Дары шчодрай восені

Паўсюдна разлятаюцца бадзёрыя музычныя акорды, узнімаюць настрой добра вядомыя песні, не сціхаюць жарты і смех. Увайшоўшы ва ўпрыгожаны двор Цэнтра дзіцячай творчасці, адразу апынулася ў святочным віры. Паўсюдна раскінуліся багатыя гандлёвыя рады з садаві¬най, агароднінай, духмянымі пірагамі, разнастайнымі смачнымі стравамі.
Школьны восеньскі кірмаш стаў традыцыйным, і кожны год мерапрыемства становіцца яркай і незабыўнай падзеяй.

Госці з задавальненнем набываюць багаты ўраджай, а юныя гаспадары радуюць усіх сваім артыстызмам і сцэнічным майстэрствам.
— Не праходзьце міма, набывайце ў нас капусту, кабачок. Ёсць у нас і бурачок, і морква, і яблыкі, і духмяны вінаград, — шчодра прапануюць сваю прадукцыю вучні сярэдняй школы №4.
Шмат садавіны і агародніны прапаноўвалася пакупнікам на гандлёвых вітрынах гімназіі імя І. Ерашова. Свежая агародніна, кулінарныя вырабы пакупнікі набывалі па прымальных цэнах. Бойка ішоў гандаль ля багатых вітрын Чэрскай базавай школы-сада, дзе прадаваліся яблыкі печаныя, кабачкі, зерне, бульба, буракі, цыбуля, часнок, фасоля…
— Не хадзіце нікуды,
Падыходзьце ўсе сюды!
Вось тавары добрыя,
Што заўгодна для душы!
Такімі вершаванымі радкамі ад душы запрашалі да сябе гасцей вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3. Ля багатых гандлёвых вітрын размясціліся арыгінальныя самаробкі з восеньскіх пладоў. Морква ператварылася ў сімпатычнага чалавечка, кабачок — у вожыка, патысон — у маленькую прыгажуню з капялюшыкам, капусны лісток стаў парусам, яблык — божай кароўкай, ажылі таксама бульба, цыбуля, гарбуз, агурок і іншыя плады.
Побач быў наладжаны гандаль. Пакупнікі ахвотна набывалі бульбу, моркву, фасолю, патысоны і кабачкі і г. д.
Пакатацца на “Ураджайнай каруселі” запрасілі гасцей вучні Старалядненскай сярэдняй школы. Акрамя свежай агародніны, госці з задавальненнем частаваліся кампотам з вішань, свежаспечанымі булачкамі, варанай кукурузай. А колькі смачных страў прапаноўвалася на багатай гандлёвай вітрыне Поўсвіжскай сярэдняй школы! Акрамя садавіны і агародніны, тут прадаваліся клубніцы, піражкі з павідлам, бульбай, ледзянцы на палачцы, пячэнне з варэннем, пончыкі і іншыя кулінарныя вырабы.
Ад душы сустракалі гасцей таксама вучні сярэдняй школы №1, Каменскай, Старалепельскай, Стайскай, Заслонаўскай, Слабадской і Горскай сярэдніх школ.
Нікога з гасцей не пакінула раўнадушным выстава самых вялікіх пладоў, арганізаваная непадалёк. Госці прыйшлі ў захапленне, убачыўшы гарбузы-веліканы Каменскай і Слабадской сярэдніх школ. Гарбуз Старалядненскай СШ узважыў 28, а сярэдняй школы №1 — 38 кілаграмаў. Кабачок, прадстаўлены Чэрскім дзіцячым садам, узважыў 5,6 кілаграма. Тут жа былі размешчаны вялікія бурак, бульба і іншыя плады.
