Залог паспяховай працы

IMG_0657 Хочаце зарабляць пяць мільёнаў рублёў і больш? Тады ўладкоўвайцеся працаваць на малочнатаварную ферму. Прынамсі, на ферме ў Велеўшчыне СВП “Пражэктар” заробкі ў даярак менавіта такія.

 “Адкуль жа грошы?” — зададуць лагічнае пытанне. Адказ: “Са стараннай працы і мадэрнізацыі”. Аб усім па парадку.

 Малочнатаварная ферма “Велеўшчына” ўваходзіць у склад сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “Пражэктар”.

Доўгія гады лічылася адной з горшых у раёне, знахо­дзілася на мяжы закрыцця. Гэта пытанне абмяркоўвалася не адзін раз на розных узроўнях.

 Аднак у такой аддаленай вёсцы, як Велеўшчына, ферма — амаль адзінае месца працы. Закрыць яе — канчаткова падпісаць населенаму пункту прыгавор на выміранне. Таму задача не толькі эканамічная, а і сацыяльная, для вырашэння якой у свой час было прыкладзена шмат намаганняў.

 Прайшоў час, змяніліся рэаліі, намаганні далі багаты плён. На вытворчым аб’екце працуюць 17 чалавек, пад кіраўніцтвам загадчыцы фермы Ларысы Садоўскай жывёлу даглядаюць даяркі, жывёлаводы, слесары.

 Усяго на ферме — 530 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 211 дойных кароў. Валавы надой складае больш за 4650 кілаграмаў за суткі, на карову прыпадае па 22 літры. Таварнасць прадукцыі складае 91 працэнт, сортам экстра здаецца да 76 — 78 працэнтаў.

 З пачатку года на ферме з’явіліся 175 цялятаў, паказчык выхаду дасягнуў 83%.

 Кожны год ферма выходзіць на перадавыя пазіцыі ў абласным спаборніцтве. У верасні 2010 года занялі першае месца. Летась аўтар гэтых радкоў прыязджаў разам са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргеем Марціновічам, каб павіншаваць працоўны калектыў, уручыць дыплом і каштоўныя падарункі. Нагодай стала тое, што ферма заняла другое месца ў вобласці па выніках працы за ліпень.

 Сёлета ў сакавіку калектыў фермы зноў заняў другое месца ў абласным спаборніцтве. За месяц даяркі надаілі 132,7 тоны малака, атрымаўшы прырост прадукцыі на 51 працэнт больш за адпаведны леташні перыяд. Гэтыя паказчыкі і сталі ключавымі пры прысу­джэнні працаўнікам Велеўшчыны прызавога месца.

 Акрамя дыплома працаўнікам уручылі сервіз для кавы, хлебніцу для булачак і пячэння, а ад кіраўніцтва СВП — духмяную каву і насценны гадзіннік.

 Уручэнне адбывалася ў пакоі для адпачынку рэканструяванай фермы. У абнаўленне асноўнага вытворчага фонду летась уклалі не адзін мільярд рублёў, але і вынік атрымаўся — прыемна паглядзець. Высокія брамы і шырокія праходы даюць магчымасць перамяшчацца любой тэхніцы. Амаль усе аперацыі механізаваныя і аўтаматызаваныя. З ручной працы засталіся хіба што выдаленне гною з-пад капытаў кароў, даенне жывёлы, якая нядаўна ацялілася, ды раздача камбікармоў. Жывёла ўся ўкормленая, дагледжаная. А неўзабаве ўсё пагалоўе бу­дзе выпраўлена на зялёную пашу.

 Як ні прыемна было знахо­дзіцца на перадавым вытворчым аб’екце, усе ж убачыў некалькі хібаў. Па-першае, кінулася ў вочы, што ў пакоі для адпачынку з усёй мэблі — толькі стол. Няма на чым пасядзець нават. Па-другое, да канца не завершана добра­ўпарадкаванне прылеглай да фермы тэрыторыі, яна не заасфальтавана.

 — З мэбляй праблем не бачу, — кажа дырэктар СВП “Пражэктар” Станіслаў Раманенка. — У бліжэйшы час для перадавых работнікаў абавязкова закупім і ўстановім новую мэблю, павесім стэнд, дзе будуць змяшчацца дыпломы. А вось з асфальтаваннем двара пытанне праблемнае. Яно каштуе ў разы больш, чым камплект мэблі, мякка скажам. Пажывем — пабачым. Калі будуць у прадпрыемства даходы, свабодныя сродкі, абавязкова дапаможам. Хаця, як вядома, лішніх грошай сёння ні ў каго няма.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Сяргей Марціновіч уручае дыплом.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.