Даследуюць мінуўшчыну

Даследніцкі праект юных следапытаў СШ №1 атрымаў першае месца на конкурсе навукова-даследчых работ вучняў Віцебскай вобласці. Гутарым з кіраў­ніком пошукавага гуртка настаўніцай гісторыі Людмілай Стрыжонак.

— Людміла Канстанцінаўна, у чым сутнасць вашага даследавання? Як пачыналася праца над ім?

— Наш гурток існуе ўжо тры гады. Сёлета ў ім займаюцца вучні дзявятага “В” класа. Знаходзім тэму і развіваем яе. Вось, напрыклад, год таму назад прыступілі да даследавання жыццёвага шляху і по­дзвігу ўдзельніка Першай сусветнай вайны, поўнага Георгіеўскага кавалера Дамініка Вікенцьевіча Канопкі.

 — Тэма даволі нетрадыцыйная, ды і падзеі першай сусветнай вайны не так проста ўжо ўзнавіць. Што стала штуршком да пачатку даследавання?

 — Гэта была ініцыятыва ідэалагічнага аддзела райвыканкама, у які звярнуліся ўнукі Георгіеўскага кавалера. Школа падхапіла ініцыятыву.

 — І як далей праходзіла праца?

 — Спачатку мы рыхтавалі сцэнарый адкрыцця мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Дамінік Канопка. Затым увесну бралі ўдзел у цырымоніі адкрыцця. Было назапашана шмат матэрыялу аб падзеях першай сусветнай вайны.

 — Прайшло так шмат часу, і ўжо няма жывых сведкаў тых падзей. Дзе шукалі звесткі?

 — У інтэрнэце, наведаліся ў краязнаўчы музей, дзе ёсць фатаграфіі не толькі Дамініка Канопкі, але і іншых асоб, узнагароджаных Георгіеўскім крыжам. Затым пайшлі да ўнука Георгіеўскага кавалера. У сям’і Аляксандра Рагавенкі нас цёпла, па-сяброўску прынялі, завязалася цікавая і плённая гутарка, да якой неўзабаве падключыўся і другі ўнук Дамініка Вікенцьевіча Аляксандр Канопка. Мы зрабілі аўдыёзапіс расказа Аляксандра Рагавенкі пра свайго знакамітага дзеда. Вырашылі правесці больш грунтоўнае даследаванне і напісаць даследчыцкую працу, якую ў выні­ку высока ацанілі на абласным узроўні людзі кампетэнтныя. У камісіі былі выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

 — Раскажыце падрабязней, што ўяўляе сабою даследаванне?

 — Яно складаецца з чатырох раздзелаў. Першы — матывацыя (чаму пры­ступілі да працы), а таксама мэты і задачы. Другі раздзел — Першая сусветная вайна і гісторыя Георгіеўскага крыжа. У трэцім непасрэдна даследуецца біяграфія і прыводзіцца апісанне по­дзвіга Дамініка Вікенцьевіча Канопкі. Чацвёрты раздзел займаюць вывады, зробленыя вучнямі ў ходзе працы над даследаваннем.

 — Якія новыя цікавыя факты вам удалося знайсці пад час падрыхтоўкі работы?

 — Цікава, што акрамя Дамініка Канопкі ўдалося ўстанавіць яшчэ дзве асобы, ураджэнцаў Лепельшчыны, якія таксама з’яўляюцца поў­нымі Георгіеўскімі кавалерамі. Гэта Аляксей і Сідар Казачонкі з вёскі Звонь Лепельскага павета. Цяпер вёска належыць суседняму Ушацкаму раёну.

 — Праца зроблена і належным чынам ацэнена. Над чым збіраецеся працаваць далей?

 — Будзем шукаць новую тэму, балазе матэрыялу хапае. У нас ёсць музей гісторыі школы, дзе сабраны цікавыя матэрыялы па шматлікіх раздзелах: даваенная школа, матэрыялы пра Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, імя якога было прысвоена нашай школе, школа сямідзясятых гадоў, звесткі пра воіна-інтэрнацыяналіста, выпускніка нашай школы Ігара Нападоўскага, які загінуў на вайне ў Афганістане, раздзелы, прысвечаныя ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, заслужаным настаўнікам БССР і РБ і г. д. У гуртку шмат актыўных даследчыкаў — Ілья Фацюшэнкаў, Іван Сцепанец, Аня Мацеша, Мікіта Павец, Ягор Васкаўцаў і іншыя. Так што бу­дзем працягваць даследаванні.

 Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.