Зарыбіна

Прырода не абдзяліла Зарыбіна. З яго адзінай вуліцы-дарогі позірку паўстаюць адразу два возеры — Люкшына і Хоціна, а калі залезці на дах, то, магчыма, позірк дацягнецца і да Жэжліна, і да Азярца. Лес блізка — Палігон. Суседнія вёскі таксама побач — Вялікае і Малое Жэжліны, Ірынполле, Экімань, Захоціна, Росквіт.
Вялікім Зарыбіна ніколі не было. У пачатку ХХ стагоддзя ў ім было толькі два двары, на якіх жылі 36 жыхароў.

На 1997 год было восем двароў і 18 жыхароў. Цяпер жа пабываем у кожным двары і распавядзём пра ўсіх зарыбінцаў.
* * *
Заехалі ў Зарыбіна з Росквіту. У першай хаце круцілася пральная машына-аўтамат. За ёй назірала 48-гадовая гаспадыня Ала Вятоха. Хоць сама і з блізкага Ірынполля, аднак па свеце паездзіла. Пасля школы працавала мантажніцай радыёапаратуры на тэлезаводзе ў Віцебску. Прыехала на выхадныя на бацькаўшчыну і ўбачыла новага хлопца — у водпуск да цёткі з Луганскага Антрацыта прымчаў Васіль Вятоха. Яго бацька ў маладыя гады з’ехаў туды вугаль здабываць. Знайшоў сабе беларуску з Магілёўшчыны. Так нарадзіўся Васіль.
Закахаліся адзін у другога Ала і Васіль ды паехалі разам у Антрацыт. Ішоў тады 1988 год. З працай праблем не было — Ала адразу знайшла занятак па спецыяльнасці. Праз год нарадзіўся Лёша (цяпер ляснік Заазерскага лясніцтва), а яшчэ праз тры — Андрэй (цяпер навучаецца на механіка ў Лепельскім каледжы). Старэйшыя Вятохі маладым аддалі кватэру, а самі ўзяліся дом будаваць.
Пачаўся развал эканомікі. Заводы пазачыняліся. Людзі пачалі кідаць кватэры ды ўцякаць з Антрацыта ў іншыя мясціны. Вятохам пашанцавала — удалося ўпарадкаваную кватэру прадаць аж за 300 долараў. Прыехалі на бацькаўшчыну і ў Зарыбіне пустую хату купілі за 500 долараў. Колькі ў ёй жывуць, столькі і рамонтам займаюцца. Праўда, цяпер дом добра выглядае. Не шкадуюць, што Украіну пакінулі. Тут добра — лес, азёры ні ў якое параўнанне не ідуць са стэпавымі пасадкамі ды стаўкамі. Дзве каровы на замену адна другой трымаюць, адна ўлетку цяліцца павінна. Кабылу Каштанку на тры сям’і даглядаюць. Тры парсюкі ў хлеўчуку рохкаюць. Ала даглядае старую маці-інваліда. Васіль на працу ездзіць у Лепель, дзе працуе электрыкам на будоўлі. Тройчы на тыдзень аўтобус з горада ходзіць, аўтобусны прыпынак пад плотам.
* * *
На схіле дарогі жанчына сена грабіла. Да яе і накіраваліся. Была гэта 69-гадовая Дзіна Зызо, старэйшына амаль усіх навакольных вёсак: Зарыбіна, Захоціна, Росквіта, Экімані, Ірынполля і Малога Жэжліна.
— Як толькі спраўляецеся?
— Вёсак сапраўды шмат, аднак людзей у іх мала. Звяртаюцца людзі са сваімі праблемамі, стараюся дапамагчы, бо характар такі, што ўседзець без справы не магу. Бачыце ўзгорак на беразе Люкшына? Там з царскіх часін стаяла васьмідворная вёсачка Уз’езд, у якой жыў дзед майго мужа Віктара — Георгій Зызо. Рабацяга быў адметны, што і згубіла. Надумаўся аднаасобна трымаць 10 кароў, пяць коней. Раскулачылі. І раз’ехаліся Зызо па ўсім свеце — хто ў Францыю ўцёк, хто да Амерыкі дабраўся, хто ў Іспаніі асеў. А адзін з сыноў, таксама Георгій, у Алушце атабарыўся. Там і нарадзіўся мой Віктар.
Дзіна з Днепрадзяржынска прыехала ў Керч старшым майстрам на суднабудаўнічы завод “Заліў”. Там стропальшчыкам ужо працаваў Віктар Зызо. Сталі жыць разам. Дзіне кватэру без чаргі далі. Нарадзілі Таню (у Керчы засталася), Грышу (пад Мінскам жыве).
У 1999 годзе ў Керчы раптоўна збанкрутавалі адразу 12 заводаў. Рабочых разагналі. Абсталяванне вывезлі ў Турцыю. Абяздоленыя людзі з дахаў скакалі, вены рэзалі з-за голаду. Неяк Зызо збылі трохпакаёўку ў трохстах метрах ад мора за паўтары тысячы долараў ды на гістарычную радзіму Віктара падаліся. Купілі хату ў Зарыбіне за 600 долараў і ўзяліся дабро нажываць.
Дзіна — знаходка для журналіста. Яна звадзіла ў хату, у летнюю кухню, прадэманстравала свае вуды, паказала свежых ладных краснапёрак ды акунёў, якіх з раніцы нацягала.
