“Жытніца” — ад слова жыта

“Жытніца” — прадпрыемства па выпуску хлебапякарнага соладу. Шмат гадоў Яўген Броўкін адпрацаваў на Лепельскім хлебазаводзе, прайшоў шлях ад рабочага да дырэктара, дасканала вывучыў тэхналогію хлебапячэння. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак вырашыў не парываць з любімай справай, а займацца ёю на новым узроўні. У 2002 годзе арганізаваў прыватнае прадпрыемства, якое ўжо дзесяць гадоў займаецца вытворчасцю соладу.


Многія людзі, асабліва маладога пакалення, маюць даволі цмянае ўяўленне аб тым, што такое солад і для чаго ён патрэбен. З рэкламы чуваць пра “самы высакаякасны піўны солад, які выкарыстоўваецца пры вырабе піва”. Аднак гэта, як кажуць, арыя з іншай оперы.

Яўген Ціханавіч распавядае па парадку:
— Солад піўны і хлебапякарны — абсалютна розныя прадукты. Наш робіцца з жыта. Бяром толькі высакаякаснае збожжа, замочваем яго ў вадзе. Праз некаторы час зярняты даюць парасткі. Як толькі яны адрастуць на сантыметр — паўтара, зерне высушваем. У выніку складаных біяхімічных працэсаў у ім утвараюцца натуральныя цукры. Высушаны солад мелем на муку, затарваем у мяхі па 40 кілаграмаў і адпраўляем заказчыкам. Прадукцыю купляюць хлебазаводы Лепеля, Віцебскай вобласці, пяць прадпрыемстваў Мінска, Барысаўскі хлебазавод. Піўны ж солад робіцца з асобых сартоў піваварнага ячменю. Прынцыпова тэхналогія яго вытворчасці ад нашай не адрозніваецца, аднак ячменным не займаемся. Выраб ячменнага соладу сканцэнтраваны непасрэдна на піўзаводах, там працуюць вузкакваліфікаваныя спецыялісты, тэхніка і тэхналогіі завязаны менавіта на піва гадамі. Прабіцца на гэты рынак нам было б вельмі цяжка.
— Класічны рэцэпт хлеба: мука, вада і дражджавая закваска. На якім этапе і ў якой меры дадаецца солад?
— Солад дадаецца не ва ўсе гатункі, часцей — у чарэневыя, элітныя хлябы. Напрыклад, у “Нарачанскі”, “Радзівілаўскі”. На ярлыку абавязкова напісаны пералік складнікаў. Калі там упамянуты солад, то з 90-працэнтнай верагоднасцю можна сцвярджаць што ён з “Жытніцы”. Солад паляпшае якасць хлеба, робіць яго смачнейшым, мякіш менш паддаецца высыханню, не так хутка чарсцвее.
Вытворчыя
сакрэты
— Раскажыце больш падрабязна пра тэхналогію.
— Для вырабу соладу патрабуецца толькі адборнае збожжа з высокай усходжасцю. Прывезенае жыта ачышчаем і прасяваем. Прарошчанае збожжа сушым…
— Прабачце, наколькі разумею, сушка зерня — даволі энергаёмістая аперацыя…
— Прадэманструю на прыкладзе. З поля на зерняток паступае збожжа з вільготнасцю 30 — 35%, на сушылках з яго выпарваюць лішнюю вільгаць да паказчыка 18 — 20%. У нас жа першапачатковая вільготнасць даходзіць да 40 — 50%, а канчатковую трэба атрымаць 9 — 10. Іначай солад проста не змелецца, дрэнна будзе захоўвацца. Самі бачыце, які аб’ём вадкасці трэба выпарыць.
Мы зманціравалі на прадпрыемстве ацяпляльныя сістэмы ўласнай канструкцыі, палім драўніну. Маем дамовы з сельсаветамі на разборы струхнелых безгаспадарчых пабудоў. Разбіраем іх і прывозім самі. Пралічваем магчымасці, рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю для падключэння да газавых камунікацый.
— Але ж газ будзе каштаваць даражэй за дровы…
— Не пагаджуся. Газ правёў аднойчы і ўсё. Толькі адкрывай кран па меры патрэбы. З дрывамі ж — мноства дадатковых расходаў, якія, на першы погляд, не ўлічваюцца.
Жыта лепельскае і не толькі
— Адлюструем дзейнасць вашага прадпрыемства ў лічбах. Колькі збожжа за год перапрацоўваеце?
