Дровы на дзялянках

Пры нарыхтоўцы дзелавой драўніны назапашваецца пэўная колькасць драўніны несартавой — дроў. Звычайна гараджане і вяскоўцы займаюцца нарыхтоўкай і вывазам дроў у канцы лета і восенню. За зімовыя месяцы на дзялянках Заазерскага лясніцтва назбіралася больш за 200 кубаметраў. Як сказаў ляснічы Канстанцін Пекар, грамадзянам трэба толькі загадзя патурбавацца пра транспарт для вывазу выпісаных дроў.
Падсыпка вясковых вуліц 
“З бягучай зімы падсыпка найбольш праблемных участкаў дарог у вёсках павінна стаць звычайнай практыкай, — зазначыў начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка КУВП “Бароўка” Віктар Голубеў.

— На балансе прадпрыемства — 128 кіламетраў вуліц і дарог. Мы іх перыядычна аб’язджаем, асаблівую ўвагу звяртаем на пад’ёмы, спускі, крутыя павароты. Праезную частку і тратуары пасыпаем сумессю пяску і жвіру, соль не выкарыстоўваем прынцыпова па меркаваннях абароны экалогіі.”
На татамі
Паспяхова выступілі выхаванцы Лепельскай СДЮШАР “‘Асілак” на першынстве Віцебскай вобласці па дзюдо ў Оршы. У вагавой катэгорыі да 55 кілаграмаў перамог Яўген Міхно, а трэцяе месца заняў Ігар Міснік. Рэальна прэтэндаваў на атрыманне прызавога месца ў вагавой катэгорыі да 50 кілаграмаў і лепяльчанін Дзмітрый Грук, аднак у рашаючай сустрэчы ён, на жаль, усяго за 15 секунд да заканчэння паядынка “прапусціў” кідок ад свайго саперніка, таму на гэты раз застаўся без узнагароды.
Удала змагаліся на татамі і нашы дзяўчаты. Кацярына Камоцкая заваявала другое месца ў вагавой катэгорыі да 50 кілаграмаў, а Кацярына Сяміоненка стала трэцяй у вагавой катэгорьіі да 70 кілаграмаў.
Па выніках першынства ў зборную каманду вобласці ўключаны Яўген Міхно, які будзе абараняць спартыўны гонар Прыдзвінскага краю на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Мінску.
“Гарачая лінія”
Органамі ўнутраных спраў на транспарце на пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі.
Калі вам што-небудзь вядома аб фактах захоўвання, незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, спірту, спіртаўтрымліваючай вадкасці, самагону і самагоннай брагі, а таксама аб асобах, якія займаюцца іх незаконнай вытворчасцю, просім паведаміць гэту інфармацыю па тэлефоне “гарачай лініі” Упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь 8-017-225-13-41. Ананімнасць гарантавана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.