Заключныя акорды

Заключныя акорды акцыі па бяспецы дарожнага руху прагучалі на сцэне раённага Дома культуры. Мерапрыемства сабрала вялікую аўдыторыю — вучняў гарадскіх школ, а таксама праблемных падлеткаў з усяго раёна. На сцэне, пад музыку, хораша выступалі рэгуліроўшчыкі ДАІ, моцнымі былі і конкурсныя дзіцячыя нумары. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу пераможцы атрымалі падарункі. Напрыклад, танцорам з СШ №3 было ўручана грашовае ўзнагароджанне на набыццё сцэнічных касцюмаў.

  На акцыі да Дня бяспекі дарожнага руху прысутнічаў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр Аляксандр Найдэнка.

Экскурсія ў бібліятэку

  Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкары, дырэктары школ — усяго сорак адзін чалавек — наведалі Мінск, дзе іх чакала аглядавая экскурсія па горадзе. Пабылі ў Нацыянальнай бібліятэцы, у бібліятэчным музеі рэдкай кнігі, на выставе, прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча.

Вучоба маладых настаўнікаў

  На базе Каменскай СШ адбыўся майстар-клас для маладых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школ. Сваім вопытам падзялілася іх калега Ганна Барадзейка. Прысутныя пабывалі на ўроках, наведалі музей паэта Тодара Кляшторнага.

Нарада школьных музейшчыкаў

  У Пінску прайшоў рэспубліканскі семінар “Даследаванне гісторыка-культурных адметнасцяў краю сродкамі музейнай дзейнасці кіраўнікоў школьных музеяў”, на якім наш раён прадстаўляў настаўнік гісторыі Слабадской СШ і краязнавец Валерый Тухта.

  Удзельнікі нарады заслухалі шэраг дакладаў з прапагандай вопыта работы лепшых кіраўнікоў школьных музеяў, абмянялі­ся ўласнымі набыткамі, наладзілі новыя стасункі і кантакты, зрабілі пазнавальную экскурсію па славутых мясцінах Пінска: наведалі музей Палесся і шэраг школьных музеяў, драмтэатр, Кафедральны касцёл.

  Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.