Жарсцвянікі

Сустрэў мяне знаёмы ўраджэнец Жарсцвянікаў і прэтэнзіі ад імя сваіх землякоў прад’явіў: ехаў збіраць інфармацыю пра захалусную Глыбочыцу праз Жарсцвянікі, а ў гэту больш цывілізаваную вёску не зазірнуў. Хм. Заўвагу прыняў да сведчання і адразу ж накіраваўся ў Жарсцвянікі. Балазе да іх першай хаты ад прымыкання гарадской вуліцы Чуйкова да Мінскай шашы ўсяго 1,3 кіламетра.


Вёска пачынаецца карпусамі дрэваапрацоўчага прадпрыемства Паўла Фядзьковіча. Адразу праз праезд стаіць хата 75-гадовай Зінаіды Пшонкі.
— Не парушае спакой вытворчасць?
— Наадварот, жыць дапамагае. Павел час ад часу абрэзкаў для печы падкідвае.
Зінаіда — лепяльчанка. У вайну згарэў гарадскі дом. Бацькі пераехалі ў Глыбочыцу, якая тады называлася Грашоўкамі. Праз два гады пасля вызвалення купілі хату ў Падымхах і перавезлі ў Жарсцвянікі (тады Ендуны). Як падрасла, выйшла замуж за аднавяскоўца Віктара. Ён у аўтабазе шафёрыў, яна повару дапамагала ў дзіцячым садку, што насупраць музея. Самым нешчаслівым у жыцці стаў 2002 год — забраў ён Віктара на той свет. Дачка Надзя працуе намеснікам галоўнага бухгалтара ў бальніцы. Сын Саша шафёрыць у аддзяленні дэпартамента “Ахова”.
— У вас такі двор утульны: мурава, кветкі паўз агароджу…
— Дзеці з унукамі кожны выхадны наведваюцца. То дні нараджэння, то святы якія адзначаюць на двары, а то проста пасля лазні.
* * *
…Праз дарогу з сабакам забаўлялася 74-гадовая Вольга Дзівін. Для яе самым нялюбым стаў 1986 год. Тады машына зарэзала ехаўшага на ровары яе Мікалая, з якім жылі з 1959 года. З-за яго памяняла родны Стары Лепель на Ендуны.
— І навошта было мяняць назву вёскі? — не разумее Вольга. — Замуж выйшла ў Ендуны, а ўжо потым перайменавалі ў Жарсцвянікі. Думаюць, што прыгажэй зрабілі. Ды наадварот усё атрымалася — гісторыю пашкодзілі. Як і ў выпадку з Глыбочыцай. Грашоўкі — першая назва вёскі. А Глыбочыца — блізкае возера.
Прыемна было размаўляць з ёй, слухаць пра нялёгкае жыццё-быццё. У 1968 годзе пачалі ўласную хату ставіць. А якія тады грошы былі ў калгаснікаў. Дык яе, каб неяк дапамагчы з заробкам, начальства звеннявой прызначыла. А на пенсію з даярак пайшла.
Дачка Люда, настаўніца гарадской школы, з мужам Колем часова пераехалі з цеснай кватэры ў інтэрнаце рамзавода ў Жарсцвянікі, каб маці даглядаць — нямоглай стала пасля аперацыі. Сын Пеця ў Ленінградзе на звыштэрміновую службу застаўся, цяпер электрыкам працуе. Марыць пабудаваць сабе дыхтоўную дачу на бацькоўскім пляцы, каб на пенсіі перасяліцца ў родную вёску. Ужо зямлю выкупіў.
— Весела разам вам тады будзе.
— Не дажыву я да таго часу…
І Вольга хваліць Паўла Фядзьковіча:
— Свята вёскі Лепельскі сельсавет арганізаваў, а ён матэрыяльна яго забяспечыў — скрыню гарэлкі купіў, прадуктаў усялякіх… Праўда, раней часцей абрэзкаў падкідваў, а пасля пабудовы “Гасцінага двара” стаў іх там у качагарцы спальваць.
