Жыццёвая мудрасць

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЖыць – і дзівіцца. Ну, хіба ж думала Марыя Сцяпанаўна, што некалі дажыве да такога часу, калі будзе з дачкой роднай, якая ў Саратаве, колькі захоча, гаварыць, яшчэ і на экране яе бачыць! Дзіва ды і толькі!
Гэта праўнуку-адзінацца-цікласніку Ігару, які з той скрынкі, што камп’ютарам завецца, не вылазіць — хоць бы што. Ён ведае, што такое манітор, скайп і што значыць быць “онлайн”.

А ў дзевяностагадовай бабулі, чалавека з мінулага стагоддзя, была ў маладосці свая лексіка — жорны і кросны, кудзеля і калыска.
І то жорны — раскоша. Каб было на іх што малоць! У сям’і Падабедаў з Велеўшчыны, мабыць, малоць не надта чаго было. Тры дзяўчыны падрастала — Гелена, Волька і Марыя, яшчэ і хлопчык быў Паўлік, але той шасцігадовым памёр. Жылі б багацей — сярэдняя дачка не кінула б школу, пахадзіўшы толькі чатыры гады. Апрануць дужа не было чаго. Ды Марыя і сама прызнаецца шчыра: не вельмі ляжала ў яе душа да навукі.
А тут — вайна. Што прынесла яна ў Велеўшчыну — добра вядома: пажар прынесла, згарэла ўся чыста вёска — фашысты метадычна палілі кожную хату. Толькі зруб адзін ля балота застаўся, з якога пасля адбудуе новую хату Марыін муж Аляксей. Спалілі вёску, а людзей у Майсееўшчыне ў пуні зачынілі, на голую зямельку паклалі чакаць ды валасы ірваць. Чаму не расстралялі ці не папалілі — пэўным чынам загадка. Была ў той пуні і Марыя, якую разам з іншай моладдзю ўрэшце пагналі ў Лепель — у турму. Сястру Гелену — у Германію, а яе — зноўку ў невядомасць, есці баланду і чакаць невядома чаго. Лёс усміхнуўся: незнаёмы хлопец дапамог з турмы ўцячы.
Жыла нейкі час у далёкіх сваякоў у Лепелі, затым перабралася ў Гадзіўлю, а праз нейкі час — у зямлянку ля роднай вёскі.
Выйшла замуж за аднавяскоўца Аляксея Залатуху. Нарадзілася першае дзіця — Анечка. Дачушцы было года паўтара, калі муж пайшоў на вайну. І засталася Марыя ў цеснай халоднай зямлянцы — з дзіцем на руках. Усё паелі — і шчаўе, і траву. Як выгналі немцаў са Сталюгаў — хадзілі туды збіраць трафейныя транты, якія пасля абменьвалі на ежу. Цяжка — ой, цяжка прыйшлося ў першыя пасляваенныя гады! Калгасныя палеткі радлёўкамі ўскопвалі, па сваіх цягалі самі плужкі, упрэгшыся гужам у доўгую жардзіну.
Дзякуй Богу, Аляксей з вайны вярнуўся, цэлы, не паранены, узяўся за новую хату. Нейкі час гадляваў таварам, адчынілася ў іх хаце невялікая крамка – ад дзяржаўнай. Затым Аляксей пайшоў прадаўцом у магазін, а пасля працаваў брыгадзірам у калгасе.
А дзяцей пасыпалася — як гароху з парванага меха — Лёня, Надзея, Ніна, Валя, Пеця. Гэта цяпер, калі ўжо вялікімі сталі, дзеці — сап-раўдны скарб. То Лёнька з Мінску прыедзе, то Аня з Пецем — з Бешанковіч. У Ніны ж у Слабадзе ўвогуле тры апошнія гады жыве. Радзей старая бачыцца з Валянцінаю, якая ад’ехалася аж у Расію, ды і то во з Саратавам хоць па скайпу пагавораць. І ніколі-ніколі не пабачыцца ўжо з Надзенькай. Памерла яе дачушка.
Цяпер дзеці — скарб, а маленькімі былі вялікім клопатам. І не дасыпала Марыя, і недаядала, і за працу не ведала за якую хапацца. Бо трэба было ўсё паспець – быў свой агарод, карова, свінаматку трымалі. А калгаснае! Гадоў дзесяць, ці мо болей, Марыя даглядала цялят. Астатні ж час шчыравала ў полі – лён ірвала, бульбу капала, а пасля вайны адразу ўгнаенне рукамі сеялі, пра што Марыя Сцяпанаўна неаднойчы расказвала і ўнукам, і праўнукам. І ўсё ў яе атрымлівалася. Навучылася за свой доўгі век бабуля і прасці, і ткаць, і вязала, і вышывала. Прыгожыя, з карункамі выходзілі ў яе і хусткі, і капы. Прыгадвае, як аднойчы ў галодныя гады за свае мастацкія вырабы пуд жыта атрымала. Цяжкая праца, аднак не выбівала яе з жыццёвай каляіны. Марыя заўсёды любіла і ўмела спяваць, і нават выступала на школьнай сцэне — у той час, калі ў школе рабіла прыбіральшчыцай.
Дзеці — скарб, а ўнукі, праўнукі! Тое, дзеля чаго варта жыць. У Марыі Сцяпанаўны Залатухі — дваццаць два ўнукі, праўнукаў аж трыццаць і ўжо дзве прапраўнучкі — Мілана і Лера — папоўнілі яе разлапістае сямейнае дрэва. Вядома, у маладых — свая цікавасць да жыцця і свае інтарэсы, але жыццёвая мудрасць з расповедаў старэнькай прабабулі Марыі нікому не пашкодзіць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Марыя Сцяпанаўна Залатуха адзначыла дзевяностагоддзе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.