— За мінулы год рэалізавалі крыху больш за тысячу тон прадукцыі, хаця магутнасці прадпрыемства дазваляюць без напружання вырабляць паўтары тысячы тон. У цяперашні час “Жытніца” выпускае адзін від прадукцыі — солад жытнёвы неферментаваны. У перспектыве ж асвоім выпуск соладу элітнага, ферментаванага, так званага чырвонага. З асваеннем гэтай тэхналогіі лёгка можам выйсці на дзве тысячы тон у год.
— Чаму ж не выйшлі дагэтуль? Наколькі ведаю, адна з асноўных цяжкасцяў, з якой сутыкаюцца прадпрымальнікі, — збыт прадукцыі.
— Якраз са збытам праблем ніякіх няма. “Жытніца” мае настолькі добрую рэпутацыю, што яе прадукцыю бяруць ахвотна, што называецца, з рукамі адрываюць і ў Віцебскай вобласці, і ў Мінску. Цяжкасць у іншым — у нарыхтоўцы сыравіны. У 2002 годзе, калі мы толькі пачыналі, пасевы жыта на Лепельшчыне, ды і ва ўсёй Віцебскай вобласці, былі даволі абшырныя. А вось у апошнія гады яны істотна скараціліся, саступіўшы месца пшаніцы, трыцікале, ячменю. Павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы падштурхнула да пашырэння пасеваў пад гэтыя культуры за кошт жыта, якое ў нашых прыродна-кліматычных умовах выдатна вырошчвалася і давала неблагія ўраджаі. Мы гатовы плаціць высокую цану сельгасвытворцам. Летась збожжа па дзяржзаказе аплачвалася па 400 тысяч рублёў за тону, “Жытніца” ж закупляла да 1650 тысяч. І нават па гэтай высокай цане жыта знайсці цяжкавата. Напрыклад, нядаўна праз сістэму “Мінскхлебпрама” нам па гэтай цане прадалі каля 500 тон жыта ў Слуцку. Да кошту сыравіны дадайце яшчэ транспартныя расходы.
— Якое ж выйсце?
— Вырашэнне сітуацыі мне бачыцца ў наданні “Жытніцы” статуса афіцыйнага нарыхтоўшчыка збожжа. З атрыманнем яго мы б маглі афіцыйна загадзя размяшчаць заказы на жыта, нават авансаваць іх. На гэтыя грошы сельгасвытворцы маглі б набываць тукі, сродкі аховы раслін, запчасткі. Нам было б нашмат выгадней прывозіць жыта з тых жа самых “Ладасна”, “Чарэйшчыны”, “Лядна”, “Лепельскага”, чым ганяць транспарт у Слуцк, Стоўбцы ці Дуброўна. Пры падтрымцы райсельгасхарчу мы звярнуліся ў розныя інстанцыі, чакаем адказаў.
Перспектывы
— Якія перспектывы ў “Жытніцы”?
— Пры вырашэнні апошняга пытання — самыя выдатныя. Рынак Беларусі даволі ёмісты. Акрамя гэтага, ёсць заказы з Расіі. Аднак пакуль што апошнія задаволіць не можам, не хапае жыта самім. Трэба хутчэй разгортваць, нарошчваць вытворчасць, бо экспарт — гэта валютныя паступленні. Чым хутчэй выйдзем на расійскі рынак, тым лепей, бо ў апошнія гады даволі значныя капіталаўкладанні пайшлі ў расійскую сельскую гаспадарку і перапрацоўчую прамысловасць. Можам упусціць час і магчымасці.
Вытворчыя магутнасці і кадравы патэнцыял дазваляюць вырашыць усе задачы. Прадпрыемства валодае памяшканнямі агульнай плошчай больш як чатыры тысячы квадратных метраў у Бароўцы. Хапае месца і для вытворчага абсталявання, і для складоў, можам прыняць на захоўванне да тысячы тон жыта.
Людзі працуюць ахвотна, многія па шмат гадоў. Напрыклад, слесар Сяргей Цюнікаў працуе ў “Жытніцы” восем гадоў, больш за год працуе інжынер Уладзімір Старавойтаў. Сярэдні заробак за апошні месяц перавышае 2,5 мільёна рублёў. У нас працуюць 25 чалавек, на лета, на перыяд нарыхтовак, наймаем яшчэ работнікаў, часта школьнікаў старэйшых класаў. У прынцыпе, тэхналагічны працэс не такі і складаны, на многіх працоўных месцах не патрабуецца спецыяльная кваліфікацыя, работніка можна навучыць хутка, за адзін — два дні.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: слесар Сяргей Цюнікаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.