Золата Напалеона

3. Загадкавы граф

Вяршыцель лёсаў дзясяткаў мільёнаў людзей, вялікі знаўца ваеннай справы, “першы сярод першых” між палкаводцаў нават такога самага высокага сусветнага ўзроўню, як Ганібал і Цэзар, Напалеон 23 ліпеня 1812 года спыніўся па дарозе на Маскву і заначаваў у нашым, лепельскім Камені. Таму асабіста ў мяне адразу выклікала вострую цікавасць пытанне наконт таго, чаму ён спыніўся менавіта тут, а, напрыклад, не ў Лепелі, і ці мог быць тады побач з Напалеонам наш чалавек, зямляк, патрыёт Вялікага княства Літоўскага, які, магчыма, духоўна быў блізкі імператару.

 У кнізе гістарычнага даследчыка Канстанціна Уласава “Расклад Вялікай арміі на пачатак рускай кампаніі 1812 года” знайшоў у пералічэнні найбольш высокапастаўленых службовых асоб так званай “Галоўнай імператарскай кватэры”, якая складалася з 11 чалавек, у тым ліку тры асабістыя ахоўнікі, усяго аднаго чалавека славянскага паходжання. Перакладчык імператара (па некаторых звестках выконваў абавязкі і ад’ютанта), лейтэнант першага палка шэвальжэр-пікінераў імператарскай гвардыі граф Станіслаў Дунін-Вансовіч — асоба загадкавая. Біяграфічныя звесткі пра яго вельмі сціплыя. Нарадзіўся Станіслаў у 1785 годзе ў Валыні ў сям’і графа Адама Дуніна-Вансовіча. Яго бацька — прадстаўнік старадаўняга беларускага дваранскага роду, гербам якога з’яўляецца лебедзь (адразу падумалася, што гэты своеасаблівы герб-сімвал усім вядомай прыгожай птушкі перш за ўсё, напэўна, азначае вернасць лю­дзей гэтага дваранскага паходжання Айчыне, сям’і, сваім родным і блізкім).

*  *  *

 Граф Станіслаў Дунін-Вансовіч су­праваджаў Напалеона на працягу ўсёй руска-французскай вайны 1812 года. Ён быў побач з імператарам у ліку некалькіх службовых асоб і пры пераездзе Напалеона (ужо пасля пераправы французскіх войскаў цераз раку Бярэзіна каля Студзёнкі), які адбыўся з 5 па 18 снежня 1812 года са Смаргоні ў Парыж. Асабіста ўразілі радкі з кнігі “Паход Напалеона ў Расію” аўтарытэтнага гісторыка, непасрэднага ўдзельніка тых падзей, прыдворнага летапісца Луі Каленкура, напісаныя ім у Смаргоні ў снежні 1812 года: “Пасля гэтага Напалеон загаварыў аб тым, каго ён возьме з сабой (у Парыж). Яго выбар абмежаваўся нямногімі: я паві­нен быў ехаць з ім, герцаг Фрывульскі і граф Лабо — за ім. А наперадзе павінен быў ехаць афіцэр Вансовіч (граф Станіслаў Дунін-Вансовіч), які ўдзельнічаў ва ўсёй кампаніі (руска-французскай вайне 1812 года) і даказаў сваю адвагу і адданасць (імператару)”. І ці не таму яшчэ былі сказаныя гэтыя словы, што “загадкавы” граф у якасці перакладчыка бліскуча справіўся ў 1812 годзе і з такой вельмі складанай задачай, якую паставіў перад ім імператар, як “залаты абоз” Напалеона?!

 29 снежня 1812 года графу Станіславу Дуніну-Вансовічу было прысвоена воінскае званне капітана. З верасня 1813 года ён выконваў пры Напалеоне абавязкі афіцэра для даручэнняў, з кастрычніка быў прызначаны шэфам эскадрона, з 17 снежня 1813 года — камандзірам эскадрона трэцяга палка разведчыкаў імператарскай гвардыі. Пад камандаваннем маёра Казетульскага ўдзельнічаў у французскай кампаніі 1814 года і ў абароне Парыжа. 20 красавіка 1814 года разам з імператарскай гвардыяй асабіста развітаўся з Напалеонам, калі імператар вымушаны быў пакінуць пасаду кіраўні­ка французскай дзяржавы, а ў маі таго ж года падаў у адстаўку з ваеннай службы. Памёр граф Станіслаў Дунін-Вансовіч у Парыжы ў 1864 го­дзе.

 Гісторыкамі на працягу ўжо цэлых двух стагоддзяў не надаецца ніякай сур’ёзнай увагі гэтаму чалавеку дваранскага паходжання, які ўвесь час быў зусім побач з Напалеонам не толькі ў 1812 го­дзе, але і ў больш позні перыяд часу аж да адлучэння імператара ад улады.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

(Працяг будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.