* * *
— Чый жа конь іржэ там жвавы, горда шыю апусціўшы? — звесіўшыся цераз брамку, пытаю ў гаспадара.
— Не грызе Малыш мой цуглі, бо накормлены даволі, — у тон пытанню адказвае мужчынскі голас, і з-за хлява выходзіць мужчына, падае руку.
Генадзю Семянько 47 гадоў. Працуе на “Амкадоры” ў ЖКГ “Лепель”. Жыве ў Лепелі па вуліцы Будзённага. Гэта бацькоўская хата.
— А хто каня даглядае?
— У пяць гадзін устаю, бягу на аўтобус, прыязджаю ў Жарсцвянікі, навязваю каня, паспяваю чаю папіць ды бягу на той жа аўтобус, які з Заслонава вяртаецца. Здараецца, што толькі хвост яго ўбачу. Тады пехатой у горад іду. Дробязь гэта — тры кіламетры да ЖКГ. Гэты экстрым часовы — матор “Форду” мяняю.
— Ці варта ўвогуле каня трымаць?
— А як жа без зямлі жыць, глядзець, як бацькоўскія палеткі бур’яном зарастаюць? 60 сотак у мяне, сястра стрыечная побач дачу мае. Людзі каня бяруць. Я не шкадую, няхай на здароўе карыстаюцца.
— Што сёння робіш на сваёй сядзібе-дачы?
— Хацеў рамонтам “Форда” заняцца, але вецер з рук усё вырывае, дык моркву з буракамі выбраў.
— Няўжо сям’ю вялікую маеш, што такую значную гаспадарку трымаеш?
— Лішняй прадукцыі з падворка не бывае. А сям’я звычайная — жонка Галя ў “Блюзе” барменам працуе, дачка Дыяна шасцімесячную Зарыну даглядае, Віка ў сельскагаспадарчым каледжы на бухгалтара вучыцца.
— За Жарсцвянікамі вялікая сажалка ёсць. Прыроднае паходжанне мае, ці ўсё ж штучная яна?
— Да вайны там торф калгаснікі здабывалі, потым радовішча вада запоўніла.
— Глыбокая?
— Па пояс будзе, але на дно не станеш, — мяккі пласт торфу невядома якой таўшчыні. Вудзім карасёў. Купацца зручна ў блізкай Глыбочыцы. Гэта я “Амкадорам” зрэзаў берагавую кручу. Купальшчыкі ўдзячныя, бо пляж утварыўся.
* * *
Толькі перайшоў вуліцу, як зноў убачыў толькі што распрэжанага каня і двух мужчын ля яго — бацьку і сына Азарэвічаў. Адказваў 29-гадовы сын Мікалай — ён тут гаспадар. А 60-гадовага бацьку, таксама Мікалая, узяў да сябе, бо сумна яму аднаму было ў родных Заслаўках. І сам у 2002 годзе пераехаў у жарсцвяніцкую хату дзеда — усё ж у 10 разоў бліжэй да горада. Працуе лесніком у Заазерскім лясніцтве.
— Не далекавата на працу дабірацца?
Аказваецца, у Мікалая-малодшага з жонкай Вольгай, дочкамі Лерай і Алінай кватэра ў Лепелі ёсць, але ён больш вольнага часу ў Жарсцвяніках бавіць. Агарод мае, для таго і кабылу Зорку трымае, а ёй на змену — шасцімесячную Лыску. Спецыяльна вывеў малую кабылку са стайні, каб пахваліцца яе прыгажосцю. Сапраўды, любата.
* * *
У садзе мужчыну згледзеў — бензапілой спілоўваў яблыні. Дакладней, адпілоўваў непатрэбныя сукі са старых яблынь — 44-гадовы Валерый. Жыве ў Горках, працуе дальнабойнікам у літоўскай Клайпедзе. У час рэйсу дахаты заскочыў. Маці вырашыў дапамагчы.
