Дух аптымізму

У 1864 годзе гандляр рыбаю Барыс Тамкоўскі пабудаваў хату на ўзбярэжжы рэчкі Ульянкі, зарабіўшы грошы на сваім няхітрым промысле. Цікавая версія паходжання прозвішча Тамкоўскі. Нібыта чалавек запытаўся ў свайго гаспадара, дзе яму жыць? “Тамака і жыві!”— адказаў гаспадар.
Дом быў пабудаваны для сына Аляксея, у якога была вялікая сям’я. Адзін з сыноў Аляксея Сяргей перад вайной працаваў на лодачнай станцыі. У яго было дзве дачкі —

Валянціна і Марыя, якая неўзабаве выйшла замуж за Фёдара Бурцава.
Фёдар, перш чым трапіць на фронт, вучыўся на танкіста ў Барысаве. У дзеючай арміі, у баях пад Будапештам, ён быў цяжка паранены: гарэў у танку, у які трапіў снарад. Пасля доўгага лячэння ў шпіталях вярнуўся дадому ў званні старшага лейтэнанта і са шматлікімі ўзнагародамі.
Пасля вайны ён быў напачатку дырэктарам Дома культуры ў Лепелі, а затым стаў выкладаць чарчэнне і маляванне ў педвучылішчы. Захапленні гэтага чалавека, які фактычна прыйшоў з вайны інвалідам, але не растаўся з духам аптымізму, былі разнастайныя. Ён іграў на гітары і духавых інструментах, маляваў. Асабліва слаўна выходзілі ў яго пейзажы. Карціны свае Фёдар Львовіч практычна не прадаваў, а велікадушна дарыў. Так і разыходзіліся яны па сваяках і знаёмых, асядалі ў прыватных калекцыях лепяльчан.
Жонкаю Фёдара Бурцава, як мы ўжо казалі, стала Марыя Тамкоўская. Пажаніліся, калі яму было дваццаць гадоў, а ёй — на год меней. Марыя Сяргееўна і Фёдар Львовіч актыўна займаліся грамадскай працаю. Марыя — адна з першага выпуску беларускай школы ў Лепелі, працавала машыністкай у райкаме партыі, Фёдар узначальваў адну з пярвічных арганізацый КПСС. Яны вырасцілі двух сыноў — Эдзіка і Лёню. Эдзік закончыў з сярэбраным медалём СШ №1, а затым Мінскі політэхнічны інстытут імя Сталіна. Зараз жыве ў Маскве. Вучоны, аўтар шэрага навуковых прац па нанатэхналогіях, публікуецца ў розных навуковых часопісах. У Леаніда адукацыя лінгвістычная. Вучыўся ў Мінскім дзяржаўным інстытуце замежных моў. Выкладае ў Гомельскім універсітэце. Унукі Бурцавых таксама маюць вышэйшую адукацыю.
Карціны лепельскага мастака Фёдара Бурцава светлыя і добрыя, якім быў і сам Фёдар Львовіч. Ён свята верыў у ідэалы дабра. Пра такіх людзей кажуць: з Богам у душы жыве. Нездарма ж на адным з яго мастацкіх твораў адлюстраваны напаўразбураны Сабор, які месціўся непадалёк ад лепельскага “пятачка”. А пра міласэрнасць і чалавечнасць Фёдара Бурцава сведчыць хаця б той факт, што ён фактычна замяніў бацьку сваёй маленькай пляменніцы, калі яе тата загінуў на вайне. Памяць пра такіх светлых людзей таксама светлая і трывушчая.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Фёдар Львовіч і Марыя Сяргееўна Бурцавы з сынамі Леанідам і Эдуардам (здымак зроблены 19.03.1967 г.).
Фота з сямейнага архіва К. Бяляевай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.