Засада на шэрых драпежнікаў

Егер паляўнічай гаспадаркі “Заранка” Сяргей Дзёмка абходзіў замацаваныя ўгоддзі. У лясным урочышчы Язэпіха, непадалёк ад Гадзіўлі, заўважыў свежыя сляды двух ваўкоў. Ведаючы, што гэтыя драпежнікі блукаюць толькі ўначы, а днём залягаюць спаць, хутка арганізаваў на паляванне паляўніцтвазнаўцу “Заранкі” Міхаіла Падворнага, егера Ігара Скарабагатага, паляўнічых Уладзіміра Маркоўскага, Аляксандра Сапоненку, Васіля Марцынкевіча.


Сцяжкоў для абкладу на хуткую руку не знайшлі, паляўнічыя сталі на нумары, а Сяргей Дзёмка пайшоў у загон. Патрывожаныя звяры пайшлі ў адваротны ад шуму бок — прама на засаду.
Першым убачыў ваўкоў Уладзімір Маркоўскі, параніў аднаго драпежніка, другі пусціўся наўцёкі. Аляксандр Сапоненка дабіў падранка. Даганяць уцекача не было сэнсу, паколькі ваўкі за ноч праходзяць па 50 — 70 кіламетраў, а патрывожаныя — яшчэ болей.
Сяргей Дзёмка жыве ў Слабадзе. Колькі разоў удзельнічаў у аблавах на шэрых драпежнікаў, не можа нават падлічыць. А вось забітыя два ваўкі — на яго рахунку. Было гэта даўно, пад Далікамі. Тады звяры панадзіліся красці цялят з фермаў “Свяда” і “Далікі”. Воўчая зграя была знішчана.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.