Зямное сузор’е

OLYMPUS DIGITAL CAMERAРаман з тых людзей, якія не хапаюць з неба зорак. Хаця мог бы, бо столькі пабачыў іх за лета, калі яго камбайн заставаўся жаць да змяркання. Узыходзілі ды ярка гарэлі на небе яны цэлымі сузор’ямі. Нездарма ж апошні летні месяц называюць не толькі жніўнем, а яшчэ і месяцам зорак. Не хапае хлопец з неба зорак, бо выхаваны па-простаму, па-вясковаму, расце сціплым і працавітым. Адным словам, расце яшчэ адзін добры працаўнік для сельскай гаспадаркі.


Бацька працуе на трактары, маці завіхаецца па гаспадарцы. У Арцюхоў ёсць агарод, карова. Працы дома хапае. Раман яшчэ змалку навучыўся і за плугам хадзіць, і з касою спраўляцца спрытна. Тым болей, зараз, калі старэйшы брат ажаніўся і жыве ў горадзе, хто ж будзе цягнуць лямку гаспадарчай працы! У бацькі-трактарыста не так багата вольнага часу, так што сын, якому неўзабаве будзе сямнаццаць, ужо добры памочнік.
Пачатак лета вучыўся. Канікулы ў ліцэі, дзе хлопец атрымлівае прафесію механізатара, пачаліся толькі напрыканцы чэрвеня. Здавалася б, што тут два месяцы: не паспееш азірнуцца, як праляцяць, і адпачыць не паспееш. Ды Ромка не вытрымаў і двух тыдняў.
— А што рабіць? — даводзіць ён у адказ на маё шчырае здзіўленне. — Чым заняцца летам?
Дзіва што! Не ведае чалавек, чым заняцца, і гэта ў вёсцы, дзе летам і дыхнуць няма калі. Але для Ромы занятак штодзённы, ля дома — гэта не праца. Ды і грошы патрэбныя. Адным словам, і двух тыдняў хлопец не пасядзеў, пайшоў уладкоўвацца на працу ў СВФ “Заазер’е”. Прынялі слесарам, а ўжо праз дзень падыходзіць да Рамана стрыечны брат Саша Балотнік дый кажа:
— Хочаш да мяне памочнікам на камбайн?
Ну, які ж вясковы хлопец адмовіцца ад такой спакуслівай прапановы! І папрацуеш па-сапраўднаму, гэта ж не з мятлой пыл ганяць, і заробіш не толькі на цукеркі. Хіба лайдак апошні адмовіўся б.
Аляксандр і сам працаваў памочнікам камбайнера шэсць гадоў, пакуль нарэшце не выбіўся ў “капітаны жытнёвага мора”. Сёлета ён камбайнерам упершыню. Вось і вырашыў папрацаваць з братам — так надзейней. Ведаў Саша, што Ромка не з гультаёў. І той не падвёў. Цярпліва штодня падымаўся на золаку, каб ужо гадзін у восем быць на мехдвары, падгледзець, падмазаць тое-сёе, праверыць на надзейнасць, бо ледзьве толькі падсушыць сонца халодную жнівеньскую расу — камбайн павінен быць спраўным у полі.
А потым дні паляцелі, як пракосы, роўненька адзін за адным клаліся яны пад жняярку. І не заўважылі хлопцы, як праляцела паўмесяца залатога хлебнага лета. Я папрасіў Рамана прыгадаць дзень, які яму найбольш запомніўся, на што хлопец паціснуў плячыма. Дні яго камбайнерства здаліся яму аднолькава роўненькімі, як каласы на ўрадлівай спелай ніве. Прыгадаў хіба адзін дзень, які давялося прастаяць з-за дажджу. Дзякуй богу, дождж сёлета амаль зусім не турбаваў. Ды яшчэ ледзьве не з-пад жняяркі аднойчы выскачыў дзікі вяпрук, а другі раз Саша злавіў зайчаня. Хлопцы як дзеці, рады, што не загубілі малога, з цікавасцю разглядамі маленькі камячок. А затым, вядома ж, адпусцілі. Жыві, зайчаня!
Жнівень скончыўся. У Рамана прыспеў час вучобы. Ліпеньскі заробак быў не такі вялікі, як жнівеньскі, аднак і з яго хлопец купіў сабе матацыкл “ІЖ-Планета-2”, тым самым спраўдзіўшы сваю запаветную мару. Яшчэ і на іншыя патрэбы крыху грошай засталося. Ну, а жнівеньскую зарплату сын ахвяраваў у агульную сямейную капілку.
Так прайшло ў Юркоўшчыне Раманава лета, якога, зрэшты, на ўсё хапіла — і грошы зарабіць, і ў любімы футбол паганяць, і з сябрамі на танцы пабегаць. Хлопец таксама займаецца ў секцыі па боксе. Пасля заканчэння ліцэя марыць паступаць далей, вучыцца на інжынера, а не — паслужыць у войску, якога таксама не пазбягае. Ён чалавек прамы, працавіты, шчыры, нідзе не прападзе, бо такіх усюды паважаюць.
На здымку: Раман Арцюх.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.