Золата Напалеона

2. Французскі бліц-крыг

Каб знайсці сапраўдны “ключ” да разгадак некаторых таямніц Айчыннай вайны 1812 года, якія застаюцца нераскрытымі ўжо на працягу двух стагоддзяў, у тым ліку вылічыць дакладнае месца знікнення “залатога абозу” Напалеона Банапарта, трэба перш за ўсё ўзнавіць некаторыя важнейшыя моманты тых падзей, акрэсліць панараму баявых дзеянняў, прымаемых імператарам Францыі Напалеонам Банапартам разнастайных палітычных, эканамічных, ваенных і іншых рашэнняў, вызначыць ступень магчымага ўплыву на іх змест яго бліжэйшага атачэння.

І, тым больш, што ўсе гэтыя незвычайныя, цікавыя гістарычныя факты, зразумела, не могуць пакінуць раўнадушнымі маіх землякоў, бо многія падзеі адбываліся непасрэдна на тэрыторыі Лепельшчыны і яе бліжэйшага наваколля.

Першае, што асабліва ўразіла, калі пачаў дэталёва аналізаваць ход баявых дзеянняў Айчыннай вайны — гэта хуткасць руху захопніцкай арміі. Напалеонаўскія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу па Нёмане ў горадзе Коўна ў ноч на 24 чэрвеня 1812 года, а 8 ліпеня яны ўжо захапілі Мінск. І гэта пры наяўнасці актыўных абарончых дзеянняў з боку расійскіх ваеннаслужачых па стрымліванні агрэсара і выкарыстанні французамі ў асноўным толькі коней, так званага гужавога транспарту для перавозкі не толькі жывой сілы, але і гармат, боепрыпасаў, іншых ваенных грузаў.

14 ліпеня французскі генерал Грушы заняў горад Барысаў і адтуль 15 ліпеня паслаў атрад на Стары Лепель. Для гэтага была выкарыстана дарога напрасткі — Барысаўскі тракт, які з’яўляецца самым прамым шляхам з Барысава да Лепеля. Не выпадкова таму ўжо 18 ліпеня рускі надворны саветнік Шлыкаў даносіў аб з’яўленні ў Лепелі 40 чалавек варожай каманды на чале з двума афіцэрамі, якія распаўсюджваюць чуткі аб набліжэнні вялікага вайсковага корпуса. Вядома, што сам Напалеон выехаў з Глыбокага 21 ліпеня і начаваў у нашым Камені 23 ліпеня.

Першая Заходняя расійская армія пад камандаваннем Барклая-дэ-Толі, якая налічвала ў сваім складзе 120 тысяч чалавек, з баямі адступіла ад Вільні да Дрыскага лагера, а потым накіравалася ў бок Віцебска. Там яна павінна была злучыцца з Другой Заходняй расійскай арміяй (55 тыс. чалавек), якую ўзначальваў Баграціён, і менавіта пад Віцебскам сумеснымі намаганнямі абедзьве гэтыя арміі павінны былі даць сапраўдны бой Напалеону, спыніць яго хуткі рух наперад. Аднак імклівае наступленне французаў не дазволіла гэта зрабіць. Баграціён вымушаны быў пераправіцца праз Днепр далёка на поўдні, аж у раёне Новага Быхава, і, прайшоўшы праз Мсціслаўль, накіраваўся да Смаленска. Пасля гэтага атрымаў загад ад цара Аляксандра I рухацца ў Смаленск і Барклай-дэ-Толі. І толькі 3 жніўня арміі Барклая-дэ-Толі і Баграціёна злучыліся ў Смаленску. Аднак і аб’яднанымі намаганнямі расійскія арміі не змаглі пад сценамі Смаленска супрацьстаяць Напалеону, які 18 жніўня захапіў горад і пачаў непасрэднае наступленне на Маскву.

Увесь гэты французскі бліц-крыг 1812 года немагчыма растлумачыць адной толькі бяздарнасцю дзеянняў рускага камандавання ці, наадварот, таленавітасцю Напалеона як палкаводца. Не трэба забываць, што непасрэдна перад гэтымі ваеннымі падзеямі прайшло менш за 17 гадоў, калі 24 кастрычніка 1795 года адбыўся трэці, апошні, падзел польска-літоўскай дзяржавы (Рэчы Паспалітай) паміж Прускім каралеўствам, Аўстрыйскай манархіяй і Расійскай імперыяй (а ўсе тры падзелы, як вядома, праходзілі ў 1772-1795 гадах), і, як вынік гэтага агрэсіўнага, захопніцкага акта тагачасных еўрапейскіх абсалютысцкіх уладароў, перастала існаваць і Вялікае княства Літоўскае (якое было на момант падзела ў складзе Рэчы Паспалітай) з яго шматвяковай слаўнай гісторыяй і адметным сацыяльна-эканамічным укладам жыцця,  цікавымі народнымі традыцыямі, якія склаліся на працягу стагоддзяў, і культурнымі асаблівасцямі.

