Для дойнага статка

На ферме “Курмялёўка” акцыянернага таварыства “Ладасна” ўтрымліваецца 250 кароў і 250 цялят. Механізацыя належная. Дояцца каровы ў малакаправод. Ахалоджваецца малако ў сучасным халадзільным абсталяванні. Аднак даенне на фермах “Камень” і “Кабак” не механізаванае — кароў дояць у бітоны. Праводзіць мантаж малакаправодаў няма сэнсу, бо ў Камені ўтрымліваецца 80, а ў Кабаку — 130 кароў.
Нарэшце сёлета вырашылі рэканструяваць ферму “Курмялёўка”.

Сэнс перабудовы ў тым, што каменскі і кабацкі дойныя статкі згрупуюць у курмялёўскім цялятніку, а цялят перавядуць у Камень і Кабак. У новаўтвораным кароўніку зманціруюць малакаправод, сучаснае халадзільнае абсталяванне, створаць належныя ўмовы працы для жывёлаводаў.
Рэканструкцыя — гэта не рамонт. Пры апошнім аб’ект дзесьці аднаўляецца, дзесьці паднаўляецца. Рэканструкцыя ж уключае ў сябе поўную, месцамі частковую перабудову, пасля чаго мяняецца не толькі знешні выгляд, але і прызначэнне аб’екта.
Завяршаецца распрацоўка праекта на падставе заключэння спецыялістаў. Экспертыза старога малочнага блока (калісьці там стаялі каровы) паказала, што ён непрыгодны да эксплуатацыі, а таму належыць зносу і ўзвядзенню з нуля. Неабходна цалкам памяняць дах, і калі ўжо брацца за гэта, то зрабіць яго з полікарбанату, які прапускае дзённае святло ў памяшканне.
Вентыляцыя будзе наладжана па новай схеме. Цалкам заменяцца металічныя канструкцыі, вокны, сістэма гноевыдалення.
Спецыяльна ездзілі на ферму “Звязда” сельгасфіліяла “Заазер’е”, каб паглядзець, як дзейнічаюць дзверы ралетнага тыпу. Канструкцыю ўпадабалі, аднак у сябе прымяніць пабаяліся. Вырашылі, што чэшская прадукцыя не разлічана на суровыя беларускія зімы. Будуць ставіць дзверы металічныя двухстворкавыя.
Кармавыя сталы падрыхтавалі загадзя.
На ферме няма належнага памяшкання для абслуговага персаналу. Гэта хіба будзе выпраўлена. Прадугледжана размяшчэнне ў злучальнай галерэі бытоўкі, душавой, лабараторыі, кабінетаў загадчыка, ветурача, асемянатара з ацяпленнем ад кацельні.
Рэканструкцыі належыць і вонкавая тэрыторыя. Заменяць агароджу вакол фермы. Заасфальтуюць. Выгульныя двары забетануюць і абнясуць металічнай агароджай.
Рэканструкцыя будзе праходзіць у час пашавага ўтрымання жывёлы. Работы збіраюцца выконваць гаспадарчым спосабам і з дапамогай шэфаў з ПМК-75 і малога прадпрыемства “Будаўнік”. Створаць сваю будаўнічую брыгаду. Магчыма, заключаць дагавор з заезджымі будаўнікамі.
Ц. ЭСЕНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.