— Мы, керчанцы, рыбаманы, без рыбы не можам, — сказала.
— І Віктар рыбалоў?
— Не, ён рыбаед. Няўседлівы. Патрымае вуду з чвэрць гадзіны і кідае, яго на большае не хапае. Не, каб цэлую раніцу камароў сваёй крывёй пакарміць! Хіба што навучыцца, як на пенсію пойдзе ў снежні, а пакуль працуе транспартным рабочым на артбазе. Жывёлу любім, але складана цяпер яе трымаць. Карову прадалі. Па курэй коршак з балота прылятае. Двух парсюкоў маем і тры сабакі — Біма, Рэкса і серабрыстага пудзеля Рокі.
— Калі можна, больш падрабязней пра вашу грамадскую дзейнасць…
— Афармляю старых людзей у прытулкі. Вось ужо чатырох скіравала ў дом састарэлых, а дваіх — у дом інвалідаў. Двое на чарзе — чакаюць, пакуль месцы вызваляцца. Шукаю сацыяльных работнікаў для нямоглых. Сачу за станам водаправода, тэлефоннай сувязі, наконт дроў дамаўляюся з палівазбытам, сваруся за бруд на вуліцы. Паглядзіце, як у мяне кветкі растуць і паўз вуліцу, і ў кветніку. Патрабую такога парадку і ад іншых. Вось хтосьці веласіпедныя пакрышкі выкінуў, а я сабрала і на агрэст насунула — не развальваецца ва ўсе бакі, кучна галіны трымаюцца.
— Як ацэньваеце жыццё сваё?
— Жывём не тужым. Грошай хапае. Не галадаем. Каб ведалі, што тут такое жыццё, даўно б з Керчы пераехалі.
* * *
Двор Яршовых гуў ад дзіцячага шчэбету. Самога 42-гадовага гаспадара Аляксандра ведаў даўно. Пры даследаванні возера Люкшына гадоў з пяць таму назад сустрэў яго на кані з грозным сабакам Рэем — коней шукаў. Сфатаграфаваў. Экзатычны здымак атрымаўся. Фатаграфаваў яго і пры церабленні лёну — трактарыстам на льнозаводзе працуе.
Аднак толькі цяпер даведаўся, які складаны лёс у гэтай сям’і. Бацькі жывуць блізка — у Росквіце. Працаваў трактарыстам у калгасе імя Чапаева (цяпер ААТ “Лядна”). У час крызісу 90-х гадоў не сталі плаціць заробкі. У 1995 годзе пайшоў кантрактнікам у Заслонава. У званні старшага сяржанта стаў механікам-вадзіцелем самаходнай плывучай устаноўкі. Шэсць гадоў адслужыў.
— Наколькі разумею, цяпер у цябе новая сям’я…
— Святлана-крымчанка мая жонка цяпер. Нават распісаліся.
Напрыканцы сумнавядомых 90-х пераехалі на Лепельшчыну бацькі Святланы. Прыехала яна ў 2000 годзе паглядзець, як уладкаваліся, дый сама засталася. Працавала ў калгасе на розных работах. Аляксандр узяўся кароў пасвіць. Сышліся. Восем год разам жывуць.
— Адкуль дзяўчынкі малыя ў вас?
Не тоячыся, распавялі і гэтую гісторыю.
Святланіна дачка Наташа пасля заканчэння Лепельскага прафліцэя, паехала ва Украіну, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок (Алёне цяпер пяць з паловай гадоў, Аксане — тры гады і сем месяцаў). Жыццё з мужам не склалася. Даў дазвол на вываз дачок у Беларусь. Цяпер Яршовы будуць жыць адной вялікай сям’ёй.
— Неяк вытрымаем, — кажа Аляксандр. — Карова хутка ацеліцца…
* * *
Вуліца скацілася ў даліну рэчкі Бярозаўкі, каб потым узнесціся ўжо ў Ірынполле. Чырвоная паласа яскрава закрэслівала на дарожным знаку надпіс “Зарыбіна”. Ужо за знакам стаяў дом, і жанчына корпалася ў агародзе. Накіраваўся да яе.
— Вы зарыбінская ці ірынпольская? — закрычаў з дарогі.
— Зарыбінскія мы, — таксама крыкам адказала, бо было далёка. — Гэта дарожнікі знакам нас адрэзалі ад Зарыбіна.
Была гэта 70-гадовая Соф’я Валевіч. Яе 76-гадовы муж Іван стаміўся ды пайшоў адпачываць.
У адрозненне ад Дзіны Зызо Соф’я Валевіч размаўляць не хацела. Але пакрыху выцягнуў з яе сякую-такую інфармацыю.
Дочкі Галя і Надзя жывуць у Заслонаве. Надзя там жа працуе прадаўцом, а Галя ходзіць выхоўваць дзяцей у Горскім садку. Бухгалтар прафліцэя Люда жыве ў Вялікім Поўсвіжы. Пеця токарыць на заводзе ў Брэсце. У Валевічаў шэсць унукаў і два праўнукі.
Траншэю паміж агародам і дарожным насыпам пракапаў унук, каб вада сцякала з барознаў. Як да гэтага раней не дадумаліся?
Працавала Соф’я цялятніцай, даяркай, загадчыцай фермы, ды інфаркт вымусіў кінуць працу. Іван 40 гадоў механізатарыў. Працоўны ордэн мае.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.