Дзе набыць камбікорм

У рэдакцыю патэлефанавала лепяльчанка Вера Пятроўна з наступным пытаннем:
— Жыву ў горадзе, трымаю ў гаспадарцы курэй. Камбікорм для іх набываю на базары. Са з’яўленнем у Беларусі афрыканскай чумы свіней камбікорм на базары знік з продажу. Між тым ён вельмі важны ў рацыёне птушкі, без яго куры не так інтэнсіўна нясуцца, яечная шкарлупіна не такая трывалая. У публікацыі “Небяспечны вірус”, змешчанай у №53 за другога ліпеня, адзначалася, што філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (камбікормавы завод) праз сістэму крамаў райспажыўтаварыства павінен забяспечыць рэалізацыю камбікармоў насельніцтву.

Звярнулася ў некалькі гарадскіх крамаў — усюды адказалі, што кам-бікармоў няма. Падкажыце, што рабіць.

Гэта пытанне адрасавалі спецыялісту філіяла “Каапгандаль” Лепельскага раённага спажывецкага таварыства (РСТ) Жанне Квіцінскай.
— На складзе РСТ маем дзве тоны камбікармоў, з іх 1700 кг — свіны, астатняе — курыны. Акрамя гэтага, некалькі соцень кілаграмаў тавару знаходзяцца непасрэдна ў крамах, найбольш у вясковых. Гараджане не так інтэнсіўна куплялі камбікармы праз нашы крамы, часцей звярталіся на базар. Хаця сёння, напрыклад, гэты тавар ёсць у крамах у мікрараёнах сель-гастэхнікі і меліярацыі.
Нядаўна нас абавязалі прадаваць насельніцтву толькі камбікармы вытворчасці філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Пакуль што сістэма слаба адпрацаваная, магчымы перабоі ў пастаўках непасрэдна ў крамы. Прапануем гараджанам звяртацца да прадаўцоў, загадчыкаў крамаў. Яны вашы просьбы ўключаць у заяўкі, і ў бліжэйшы час камбікармы будуць дастаўлены. Цэны будуць залежаць ад гатунку. Так, камбікармы свіныя эканом-класа каштуюць каля 1900 рублёў за кг. Аднак ёсць і кармы да 3550 рублёў. Курыны камбікорм будзе каштаваць каля 6500 рублёў за кілаграм.
С.БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.