Пасля гэтага кіраўніцтвам Расіі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі былі створаны звычайныя расійскія губерні, сацыяльна-эканамічная і культурная палітыка, кіраўніцтва якіх задавальняла далёка не ўсіх мясцовых жыхароў. Таму распачатая Напалеонам вайна супраць Расіі тут была ўспрынята неадназначна. Імператар Францыі абяцаў адрадзіць Вялікае княства Літоўскае, абудзіўшы гэтым вялікія надзеі на лепшае, адраджэнне незалежнасці ў часткі беларускай шляхты, інтэлігенцыі, студэнцкай моладзі і сялянства. Былі створаны часовы Урад Вялікага княства Літоўскага, сфарміраваны з мясцовага насельніцтва вайсковыя падраздзяленні, якія былі ўключаны ў французскую армію. Напалеон разлічваў на 100-тысячны воінскі атрад, аднак такую вялікую колькасць добраахвотнікаў-рэкрутаў не ўдалося сабраць (напрыклад, у Барысаўскім павеце ўдалося прыцягнуць на службу ў французскую армію толькі каля 180 чалавек). І, тым не менш, гэта была даволі значная колькасць ваенна­служачых. Прытым маюцца канкрэтныя звесткі, якія будуць прыведзены пазней, аб уключэнні тысячаў нашых землякоў нават у элітныя французскія вайсковыя падраздзяленні — імператарскую гвардыю.

Адміністрацыйнае дзяленне паветаў на тэрыторыі тагачаснай Беларусі, а з 1 ліпеня 1812 года гэта ўжо зноў было Вялікае княства Літоўскае, толькі часова, на перыяд вайны з Ра­сіяй, было перароблена на французскі лад. Напрыклад, была створана Барысаўская падпрэфектура, якая ўключала 11 кантонаў (Зембінскі, Лошніцкі, Бярэзінскі і іншыя). У прыватнасці, у журнале пад­прэфектуры за ліпень 1812 года напісаны рапарт аб тым, што Барысаўскі павет павінен у пяцідзённы тэрмін паставіць арміі князя Экмюля 50 тыс. рацый (дзённых норм фуражу), арміі генерала Грушы — 7 тыс. рацый, а таксама гарадскому гарнізону штодзённа — каля адной тысячы рацый, у Чашнікі — 200 тыс. цэнтнераў мукі, у Лепель — 6 тыс. цэнтнераў.

Цікава і тое, што Напалеон не пайшоў насустрач настойлівым патрабаванням Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага, не ўзнавіў польскую дзяржаўнасць у былых польска-літоўскіх землях. Ён, хутчэй за ўсё, сапраўды меў намер пасля перамогі над Ра­сіяй усталяваць Вялікае княства Літоўскае як асобную сама­стойную дзяржаву пад пратэктаратам Францыі. Аб гэтым яскрава сведчыць і такі ўсім добра вядомы факт, што 11 ліпеня 1812 года польскі палітычны дзеяч Юзэф Выбіцкі разам з дэпутатамі ад Савета канфедэрацыі  прыехалі на сустрэчу з імператарам і спрабавалі дабіцца ад яго ўзнаўлення Каралеўства Польскага не толькі ў яго фактычных межах,  але і з тэрыторыямі, згубленымі ў час па­дзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 — 1795 гадах, але беспаспяхова. Акрамя ўсяго іншага, гэта сведчыць і аб тым, што, магчыма, у самым бліжэйшым атачэнні кіраўніка французскай дзяржавы быў вельмі ўплывовы чалавек, які таксама адна­значна выступаў супраць такога рашэння. Расказ аб дадзенай неардынарнай асобе, якая вельмі падыходзіла для гэтай ролі, а таксама і аб тым, як гэта магло потым адбіцца і на лёсе “залатога абоза” Напалеона, чытайце ў наступным артыкуле.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

(Працяг будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.