Жыццё даецца, каб жыццё тварыць

Гэтыя словы на транспаранце ў чытальнай зале раённай бібліятэкі належаць беларускаму паэту Анатолю Вярцінскаму. Яны і сталі дэвізам сустрэчы яго, а таксама паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна з лепяльчанамі. Сустрэча была прымеркавана да 80-годдзя нашага земляка Анатоля Вярцінскага, які нара­дзіўся ў вёсцы Дзямешкава Баброўскага сельсавета.

 Азёрны край,   легендамі сагрэты,

 Адкрыў жыццё  вялікаму паэту.

 Тут лёс пачаў  наш дарагі і блізкі,

Усім вядомы Анатоль Вярцінскі! — павітала юбіляра лепельская паэтка Святлана Якубоўская.

У вершаванай форме прагучалі вітанні Соф’і Несцярук, васьмікласніка з Пышна Арцёма Хрышчанкі, дзевяцікласніцы СШ №3 Лены Пшонкі, дзевяцікласніка з гімназіі Валодзі Лапёнка. Асаблівае захапленне паэтаў-мэтраў выклікаў трэцякласнік Коля Гутнік з Сушы. Паслухаўшы яго вершы, Леанід Дранько-Майсюк прызнаўся:

— Я ў трэцім класе такія вершы не пісаў…

Повязь пакаленняў паказала выступленне пяцікласніка са Стай Пашы Жарнасека. Яго маці Алена Жарнасек, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, распавяла, як дзевяцікласніцай выконвала ролю ў п’есе Анатоля Вярцінскага “Скажы сваё слова, салдат”, якую стайскія вучні ставілі з нагоды сустрэчы з вядомым паэтам. А цяпер сустракаецца з ім яе сын Паша.

Спецыяльна да сустрэчы напісаў вітальны верш пісьменнік Уладзімір Міхно, даўні знаёмы сталічных паэтаў.

— “…Яркі, самабытны талент паэта дапамагае чытачам глыбей разумець людзей і свет…” — гучала ў вітанні райвыканкама.

Уважліва выслухаў цёплыя словы ў свой адрас Анатоль Вярцінскі. У адказ сказаў:

— Усё было сказана шчыра і правільна. Аднаго не пачуў — аб маёй любові да лепяльчан, асабліва да лепяльчанак. Калі ў жыцці давядзецца яшчэ раз жаніцца, абавязкова жонкай выберу лепяльчанку.

Жарт спадабаўся ўсім. Вядучая Вольга Казакова прапанавала:

— З такой нагоды прачытайце нам верш пра лепяльчанку…

І пра лепяльчанку, і іншыя вершы слухалі з задавальненнем. Пачулі і ўспамін пра тое, як 11-гадовы Толік Вярцінскі вёз партызанскага камбрыга Уладзіміра Лабанка. У 1942 годзе прыйшлі ў Дзямешкава партызаны. Загадалі Іллюку Вярцінскаму падводу запрэгчы, а малому Толіку за лейцы сесці. Прыехалі ў суседняе Залессе. Там на падводу сеў светлавалосы мужчына і сказаў трымаць кірунак у Саснягоўскую пушчу. Толькі ў партызанскім лагеры хлопчык даведаўся, што прывёз легендарнага камбрыга. Назад ехаў адзін, перапоўнены гонарам за геройскі, на яго погляд, учынак.

Леанід Дранько-Майсюк распавёў, як упершыню пазнаёміўся з творчасцю Анатоля Вярцінскага. У 1975 годзе працаваў на заводзе па вырабе нажовак у Давыд-Гарадку, каб напрацаваць два гады стажу для паступлення ў Маскоўскі літаратурны інстытут. Ведаў, што ў мясцовай раённай газеце раней працаваў журналіст Анатоль Вярцінскі. І раптам пачуў, што ў кнігарні прадаюць яго зборнік вершаў і паэм “З’яўленне” па 41 капейцы. Нават не памыўшы рукі, пабег у кнігарню, прамасленымі рукамі ўхапіў кніжку, пакінуўшы на вокладцы мазутны адбітак пальца. Каб спакойна пачытаць запаветныя творы, купіў білет за 10 капеек на дзённы сеанс, прытуліўся да шчыліны ў акне і паўтары гадзіны не мог адарвацца ад старонак, нават не зірнуўшы на экран. Леанід паказаў тыя кніжку з замазучанай вокладкай і блакітны білет, добра вядомы старэйшаму пакаленню. Іх паэт захоўвае як рэліквію, бо зборнік “З’яўленне” стаў для яго арыенцірам на творчасць.

Галоўны рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін выканаў пад гітару песню пра Янку Купалу.

Гасцей з Мінска чакалі і ў Матырынскай школе, можна сказаць: на радзіме Анатоля Вярцінскага, бо Матырына і Дзямешкава падзяляе нейкі кіламетр асфальту.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін слухаюць вершы трэцякласніка-сушанца Колі Гутніка.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.