Даходы і расходы

Як толькі вобразна ні называюць бюджэт. Часцей за ўсё сінонімы носяць пазітыўны характар. Па вялікаму рахунку, сапраўды ключавой скарбонкай рэгіёна з’яўляецца бюджэт. Адсюль сілкуецца сацыяльная сфера і не толькі яна. Некаторыя кіраўнікі спадзяюцца на гэтую крыніцу, як на нейкі чароўны бяздонны мех. І памыляюцца. Скарбонка сама па сабе не напаўняецца. Напаўняльнасць яе ў дадзеным выпадку залежыць ад кожнага суб’екта гаспадарання, кожнага грамадзяніна, які плаціць падаткі ў казну. Будзем у пару і поўнасцю разлічвацца з бюджэтам — будзем заможна жыць, спакойна, без залішніх узрушэнняў існаваць…

Дарэчы, у бюджэт за першае паўгоддзе паступіла 133367,3 млн руб., у тым ліку ўласных даходаў — 66884,6 млн. Прырост паступленняў да адпаведнага ўзроўню 2012 года — 14,6 працэнта.
Галоўная крыніца паступленняў — падаходны падатак — 29956,5 млн рублёў. Павышэнне ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць дазволіла дадаткова прыцягнуць 2625,8 млн рублёў. Ад размяшчэння грашовых сродкаў на дэпазітных рахунках атрымана 267,5 млн рублёў.
Асобна скажам пра падатак на дабаўленую вартасць. Сумарнае заданне па гэтаму паказчыку рэалізавана на 110,4 працэнта. Лічба выклікае пэўны аптымізм. Аднак станоўчыя тэндэнцыі маглі быць больш уражлівыя. Не ўсе суб’екты гаспадарання выканалі заданне. У іх шэрагах — ДБУ №34 адкрытага акцыянернага таварыства «Дарожна-будаўнічы трэст №1, г. Віцебск» (на 19,2 млн руб.), камунальнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Лепельскае ПМС» (на 502,3 млн), адкрытае акцыянернае таварыства «Лепельскае АТП-14» (на 84,5 млн) і іншыя.
Сельскагаспадарчымі прад-прыемствамі не забяспечана выкананне графіка пагашэння запазычанасці па бюджэтных ссудах і пазыках. Падлягаюць пагашэнню 862,0 млн руб., вернута 427,1 млн. Найбольш нізкі працэнт выканання графіка склаўся па КУВСГП “Баброва”, ААТ “Ладасна” і “Чарэйшчына”, сялянскай фермерскай гаспадарцы “ВалБік”.
Расходная частка бюджэту выканана ў суме 135985,9 млн руб., што складае 47,3 працэнта гадавых прызначэнняў. Значны рост коштаў на энерганосьбіты, расходаў на заробак абумовілі адставанне тэмпаў росту даходаў ад росту выдаткаў. У складанай эканамічнай сітуацыі дапускаюцца крэдыторская запазычанасць, невыкананне асобнымі арганізацыямі заданняў па прыцягненню пазабюджэтных сродкаў.
З мэтай стабільнага функцыянавання фінансавай сістэмы сфарміраваны дадатковы рэзервны фонд у суме 2684,1 млн рублёў.
Дадаткова атрыманыя сродкі ад продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць і заключэнне дамоў арэнды — 614 млн руб. — накіраваны на капітальны рамонт фельчарска-акушэрскага пунта ў Старым Лепелі, дзяржаўную рэгістрацыю зямельных участкаў для правядзення аўкцыёнаў, будаўніцтва водаправода ў горадзе.
Выдаткі на медыкаменты дасягнулі 2919,3 млн руб. — узровень мінулага года перавышаны такім чынам у 1,9 разу.
У раёне актыўна працягвалася добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На гэтыя мэты накіравана 3333,5 млн руб. І гэта не канчатковая лічба. Справа ў тым, што з абласнога бюджэту на абуладкаванне горада выдзелена 3500,0 млн. І змены ў гарадскім ландшафце навідавоку. Дастаткова прайсціся па вуліцах з новым асфальтавым пакрыццём, каб адчуць гэтую дадатковую дапамогу.
Ёсць і недахопы. Нізкімі тэмпамі асвойваюцца сродкі на капітальны рамонт СШ №3, давядзенне да ладу ацяпляльных печаў адзінокім грамадзянам.
Ці ўсе суб’екты гаспадарання ашчадна выдаткоўваюць выдзеленыя сродкі? Прама скажам — не ўсе. Правераны чатыры прадпрыемствы і ўстановы па захаванню фінансавай дысцыпліны. Парушэнні выяўлены ва ўсіх чатырох. Незаконныя расходы склалі 119,1 млн руб. Апошнія ўтрыманы ў даход бюджэту. Тры пасадавыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму 1,2 млн руб. Пры гэтым налічана штрафных санкцый 102,2 млн руб., даналічана плацяжоў 12,9 млн.
На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта прыняты канкрэтныя захады па ўхіленню недахопаў, напаўненню галоўнай скарбонкі рэгіёна.
Апрача названых, разгледжаны пытанні работы народнагаспадарчага комплексу ў першым паўгоддзі, работа са зваротамі грамадзян, юрыдычных асоб і іншыя, якія датычаць сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця Лепельшчыны.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.