Золата Напалеона

1. Лёсавырашальны год

 2012 год адметны тым, што споўніцца 200 гадоў Айчыннай вайне 1812 года, калі велізарная захопніцкая армія імператара Францыі Напалеона Банапарта, у якую ўваходзілі не толькі французы, але і іспанцы, італьянцы, прадстаўнікі іншых краін Еўропы, страшэннай ваеннай навалай у чэрвені 1812 года пракацілася праз Беларусь, якая тады ўваходзіла ў склад Расіі, і сышлася ў Барадзінскай бітве

з рускімі войскамі на чале з фельдмаршалам Міхаілам Кутузавым. Нягледзячы на панесеныя ў той сапраўднай “бітве народаў” вялікія людскія страты, іншаземныя салдаты ўсё ж занялі Маскву. Аднак актыўнае народнае супраціўленне ворагу, шырокі партызанскі рух, які разгарнуўся паўсюдна, у тым ліку і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, супраць няпрошаных “гасцей”, бязлітасных заваёўнікаў, за лічаныя месяцы так абяскровілі войскі Напалеона, што яны ўвосень 1812 года вымушаны былі пакінуць Маскву, пачалі хаатычнае адступленне на захад. Так склалася, што варожыя воінскія злучэнні рухаліся пры адступленні і па вельмі ажыўленым тады дарожным шляху — знакамітым Барысаўскім тракце. Ён пралягаў па маршруце Лепель — Латыголічы — Маісееўшчына і далей праз наступныя населеныя пункты, пакуль не дасягаў самога Барысава.

Важная бітва паміж французамі і рускімі адбылася ў лістападзе 1812 года ўсяго на адлегласці ў некалькі дзясяткаў кіламетраў ад цяперашняй мяжы Лепельскага раёна пры пераправе ворага праз Бярэзіну ля вёскі Сту­дзёнка.  гэты населены пункт зараз адносіцца да Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Шмат загінула тады іншаземных захопнікаў, улічваючы, што ў той год была вельмі ранняя, сцюдзёная зіма, выпаў снег, рэкі і азёры пакрыліся лёдам. Прытым лёдавы панцыр быў яшчэ не вельмі трывалы, таму пры перасячэнні Бярэзіны гужавыя павозкі з варожымі салдатамі, вайсковым рыштункам, рухаючыся па зладкаваным драўляным гацям з бярвенняў разабраных хат бліжэйшых вёсак, масава танулі ў Бярэзіне.

Галоўнай каштоўнасцю, якую аберагалі найбольш бая­здольныя французскія воінскія часці, быў загружаны нарабаванымі ў Маскве шматлікімі залатымі і сярэбранымі рэчамі асобны абоз гужавых павозак. Сярод іх можна было ўбачыць, напрыклад, сярэбраны і залаты посуд, мастацка аздобленыя аклады ікон, асабістыя ювелірныя каштоўнасці многіх расійскіх дваранскіх сем’яў. У прыватнасці, да найбольш буйных каштоўных вырабаў, вывезеных французамі, адносіцца рэквізаванае ў Архангельскім саборы Маскоўскага Крамля ўнікальнае старадаўняе сярэбранае з пазалотай панікадзіла веніцыянскай работы і зняты захопнікамі са званіцы Івана Вялікага ў Маскве крыж вышынёй у тры сажані, абабіты сярэбранымі пазалочанымі лістамі. Напалеон спадзяваўся з дапамогай гэтых вялікіх багаццяў захаваць рэшткі сваёй заваёўніцкай арміі, разлічыцца з яе салдатамі за няўдалы паход у Расію, зноў сабраць пад свае сцягі моцнае войска, прадоўжыць захоп еўрапейскіх краін.

Імператар усведамляў, што фельдмаршалу Міхаілу Кутузаву было вельмі важна не толькі разграміць французскія баявыя падраздзяленні, але і фізічна знішчыць палкаводца, ці, што было б яшчэ лепей, захапіць у палон. Добрым трафеем для рускіх ваеннаслужачых павінен быў стаць і абоз з велізарнымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, нарабаванымі ў Маскве. Прытым яшчэ задоўга да таго, як французская армія наблізіліся да Бярэзі­ны, камандаванне захопнікаў добра разумела, што могуць узнікнуць вялікія праблемы з пераправай праз раку гэтага “залатога абозу”. Яно павінна было разглядаць нейкія магчымасці часовага пазбаўлення ад гэтых вялікіх матэрыяльных багаццяў такім чынам, каб яны не трапілі ў рукі непрыяцеля і, пры гэтым, заставалася верагоднасць таго, што імі можна будзе скарыстацца пазней, праз пэўны час.

І самае цікавае: пасля таго, як Напалеон усё ж аказаўся з рэшткамі сваіх воінскіх злучэнняў на правым беразе Бярэзіны, гэтага абозу з ім ужо не было. Прытым многія рэчы, якія перавозіліся ў “залатым абозе”, добра вядомыя спецыялістам-юве­лірам, аднак за 200 гадоў яны так і не “ўсплылі”, не з’явіліся хаця б у нейкіх прыватных калекцыях або іншых вядомых месцах, што сведчыць аб іх поўнай прапажы, бясследным знікненні.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.