А як шыкоўна выглядалі арыгінальныя кампазіцыі з кветак, садавіны і агародніны, вырабленыя юнымі майстрамі школ! Так, вучні Поўсвіжскай сярэдняй школы зрабілі прыгожую карэту для Папялушкі, вучні Каменскай СШ з агародніны вырабілі прыгожую “Паненку-сялянку”. Арыгінальныя кампазіцыі зрабілі таксама вучні гімназіі імя І. Ерашова, сярэдніх школ №1, №3, 4, Старалепельскай базавай школы і г. д. Побач выхаванцамі студыі “ЭкаАрт” пад кіраўніцтвам Марыны Русланаўны Арцеевай была падрыхтавана непаўторная выстава арыгінальных упрыгажэнняў, сувеніраў з бісеру, прыроднага матэрыялу. Сярод вучняў школ нямала не толькі выдатных гаспадароў, а і цудоўных артыстаў. Пацвярджэннем стаў конкурс мастацкай самадзейнасці. Юныя творцы сярэдніх школ №1 і №3 захапілі гледачоў яркай інсцэніроўкай, рускі народны танец “На лавачцы” цудоўна выканалі вучні Стайскай сярэдняй школы, артысты Поўсвіжскай СШ паказалі абрад “Багач”, прысвечаны школьнаму кірмашу. Атрымалася яркае і непаўторнае суквецце запамінальных выступленняў, цудоўных спеваў і танцаў.
І вось наступае хвалюючы момант падвядзення вынікаў кірмашу. Удзельнікі ацэньваліся ў некалькіх намінацыях. У конкурсе “Ураджай у нас добры” на лепшае афармленне кірмашовай палаткі першае месца раздзялілі Поўсвіжская сярэдняя школа-сад і СШ №1. Другое месца заняла сярэдняя школа №3, а трэцяе — Старалепельская базавая школа. У конкурсе “Дары восені” на лепшую кампазіцыю з садавіны і агародніны першае месца прысу¬джана Поўсвіжскай сярэдняй школе-саду, другое — Старалядненскай СШ, а трэцяе — Старалепельскай базавай школе. Былі вызначаны таксама і пераможцы бонусу-конкурсу “Агародніна-велікан”. Лідэрам у ім стала Слабадская сярэдняя школа, якая прадставіла на выставе гарбуз агульнай вагой 49 кілаграмаў, шасцікілаграмовыя кабачок, капусту, а агульная вага агародніны, падрыхтаванай да выставы школай, дасягнула 66 кілаграмаў. Другое месца ў гэтым конкурсе занялі вучні сярэдняй школы №4, якія прадставілі на выставу агародніну агульнай вагой 64,5 кілаграма, у тым ліку гарбуз — 53 кг. Трэцяе месца ў конкурсе прысуджана вучням сярэдняй школы №1, якія вынеслі на суд гледачоў плады агульнай вагой 62 кілаграмы.
Удзельнікі ж конкурсу мастацкай самадзейнасці ацэньваліся ў трох намінацыях: “Песня”, “Танец” і “Інсцэніроўка”. У намінацыі “Песня” раздзялілі першае месца вучні гімназіі імя І. Ерашова і сярэдняй школы №3, Бароўскай і Заслонаўскай СШ, другое месца занялі вучні Слабадской і Горскай сярэдніх школ, а трэцяе — вучні СШ №4.
У намінацыі “Танец” першае месца занялі вучні Стайскай сярэдняй школы. Пераможцамі ў намінацыі “Інсцэніроўка” сталі вучні Поўсвіжскай сярэдняй школы, другое месца занялі вучні СШ №1 і трэцяе месца раздзялілі паміж сабой вучні Старалядненскай і Каменскай сярэдніх школ.
Шматлікія пакупнікі яшчэ доўга не пакідалі кірмаш, госці ажыўлена дзяліліся сваімі прыемнымі ўражаннямі, ад душы віншавалі юных гаспадароў і іх настаўнікаў. Свята ўдалося на славу. Яно было падобнае на восень — шчодрую, прыгожую і непаўторную.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: бойка ідзе гандаль.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.