раёна.

 Чым жа небяспечныя такія вадзіцелі? Найперш — недахопам вопыту, няўменнем рэагаваць на імгненныя змены дарожнай абстаноўкі. І як вынік — аварыя, даволі часта — са смяротным зыходам. З 20 па 30 красавіка праводзіцца сумесная прафілактычная дэкада “Вучэбны аўтамабіль!”, у ходзе якой супрацоўнікі ДАІ разам з работнікамі УП “Белтэхагляд” і транспартнай інспекцыі правядуць шэраг рэйдаў.

Аляксандр ТРУСАЎ,

начальнік АДАІ РАУС, капітан міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.