Да юбілеяў класікаў

У Поўсвіжскай сельскай бібліятэцы афармляюць выставу “Дзень добры, кніга беларуская!” з нагоды трох юбілеяў, якія з’яўляюцца знакавымі падзеямі сёлетняга кніжнага года.

Раздзелы выставы гавораць самі за сябе. Два з іх — “З Купалам у сэрцы жывём” і “Як песня народа, неўміручы наш Колас”, прысвечаныя 130-годдзю класікаў беларускай літаратуры. Трэці — з нагоды стагадовага юбілея народнага паэта Максіма Танка — называецца “Паэзія — як хлеб надзённы”.

Плануецца таксама шэраг мерапрыемстваў у межах святкавання азначаных юбілеяў. 

Талент непаўторны

Рыхтуюцца адзначыць юбілеі беларускіх песняроў і ў Баброве. У мясцовай бібліятэцы ў ліпені збяруцца чытачы, каб акрэсліць творчы партрэт Янкі Купалы, пачытаць яго вершы, паспяваць песні. Пройдзе вечарына пад назваю “Назаўсёды застаўся з народам”. Літаратурнай гадзінай “Я сэрцам пісаў сваю родную песню” ў верасні тут ушануюць памяць пра Максіма Танка. А ў лістападзе адбудзецца выстава-прысвячэнне другому песняру — Якубу Коласу — “Талент шчодры, непаўторны”.

Скарбонка пачуцця

Год кнігі азначаны ў Баброўскай бібліятэцы не аднымі прысвячэннямі волатам беларускай літаратуры. Тут сабрана шмат іншага цікавага матэрыялу. Напрыклад, у маі спаўняецца 65 гадоў беларускай пісьменніцы Раісе Баравіковай, якая піша пераважна кнігі для дзяцей. Некалькі яе новых кніг паступілі ўжо ў бібліятэку. На літаратурнай гадзіне “Мая душа — скарбонка пачуцця” юныя чытачы зноў перагорнуць старонкі любімых кніг пісьменніцы, пазнаёмяцца з яе творчай біяграфіяй. Гэтым часам у бібліятэцы разгорнута тэматычная паліца рускай пісьменніцы Валянціны Асеевай “Чарующая сила таланта” да 110-годдзя з дня яе нараджэння.

Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.