Здаровае лета — плённая восень

Добра адпачылі вучні ўлетку. Тут працаваў аздараўленчы летнік “Лета-2013”, у якім цікава і плённа правялі час дваццаць сем дзяцей. Асаблівая ўвага была нададзена аздараўленню дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных і праблемных сем’яў. У школе — пяць малазабяспечаных сем’яў, двое вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Летнік працаваў па праграме “Здаровае лета”. Шмат падарожнічалі: то ў раённы краязнаўчы музей у Лепель, то ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, хадзілі да каменя-следавіка, аказвалі шэфскую дапамогу.

Скарбонка… з гарбуза

У народзе кажуць: ”Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”. На раённае свята Багач, што праходзіла ў межах Дня горада, вучні школы прадставілі пано з жывых кветак “Лунае бусел над Радзімай — над родным Лепелем маім”, якое заняло першае месца. Паказалі таксама касцюмы з нетрадыцыйнага матэрыялу — поліэтыленавых пакетаў, незвычайную скарбонку з гарбуза.

Спартыўны тыдзень

Першы прадметны тыдзень у школе прысвяцілі фізкультуры і спорту. Прайшла спартландыя, у якой удзельнічалі дзве рознаўзроставыя каманды вучняў. Правялі віктарыну “Беларусь спартыўная” сярод вучняў 5 — 9 класаў. Шасцікласнікі паўдзельнічалі ў “Брэйн-рынгу”. Малодшаму школьнаму звяну быў прапанаваны конкурс “Чэмпіён скакалкі”. У школе працуюць гурткі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы і спартыўных гульнях.

“Рукадзельніца” і “Фантазія”

Вучні могуць выбраць гурток па гусце і здольнасцях. Плённа працуюць у школе гурткі “Рукадзельніца” і “Фантазія”. Мяккія цацкі ўдзельнікаў “Рукадзельніцы” занялі першае месца, прыняўшы ўдзел у абласной дабрачыннай акцыі “На добрую памяць”. Вырабы дзяцей з “Фантазіі” атрымалі перамогу на раённым этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”. Упершыню сёлета арганізаваны заняткі клуба “Белая ладдзя” пад кіраўніцтвам Марыі Семяноўскай. Летась вучань школы Эдуард Коўган заняў другое месца на раённым чэмпіянаце па шахматах. Працуе і гурток “Чароўны лапік” ад раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.