Зноў пра камбікорм

У апошнія дні ў рэдакцыю было некалькі тэлефанаванняў ад лепяльчан са скаргамі наконт продажу камбікорму. Называлі крамы ў цэнтры горада, у прыватнасці, “Родны кут”.
Наведаў некалькі крам. Першай суразмоўцай стала Галіна Харлёнак, якая выконвае абавязкі загадчыцы крамы № 30 па вуліцы Ленінская:
— Ці можаце мне прадаць камбікорм? Які ёсць у асартыменце?
— Камбікорму ў продажы няма. У нас спецыялізаваная крама, мясная, таму ўвесь тавар, акрамя мяса, фасаваны па ўпакоўках. На вагу не прадаём нават цукерак і пячэння.

Гэта не дапускаецца ў тым ліку і па санітарных патрабаваннях. Аднак можам у вас прыняць заказ. Звяжамся з базай РСТ, ад іх атрымаем тавар і прададзім вам.
— За апошнія паўмесяца да вас ці звярталіся з падобнай просьбай?
— Колькі тут працую — ні разу: ні раней, ні цяпер.
Паколькі “Родны кут” быў яшчэ зачынены, зайшоў у краму №104 “Дары прыроды”, якая спецыялізуецца на продажы садавіны і гародніны, гутарку вёў з прадаўцом Валянцінай Іванаўнай.
— Ці ёсць у продажы камбікорм?
— Няма. І ніколі не было.
— Ці можна набыць пад заказ?
— Мы гэтым не займаемся, звяр-ніцеся ў іншую краму.
Неўзабаве адчыніўся і “Родны кут”. Асартымент там, канечне, багаты, але ўвесь тавар — прадукты харчавання. Гутарым з загадчыцай Аленай Каваленкай.
— Як часта да вас звяртаюцца за камбікормам?
— Апошнім часам некалькі разоў задавалі пытанні, але заказы мы не афармлялі. Спецыфіка “Роднага кута” ў тым, што мы не можам трымаць на складзе побач з прадуктамі харчавання яшчэ і камбікорм. Калі ж яго пад заказ прывязуць, то пакупнікі павінны ў самым хуткім часе тавар забраць.
На завяршэнне завітаў у “Гастраном”, што на плошчы Свабоды, гутарыў з прадаўцом Таццянай Міснік.
— Пры паступленні заяўкі паведамлю на базу таваразнаўцам, — прагучаў амаль стандартны адказ. — Калі і будзем прымаць у продаж, то толькі камбікорм фасаваны.
Каб канчаткова расставіць усе кропкі над і, вяду размову з намеснікам дырэктара філіяла “Каапгандаль” Лепельскага РСТ Ірынай Мілеўскай і намеснікам старшыні РСТ Аленай Жарнасек.
— Вы абышлі крамы ў цэнтры горада, — заўважыла Алена Міхайлаўна, — таму не дзіўныя такія адказы. Жыхары цэнтра рэдка трымаюць у гаспадарцы жыўнасць. У той жа час курэй і свіней часцей трымаюць вяскоўцы, жыхары ўскраін, яны ж з’яўляюцца і асноўнымі пакупнікамі камбікорму. Калі ў рэспубліцы была зарэгістравана ўспышка афрыканскай чумы свіней (АЧС), раённая камісія па надзвычайных сітуацыях прыняла шэраг мер. У іх ліку была і забарона на продаж на рынку камбікармоў. Гэты тавар дазваляецца прадаваць толькі ў крамах райспажыўтаварыства. Першапачаткова меркавалі гандляваць прадукцыяй філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебсаграпрадукт” (камбікормавы завод). Аднак кіраўніцтва завода не змагло выканаць нашых заявак, бо цалкам скіравана на забеспячэнне ўласнай вытворчасці закрытага тыпу. РСТ здаўна набывала камбікармы на Віцебскім і Полацкім камбінатах хлебапрадуктаў (КХП). Пасля рэгістрацыі ўспышкі АЧС на свінакомплексе Лучоса пад Віцебскам перавялі ўвагу выключна на Полацк. Вядома, у іх склаўся напружаны графік працы, бо Полацкі КХП застаўся ці не адзіным, які забяспечвае гандлёвую сетку ўсёй вобласці. Аднак недахопу ў камбікармах пакуль што не адчуваем. Адгружаем пад заказы, маем пэўны запас на складзе.
— З іншага боку, — уключылася ў размову Ірына Сяргееўна, — у сувязі з апошнімі падзеямі стала вельмі праблематычна планаваць закупкі камбікорму. Людзі з асцярогай сочаць за навінамі, многія зарэзалі жыўнасць, парасят набываць не спяшаюцца. Напалоханыя паведамленнямі аб тым, што магчымай прычынай успышкі АЧС стаў няякасны камбікорм, сталі менш яго купляць і ўжываць на корм жывёле. Пільна прыглядаюцца да суправаджальных дакументаў, маркіроўкі, вывяраюць тэрмін годнасці. Дарэчы, калі раней тэрмін годнасці камбікармоў мог дасягаць году, то цяпер, у сувязі з далучэннем да іх шматлікіх дабавак-прэміксаў, тэрмін па некаторых відах скараціўся да двух месяцаў. Не прадасі своечасова — што з такім таварам рабіць? Загадчыца крамы ў Стаях, напрыклад, ужо працуе толькі пад заказ, каб ніякіх запасаў не заставалася.
— Для прыкладу, колькі камбікармоў і праз якія крамы рэалізавана ў горадзе апошнім часам?
Адказвае Алена Жарнасек:
— Крама №101, што на Набярэжнай Эсы, шэсць упаковак па шэсць кілаграмаў курынага камбікорму і два мяхі па 30 кг свінога, гандлявалі таксама крама №7, у Меліярацыі, №103, на Дэпоўскай.
— Магчыма, проста на першым этапе ўзнікла некаторае непаразуменне паміж пакупнікамі, прадаўцамі, адміністрацыяй, — выказала меркаванне Ірына Сяргееўна. — З цягам часу наладзіцца практыка, сістэма прыёму і выканання заказаў. Пакуль жа можам парэкамендаваць пакупнікам звяртацца да прадаўцоў. Калі трэба, тэлефануйце да таваразнаўцаў на нумары 4-19-92 або 4-24-84 ці непасрэдна ў райспажыўтаварыства на нумар 4-16-83. Там прымуць ваш заказ.
Падводзячы вынік, хацелася б зрабіць пэўныя высновы. У сувязі з пагрозай АЧС і каранціннымі мерапрыемствамі гаспадары хатніх жывёл сталі перажываць шэраг нязручнасцяў. Па-першае, гэта рэзкае скарачэнне асартыменту. Раней прадпрымальнікі прывозілі самы розны тавар на любы густ: хочаш — россыпам камбікорм, хочаш — грануламі, у розных фасоўках. Па-другое, розныя цэны тавару. У канкурэнтнай барацьбе цэнавы фактар часта станавіўся рашаючым. Па-трэцяе, сэрвіс. Змагаючыся за пакупніка, прадпрымальнікі завозілі мех камбікорму дахаты, нават у кладоўку заносілі, што для пажылых вяскоўцаў і гараджан (якія, скажам шчыра, часцей і трымаюць жыўнасць) было таксама важным. У крамах РСТ не заўсёды ёсць грузчык, не тое, што служба дастаўкі.
З такіх вось дробязяў і складаецца агульная карціна.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.