Жыць у сэрцах вучняў

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПаветра напоўнена пахам свежых восеньскіх кветак, казыча шчокі першы марозец, а дзеці імкліва крочаць у школу. Празвінеў школьны званок — і малышы, і старшакласнікі спяшаюцца на ўрокі. Пачаўся новы навучальны год, а разам з ім — новыя захапленні, яркія ўражанні, цікавыя ідэі… Менавіта гэта пара па-асабліваму хвалюе і напаўняе невыказнай радасцю сэрца Аліны Леанідаўны Корсак, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №3.


Работа з дзецьмі для Аліны Леанідаўны стала не толькі прафесіяй, а і жыццёвым прызваннем. Актыўная, жыццярадасная, бадзёрая, перакананы аптыміст, яна ні на хвіліну не развітваецца са школьнымі справамі. Такой яе ведаюць дзясяткі выпускнікоў і сённяшніх вучняў сярэдняй школы №3. Шматлікія конкурсы, тэматычныя канцэрты, акцыі, святы — у кожнае мерапрыемства, якое праходзіць у школе, педагог укладвае часцінку сэрца.
Аліна Леанідаўна перажывае за кожны момант школьнай лінейкі, гадзіны прысвячае рэпетыцыям мерапрыемстваў, хвалюецца разам з юнымі артыстамі. Шматлікіх выпускнікоў школы добра памятае і на працягу жыцця цікавіцца, як склаўся іх далейшы лёс, радуецца поспехам. Настаўніца ганарыцца тым, што многія яе вучні сталі кандыдатамі навук, работнікамі медыцыны, адукацыі, здольнымі інжынерамі і юрыстамі, эканамістамі і тэхнолагамі, звязалі сваё жыццё з мастацтвам. У свой час у Аліны Леанідаўны атрымалі веды сённяшні намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Аксана Лясун, кандыдат тэхнічных навук Анатоль Хацько, урач-стаматолаг Алена Бабурчанкава, выдатны матэматык Надзея Шайтанава, вопытны юрыст Наталля Касцюковіч… Для многіх выпускнікоў цудоўны педагог стала мудрай дарадчыцай па жыцці.
— Так склалася, што я ніколі не раздзяляла работу ў школе і асабістыя клопаты. Я люблю сваю прафесію. Напэўна, гэта заўсёды дае мне сілы ў пераадоленні ўсіх цяжкасцей.
Хутка і непрыкметна пралятаюць гады. У свабодны ад працы час Аліна Леанідаўна з задавальненнем бярэ ў рукі альбом з фотаздымкамі і ўспамінае сябе юнай школьніцай, у якой ужо ў дзіцячыя гады акружаючыя заўважылі рысы педагога.
…Дзяцінства Аліны прайшло ў вёсцы Жары Ушацкага раёна. Мэтанакіраваная дзяўчынка актыўна ўдзельнічала ў турыстычных злётах, спартыўных спаборніцтвах: хадзіла на лыжах, страляла з пнеўматычнай вінтоўкі. І зараз настаўніца ўспамінае, як ля свайго дома разам збірала вясковую дзетвару, праводзіла ранішнюю зарадку, вясной арганізоўвала паходы ў лес. Дзеці збіралі шышкі, прыгожыя галінкі дрэў, а затым рыхтавалі з іх разнастайныя вырабы. У старэйшых класах Аліну неаднаразова прызначалі камсоргам, важатай. Сваім равеснікам дзяўчына паказвала прыклад не толькі ў вучобе, а і ў мастацкай самадзейнасці — выдатна спявала ў хоры, танцавала.
— Такія якасці, як мэтанакіраванасць і працавітасць, я атрымала ў сваіх бацькоў, — адзначае Аліна Леанідаўна. — Мая маці Тамара Іванаўна была перадавой даяркай, дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, тата быў трактарыстам, працаваў на ферме, вырошчваў цялят. За шматгадовую добрасумленную працу бацькі атрымалі шмат заслужаных узнагарод.
Пасля заканчэння васьмі класаў мясцовай сельскай школы Аліна працягвала вучыцца ва Ушацкай сярэдняй школе. Прымаючы актыўны ўдзел у шматлікіх школьных мерапрыемствах, ужо тады зразумела, наколькі блізкая для яе работа настаўніка.
І хоць у школе Аліна вывучала нямецкую мову, адначасова засвоіла і англійскую. Скончыўшы дзесяць класаў, паспяхова паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў на спецыяльнасць “Англійская мова”. Праз тры гады Аліна стварыла сваю сям’ю і таму перайшла на завочнае навучанне ў Смаленскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “настаўнік англійскай мовы”, які скончыла ў 1985 годзе. Першым месцам работы стала сярэдняя школа ў вёсцы Старынка Ушацкага раёна, дзе настаўніца вучыла дзетак нямецкай мове.
Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі маладую настаўніцу на Лепельшчыну. У 1981 годзе Аліна Леанідаўна ўладкавалася на працу ў школу-інтэрнат, а праз год была запрошана працаваць важатай у сярэднюю школу №3.
Настаўніца з цеплынёй успамінае людзей, якіх лічыць сапраўднымі прафесіяналамі. Дырэктарам сярэдняй школы ў той час была Яўгенія Іванаўна Юнацкевіч, аднадумцамі для Аліны Леанідаўны сталі настаўнікі матэматыкі Ларыса Васільеўна Скавародка, Раман Максімавіч Штэйман, настаўнік геаграфіі Яўген Раманавіч Багдановіч, настаўніца англійскай мовы Вольга Сяргееўна Вялічка, якая пазней стала дырэктарам школы.
— Мы разам з юнымі піянерамі жылі яркімі і насычанымі буднямі, — расказвае настаўніца. — У кожным класе былі актыўныя піянеры. Разам удзельнічалі ў міжшкольных конкурсах, з горнам і барабанам выступалі на партыйных сходах. Сярод маіх актыўных піянераў былі Аксана Лясун, Міша Тарасаў, Вольга Сімака, Наталля Валевіч, Аляксей Марчанка. Многія з іх затым узначальвалі савет дружыны. Па ініцыятыве дружыны праводзілі разнастайныя гульні, арганізоўвалі паходы, пераадольвалі шляхі па компасе. А з якім задорам спявалі ля піянерскага кастра, адзначалі дні нараджэння піянерскай арганізацыі! Вучні пачатковых класаў адказна рыхтаваліся да маршу юных ленінцаў, у выхадныя дні для астатніх вучняў арганізоўвалі пазнавальныя гульні, разам з цэнтрам дзіцячай творчасці праводзілі навагоднія святы.
У 1986 годзе Аліне Леанідаўне прапанавалі выкладаць у школе англійскую мову. Сваіх першых вучняў-дзевяцікласнікаў яна з захапленнем успамінае і цяпер. Сярод іх спецыяліст Лепельскага раёна электрасетак Алег Сакалоў, Святлана Кісіна, Марына Матырка, якія звязалі сваё жыццё з настаўніцтвам, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Дзямко.
Вельмі ганарыцца Аліна Леанідаўна вучнямі, да якіх упершыню прыйшла працаваць класным кіраўніком.
— Свабодны ад вучобы час мы заўсёды праводзілі разам: рыхтавалі яркія конкурсныя выступленні, ездзілі на экскурсіі ў Кіеў. Сярод іх, 25 выпускнікоў 1992 года, было васьмёра залатых і сем сярэбраных медалістаў. Усе яны паступілі ў вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы. Сярод іх эканамісты Вадзім Дзмітрыеў, Дзмітрый Драбышэўскі, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Аўсеенка, прадпрымальнік Аляксандр Марозаў, Андрэй Ставер, які зараз працуе галоўным інжынерам філіяла “Лепельскі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, Ганна Серада, выкладчыца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Святлана Маісеенка, якая скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, настаўніца пачатковых класаў і малявання Аксана Жарнасек… Усе яны для мяне як родныя. З радасцю вітаю іх на вечарах сустрэчы выпускнікоў, даведваюся аб поспехах.
Аліна Леанідаўна ажыўлена расказвае аб шматлікіх школьных мерапрыемствах — і я разумею, што яе творчы запал, працоўная энергія не згасаюць. Па волі лёсу мне таксама пашчасціла вучыцца ў гэтага цудоўнага педагога. Памятаю, з якім хваляваннем яна сачыла за нашымі выступленнямі на канцэртах, расказвала аб сваіх новых ідэях. На ўсё жыццё запомніла і наш выпускны баль. Любімай Аліне Леанідаўне мы прысвяцілі вершы, а яна не хавала слёз…
З таго часу мінула 15 год. Кожны раз, сустракаючыся з любімай настаўніцай, з радасцю перажываю яркія моманты школьнага жыцця, якія застануцца ў памяці назаўсёды.
Імкліва бяжыць час. Сталі дарослымі, знайшлі сваю дарогу ў жыцці і стварылі свае сем’і дзеці Аліны Леанідаўны. Сын Аляксей займаецца прадпрымальніцтвам, дачка Алеся — эканаміст. Унучка Дана сёлета пайшла ў другі клас.
…Празвінеў школьны званок. Адчыняюцца дзверы — і ў кабінет забягаюць юныя пяцікласнікі, якія разам з Алінай Леанідаўнай займаюцца падрыхтоўкай да чарговага конкурсу. Хлопчыкі і дзяўчынкі, перабіваючы адзін аднаго, дзеляцца новымі задумамі. Педагог уважліва слухае вучняў, шчыра ўсміхаецца.
— З надыходзячым святам Вас, любімая настаўніца! — шчыра віншуюць Аліну Леанідаўну дзеці, і гэтыя словы па-асабліваму саграваюць сэрца настаўніцы.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: Аліна Леанідаўна Корсак — педагог па прызванні.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.