Даўгунец у стужках

IMG_1789Збіраючы матэрыял пра ўборку льну, заехаў на поле ля Малых Пышнагораў. На ўскрайку стаялі два аўтобусы, а некалькі дзясяткаў падлеткаў станавіліся на радкі. Гэта навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа прыбылі на дапамогу.
Варта зазначыць, што навучэнцы гэтай установы прыйшлі на дапамогу льнаводам задоўга да наступлення восені. Яшчэ летам на церабленні пяцёра хлопцаў працавалі памочнікамі.
— Мы вельмі спадзяёмся на дапамогу раёна, — кажа галоўны аграном ААТ “Лепельлён” Надзея Сяргеева, — бо толькі сваімі сіламі не справімся.


— Наколькі ўдалы сёлета вырашчаны лён?
— Неблагі, аднак крыху горшы за леташні. Патлумачу. Па-першае, як бачыце, пасевы даволі чыстыя, пустазелля амаль няма. Хаця ў льнозавода фінансавае становішча даволі складанае, усё ж пры дапамозе дзяржавы знайшлі магчымасці і апрацавалі палеткі, правялі хімпраполкі. Па вышыні сцяблы выраслі амаль на ўзроўні леташняга. Гэта поле, напрыклад, дасць трасту сярэднім нумарам 0,75. Пры гэтым утрыманне валакна ў сцяблах — на парадак менш чым у мінулым годзе. Тлумачыцца такая сітуацыя анамальна засушлівым летам. У другой палове мая, чэрвені, палове ліпеня выпала зусім мала ападкаў, між тым якраз у гэту пару фарміруецца сцябло. Недахоп вільгаці негатыўным чынам адбіўся на гэтым працэсе.
— Што можаце сказаць канкрэтна пра гэта поле?
— На ім быў пасеяны лён сорту рытм першай рэпрадукцыі. Церабіць яго пачалі яшчэ ў ліпені агрэгатам ТСЛ, кіраваў ім Валерый Семіёненка. Зараз сцяблы вылежаныя, навучэнцы ўчора падымалі іх, ветрам прасушыла. Сёння хлопцы раскладуць лён на зямлю, праедуць прэс-падборшчыкі, скруцяць у рулоны, якія будуць звезены на льнозавод. Спецыфіка працы агрэгата ТСЛ у тым, што ён не абрывае галоўкі, насенне падае на зямлю. Ад ліпеня, бачыце, яно прарасло, узнялася над стужкамі, таму хлопцам-навучэнцам даводзіцца цяжкавата.
— Якія цяжкасці адчуваеце?
— Найперш — складанае фінансавае становішча. Без дапамогі дзяржавы мы, напэўна, не змаглі б нават адсеяцца, не тое што дагледзець пасевы ці выцерабіць. З-за фінансавых цяжкасцей зарплаты ў галіне нізкія, таму шмат работнікаў звольніліся, перавяліся на іншыя прадпрыемствы, засталіся тыя, хто працуе ў многім на энтузіязме. Па-другое, патрэбна абнаўленне сартоў. З году ў год сеем насенне беларускай селекцыі, хаця варта было б прымяняць імпартнае. Яно менш залежыць ад капрызаў надвор’я і разам з тым — больш прадукцыйнае, дае большы выхад валакна. Яшчэ адна цяжкасць – аддаленасць палеткаў. У сярэднім трактарысту ад льнозавода да поля трэба ехаць 27 кіламетраў, а гэта – дадатковыя транспартныя расходы.
— На якім этапе сёння ўборка льну?
— З 700 гектараў, якія пасеялі вясной, выцераблены ўсе. З 60 гектараў трасту ўбралі і вывезлі на склады льнозавода. Яе ўжо пачалі перапрацоўваць. Астатак з мінулага года складае каля 200 тон трасты, так што аб’ём працы яшчэ ёсць.
— Якая дапамога патрэбна прадпрыемству, каб своечасова ўбраць лён?
— Найперш — трактарыстамі. У нас засталося толькі шэсць механізатараў, аб’ём жа працы амаль не зменшыўся. Можам выставіць шэсць прэс-падборшчыкаў, але гэтага замала. Летась райаграсэрвіс выдзеліў два прэс-падборшчыкі, якія зрабілі шмат. На адным з іх на сваім трактары працаваў механізатар аграсэрвіса Леанід Карбоўскі. Сёлета на ўборцы тыдзень працаваў механізатар Генадзь Кастрыцкі з СВФ “Заазер’е”, убіраў лён на палетках, размешчаных на землях прадпрыемства. Кіраўніцтва “Заазер’я” абяцае дапамагчы ў прасаванні.
І яшчэ вельмі спадзяёмся на дапамогу гараджан, якія б унеслі свой пасільны ўклад ва ўборку паўночнага шоўку.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа на льняным палетку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.