— Чаму з маладых яблынь познія яблыкі не здымаеце? Людзі знялі ўжо…
— Здымаюць тады, калі плады ападаць пачынаюць, — патлумачыў Валерый. — А ападаюць такой парой з яблынь, вырашчаных з саджанцаў. А нашы — прышчэпленыя да дзічак, таму доўга яблыкі на дрэвах трымаюцца. Нават сённяшні моцны вецер іх не строс.
* * *
На вулічнай лаўцы сядзелі дзве жанчыны. Падсеў да іх. Пачаў распытваць. Спачатку насварыліся на мяне, што ў жніўні паехаў у Глыбочыцу, а ў Жарсцвянікі не зазірнуў, потым пачалі прыязную гутарку, нават пахвалілі мяне, што ўмею са старымі стасавацца.
87-гадовая Марыя Ігнатовіч настаўнічала ў Бораўне, дзе даўно ўжо няма школы. Сама з Малога Поўсвіжа. 60 гадоў таму назад выйшла замуж за ендуноўца Рамана. 32 гады мінула пасля яго смерці. Дачка Галя ўжо на пенсіі. Сын Саша — меліяратар. Жывуць у Лепелі. Ліда жыве ў Вялікім Поўсвіжы, а на працу дабіраецца ў кулінарны камбінат. Бабуля яшчэ адужвае трымаць пяць курэй і двух катоў.
72-гадовая Ніна Сільвановіч — з Кордзікаў, якія таксама неабдумана перайменавалі ў Дворышча. Муж Павел з Ендуноў прыйшоў прымакам да Ніны і яе бацькоў.
— Нікому не жадаю зведаць прымацкай долі, — зазначыла Ніна. — Усім мужыкам кажу: не хадзіце ў прымы.
Праз 18 гадоў сумеснага жыцця Сільвановічаў кардзяцкая хата згніла. Купілі яны за 90 рублёў таксама старую ў Глыбочыцы. Потым Ніне, як перадавой даярцы, саўгас “Лепельскі” даў добрую хату ў Жарсцвяніках, а глыбочыцкую прадалі пад дачу. Пасля Сільвановічы выкупілі саўгасную маёмасць у прыватную ўласнасць.
Нагаравалася Ніна за жыццё. 18 гадоў 16 кароў спачатку ўручную, затым даільнымі апаратамі даіла. Двух гадоў стажу даяркі не хапіла, каб на пенсію пайсці з 50-ці гадоў, а кароўнік у Жарсцвяніках ліквідавалі. Давялося яшчэ пяць год у Вялікі Поўсвіж ездзіць на возе ды пехатой хадзіць цялят адкормліваць, што ў ільготны стаж не залічвалася. Ад той хадзьбы цяпер ногі баляць, а ад даення — рукі. Няма здароўя, боязна, каб што не здарылася, бо хуткую дапамогу выклікаць не зможа — з 19 мая стаіць на чарзе тэлефон правесці, а сувязісты да гэтага часу не спяшаюцца, толькі абяцаюць. Вось і зноў паабяцалі, што хутка хату тэлефанізуюць. Але Ніна ўжо не верыць, што калі-небудзь гэта здзейсніцца.
Дзеці далёка. Іван жыве ў Старым Лядне, Тамара —ва Ушачах, Саша — на Алтаі.
* * *
Зазірнуў у двор да Кацярыны Ігнатовіч, аднак на дзвярах сяней вісеў замок. На баравенскім ускрайку Жарсцвянікаў паставіў дыхтоўны дом хтосьці з яе дзяцей — ці то сын Дзіма, ці то дачка Валя. Не распытваў, бо думаў наведаць іх, аднак і там дома нікога не было.
Вось і ўсе жыхары Жарсцвянікаў. Дарэчы, у 1997 годзе ў іх на 24 падворках жылі 48 вяскоўцаў, а ў 1906 годзе Ендуны налічвалі 15 двароў і 95 жыхароў. Дзіўным здалося, што ў Жарсцвяніках практычна няма дач. Паўтара ж кіламетра ад горада! Азёры Глыбочыца і Бораўна — за дарогай, вялізная сажалка на аселіцы. А гараджане ціснуцца ў перанаселеныя Глыбочыцу і садовыя таварыствы за ёй.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ,
краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.