Зімовыя клопаты

У снежнай замеці зноў не відаць дарог. Толькі што расчышчалі, але ж снег мяце і мяце. Усяго ў Горскім сельсавеце 168 кіламетраў дарог, гэта і цэнтральная, з Лепеля да Заслонава, і па вялікіх вёсках, такіх, як Горкі, Бораўна, Зорніца, не кажучы пра Заслонава ды Межыцу, і да кожнай маленькай вёскі таксама вядзе дарога, якую трэба абавязкова расчысціць, бо без дарогі няма жыцця. Прывезці зімою газавы балон, дровы падвезці, ды ці мала праблем у селяніна! Нават “хуткая дапамога” без дарогі не зможа дабрацца своечасова.

Дарога – жыццё. Тры арганізацыі займаюцца расчысткаю дарог на тэрыторыі сельсавета – гэта ДРБУ №202, ДЭУ-37 і КУВП “Бароўка”. Дзеля гэтага з імі заключаны адпаведныя пагадненні. Для падтрымання ў парадку дарог адмыслова выдзяляюцца грошы. Толькі з пачатку зімы затрачана ўжо пяць мільёнаў рублёў. Снег сёлетняй зімою не дае расслабляцца дарожным службам. Надзвычай снежнымі выдаліся ўсе тры зімовыя месяцы.
Самыя вялікія вёскі ў сельсавеце – Заслонава, дзе жыве 2142 чалавекі, і Межыца з насельніцтвам 348 чалавек. Праўда, Межыца пакуль носіць статус ваеннага гарадка. Самыя ж маленькія – Глініца з чатырмя гаспадаркамі, дзе восем чалавек, і Залессе – адпаведна дзве гаспадаркі і сем чалавек. Усяго ж на тэрыторыі сельсавета 3075 жыхароў.
Летась нарадзіліся дваццаць шэсць, а памерлі дваццаць сем чалавек. Зарэгістравана трынаццаць шлюбаў. Трынаццаць грамадзян звярнулася па дапамогу да раённых органаў улады. Праблемы былі звязаны з расфарміраваннем ваеннага гарадка ў Межыцы, працаўладкаваннем, падвозам дзяцей у школу, сад і г.д.
Зімовыя клопаты – гэта не толькі дарогі, але і цяпло ў кватэрах і дамах. Цэнтралізаваным ацяпленнем займаецца КУВП “Бароўка”, з пастаўленай задачаю спраўляецца. У Заслонаве наладжаны выпуск трэсак з мэтаю эканоміі энергетычных рэсурсаў. Ёсць задума правесці ў Горкі прыродны газ. Створаны кааператыў, у які пакуль уваходзіць трыццаць чалавек. Чаму так нямнога? Справа ў тым, што жыхароў сектара з цэнтралізаваным ацяпленнем задавальняе цяперашняе становішча, і траціцца на дарагі газ яны не жадаюць. Тыя ж, хто жыве ў непрыватызаваных дамах, не падпадаюць пад указ Прэзідэнта аб дзяржаўнай падтрымцы пры долевым будаўніцтве, паводле якога большую частку выдаткаў на правядзенне газавых камунікацый бярэ на сябе дзяржава. Поўная ж аплата, зразумела, для іх непад’ёмная.
Ну, а старыя дамы прыватнага сектара аграгарадка ацяпляюцца дрывамі, якія можна набыць па даволі нізкіх цэнах, калі заняцца саманарыхтоўкай і самавывазам. На жаль, гэта не кожнаму пад сілу. Ну, а калі вы хочаце гатовыя дровы прама і на двор, яшчэ і пасечаныя, прыйдзецца раскашэліцца, заплаціўшы не меней, як восемсот рублёў за прычэп.
Ёсць пытанні і да водазабеспячэння, а, дакладней, да якасці вадаправоднай вады. Людзі скардзяцца, што вада пад час бывае з іржою і яе нельга піць,калі не скарыстацца адмысловым ачышчальным фільтрам. Але яшчэ болей хвалюе людзей становішча на ФАПе ў Горках, дзе няма сталага медработніка. Пакуль што ў аграгарадок прыязджае фельчар з вайсковай часці з Заслонава.
У сельсавеце 42 адзінокія грамадзяне і 305 чалавек, якія адзінока пражываюць, 45 інвалідаў першай і другой груп. Гэтая катэгорыя насельніцтва патрабуе асаблівай увагі. Мясцовыя ўлады дапамагаюць ім вырашаць свае гаспадарчыя і бытавыя праблемы ў звязцы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, узаемадзейнічаюць і з іншымі службамі, скажам, дапамагаюць устанавіць пажарныя апавяшчальнікі і г.д. Увесну ім трэба дапамагчы засеяць агарод. У прынцыпе, гэтым займаецца мясцовае КУП, у якога маецца адпаведная тэхніка. Але цэны на дызпаліва выраслі, і ці задаволіць жыхароў аплата за апрацоўку агарода, ці будзе карыстацца попытам гэтая паслуга – час пакажа. Перапіс паказаў, што жыхары сельсавета маюць шэсцьдзесят тры каровы на ўласных падвор’ях, на адну карову болей, чым было летась. Закупляе ў насельніцтва малако КУП “Горкісельгаспаслугі”. Усяго за мінулы год закупіў крыху болей як 270 тон.
Зіма спакваля падыходзіць да завяршэння, і наперадзе — клопаты вясеннія…
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.