Жыллёва-камунальнае абслугоўванне

Дэталёваму разгляду шэрага актуальных пытанняў было прысвечана чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Першае пытанне было прысвечана выкананню дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні грамадзян у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна.
Усебакова асвяцілі гэту тэму ў сваіх выступленнях начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Пшонка і начальнік аддзела эканомікі Святлана Палячэнка.


Аб сацыяльных стандартах
У сваім выступленні Мікалай Пшонка адзначыў, што дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты прымяняюцца для задавальнення асноўных патрэб грамадзян у матэрыяльным забеспячэнні, паслугах і г.д. Нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 года “Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. У апошні час у сістэму дзяржаўных сацыяльных стандартаў унесены змяненні і дапаўненні па пашырэнні нарматываў сацыяльных стандартаў.
Укараненне сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў знаходзіцца на пастаянным кантролі райвыканкама. Штогод гэта пытанне разглядалася на пасяджэннях раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама.
У цяперашні час у цэлым па Лепельскім раёне дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі выконваюцца ў поўным аб’ёме. З мэтай іх падтрымання і ўдасканалення суб’ектамі гаспадарання праведзена адпаведная работа па ўсіх накірунках.
Жыць —
камфортна
Высокі ўзровень жыцця і матэрыяльны дабрабыт насельніцтва непасрэдна звязаны з сістэмай жыллёва-камунальнага абслугоўвання насельніцтва. Вынікі работы менавіта гэтай сферы максімальна набліжаны да чалавека. Для гэтага ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі зацверджана дзесяць сацыяльных стандартаў. Норма забеспячэння вадой грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах, абсталяваных цэнтралізаваным водазабеспячэннем і каналізацыяй, складае не менш за 140 літраў за суткі на аднаго чалавека, у тым ліку не менш за 90 літраў за суткі — на гарачае водазабеспячэнне.
Фактычнае выкананне па жылых дамах, якія абслугоўваюцца прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, складае 232 і 116 літраў адпаведна. У разрэзе прадпрыемстваў паказчыкі наступныя: ЛКУВП ЖКГ “Лепель” — 250 і 90 літраў за суткі, па жылых дамах, якія абслугоўваюцца КУВП “Бароўка”, — адпаведна 215 і 107,5 літра за суткі. 55,8 працэнта сельскага насельніцтва, якое пражывае ў аграгарадках, забяспечана сістэмай цэнтралізаванага водазабеспячэння пры нарматыве 50 працэнтаў. Выконваюцца таксама ўстаноўленыя нормы па забеспячэнні вадой грамадзян, якія карыстаюцца вадой з водаразборных калонак (не менш за 35 літраў за суткі на аднаго чалавека).
У перыяд ацяпляльнага сезона тэмпература ў жылых памяшканнях не павінна быць ніжэй за 18 градусаў. Гэты нарматыў вытрымліваецца, але нярэдка паступае нямала неабгрунтаваных скаргаў.
Выконваецца сацыяльны стандарт і па графіку падачы гарачай вады. Па нарматыве гарачая вада ў жылы фонд падаецца штодзённа пры тэмпературы не менш за 50 градусаў. Разам з тым трэба адзначыць, што сістэма падачы вады ў прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі звязана з сістэмай ацяплення. Таму ў перыяд пачатку і заканчэння ацяпляльнага перыяду па буднях тэмпература гарачай вады можа быць некалькі ніжэй нарматыву. У той жа час гэта не выключае камфортнага прыняцця душа або ванны.
Наяўнасць памывачных месцаў у лазнях добраўпарадкаванага жыллёвага фонду складае тры месцы на адну тысячу чалавек, у нядобраўпарадкаваным жыллёвым фондзе — пяць месцаў на адну тысячу, што таксама адпавядае ўстаноўленаму нарматыву. У кожным аграгарадку працуюць грамадскія лазні.
Рамонт і наладка
З мэтай забеспячэння вышэйназваных сацыяльных стандартаў толькі ў бягучым годзе адрамантавана 50 водаразборных калонак, праведзены рамонт і замена трыццаці адзінак запорнай арматуры, рамонт і наладка 25 адзінак рэгулятараў цеплыні. На гэтыя мэты прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна накіравана 150 мільёнаў рублёў.
76 катлоў у раёне пераведзены на мясцовыя віды паліва. У бягучым годзе пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона адрамантавана 120 катлоў, заменена больш за чатыры кіламетры цеплатрас на суму больш за тры мільярды рублёў.
Пры нарматыве 80 працэнтаў удзельная вага асветленых вуліц у цэлым па раёне складае 84,7 працэнта. Лепельскім раёнам электрычных сетак за пяць месяцаў бягучага года на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт вулічнага асвятлення затрачана 3,6 мільёна рублёў.
Па стане на першага лістапада бягучага года ўдзельная вага вуліц з удасканаленым пакрыццём даведзена па раёне да 66 працэнтаў пры нарматыве 60. Пры гэтым па сельскіх населеных пунктах ён складае 89 працэнтаў, а па Лепелі ўдзельная вага вуліц з удасканаленым пакрыццём складае 54,4 працэнта. Пры працягласці дарог горада 83,2 кіламетра ўдасканаленае пакрыццё маюць 46,8 кіламетра дарог. Для выканання сацыяльнага стандарту па горадзе неабходна заасафальтаваць каля пяці кіламетраў вуліц.
Збор і вываз цвёрдых камунальных адходаў з тэрыторыі населеных пунктаў раёна праводзіцца згодна з графікам, зацверджаным тэрытарыяльнай праграмай абароту цвёрдых камунальных адходаў.
Насельніцтва забяспечваецца ў неабходных аб’ёмах электраэнергіяй і газам.
У час пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні, па кожным з якіх прынята адпаведнае рашэнне.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.