З кагорты мужных

Юныя следапыты з СШ №3 працягваюць даследаваць мінуўшчыну. На гэты раз аб’ектам іх пошуку стала гісторыя піянерыі. Школьны піянерскі гурток “Пошук” сустрэўся з былым дырэктарам СШ №3 ( у 1944 — 1945 гг.) Клаўдзіяй Салодкінай, крыху раней, калі яна яшчэ пастаянна жыла ў Лепелі. Зараз дзевяносташасцігадовая бабуля знаходзіцца ў Мінску ў дзяцей.
Вось што распавяла Клаўдзія Мікалаеўна піянерам.
Аповяд ад першай асобы
“Нарадзілася я 24 снежня 1915 года ў фальварку Балотнікі Суражскага раёна. Раён лічыўся кулацкім, таму што тут жылі заможныя людзі, і бандыцкім (бо ў густых лясах пасля грамадзянскай вайны хаваліся рэшткі белагвардзейцаў і мясцовыя бандыты).


Думаю, што я дваранскага паходжання, хоць у нас у сям’і ніхто пра гэта нават не ўзгадваў. Даведалася зусім выпадкова, калі знайшла дваранскую грамату, дараваную нашай сям’і, дзе, на здзіўленне, знайшла і сваё імя. Пры Рэчы Паспалітай людзям, якія вызначыліся ў ваенных дзеяннях, давалі дваранскі тытул і зямлю.
Сярод такіх аказаўся і наш род Рачынскіх.
Бацька Мікалай Іосіфавіч і дзядзька мелі восемдзесят гектараў зямлі. У бацькоў быў работнік і работніца. А ў сезон палявых работ яны наймалі яшчэ парабкаў. Ішлі да нас працаваць з задавальненнем, таму што бацька добра плаціў за працу, а маці добра карміла. У сям’і цанілася адукацыя, і грошы ішлі не на набыццё золата і іншых каштоўнасцяў, а на атрыманне адукацыі. У сям’і было дзесяць дзяцей. Адзін з маіх братоў вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце.
Мяне пасля сямі класаў нікуды не прынялі па прычыне майго паходжання. Але была вялікая патрэба ў настаўніках, таму мне ўдалося паступіць на аднагадовыя курсы пры Віцебскім педагагічным тэхнікуме. Заставаўся месяц да заканчэння курсаў, калі прыйшло пісьмо пра маё паходжанне. Але ў маю абарону выступіў завуч педагагічнага тэхнікума Андрэй Сінявокаў, і мне пашанцавала закончыць курсы.
Размеркавалі нас па школах. Я стала загадваць аднакамплектнай школай (тры класы, усяго трыццаць чалавек) на Стошаснаццатым (цяпер Заслонава) у вёсцы Жасцянка. Навучанне вялося па комплекснай сістэме. Адзін клас вывучаў “Нашу вёску”, другі — “Наш край”, трэці — “Наш горад”. Раз у тыдзень настаўнікі збіраліся на метадычнае аб’яднанне. На такім метаб’яднанні аднойчы паявіўся рэспектабельны малады чалавек. Думала, ён камандзіровачны, аказалася, таксама працаваў настаўнікам у суседняй вёсцы Зазерыца. Так у шаснаццаць гадоў я выйшла замуж за Рыгора Салодкіна і пераехала ў Зазерыцу. У нас нарадзілася дачка.
У 1936 годзе завочна паступіла на літаратурнае аддзяленне Магілёўскага педінстытута. Са мной вучыліся таксама Павел Усцінаў (надалей — загадчык Лепельскага РАНА), Аляксей Марунька (сакратар Лепельскага падпольнага райкама партыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны), Васіль Шаура (у будучым — міністр культуры БССР, загадчык аддзела культуры ЦК КПСС). Яны былі элегантнымі, насілі касцюмы ў палосачку. Дзяўчаты называлі іх англічанамі, і, вядома ж, аказвалі ім знакі ўвагі. Мне заставалася здаць экзамены па трох прадметах, калі пачалася вайна.
У 1937 годзе мужа арыштавалі як ворага народа. Мы жылі ў прыгранічнай паласе, дзе ў той час многіх жыхароў абвінавачвалі, што яны з’яўляюцца членамі контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая імкнецца далучыць Беларусь да Польшчы. А праз пяць дзён нарадзілася мая другая дачка. Да майго “няўдалага паходжання” дабавілася яшчэ і бірка “жонка ворага народа”.
У 1938 годзе мужа расстралялі. Увогуле, сярод нашых сваякоў рэпрэсіравалі і расстралялі пяць чалавек: сястру Любу і яе мужа, выпускніка Ціміразеўскай акадэміі, агранома, чырвонага камандзіра, а таксама мужа маёй сястры Ганны, святара, стрыечнага брата, афіцэра Уладзіміра Высоцкага.
У 1936 годзе праводзіў першую атэстацыю настаўнікаў загадчык акружнога аддзела адукацыі Кароль. Ён рэкамендаваў мяне для паступлення ў Ленінградскі педагагічны інстытут імя Герцэна. Але вынікі атэстацыі прызналі несапраўднымі, маўляў, яе праводзілі ворагі народа.
У выніку я неўзабаве з’ехала з раёна, на Сенненшчыну, працавала ў Мокрынскай сямігодцы, дзе і сустрэла вайну”.
У школе не было нават вокнаў
“Пасля вызвалення я апынулася ў Лепелі. Тагачасны загадчык РАНА Павел Усцінаў параіў мне стаць дырэктарам беларускай сямігадовай школы.
У Лепелі заняткі ў школах пачаліся 1 кастрычніка 1944 года. Працавалі дзве школы — №2 (дзесяцігодка), цяперашняя першая, і наша беларуская сямігадовая. Памылкова нашу школу аб’явілі рускай, а тую — беларускай. Да нас хлынулі жадаючыя вучыцца, было ўкамплектавана пяць першых класаў па сорак чалавек. Але хутка памылка высветлілася, пачаўся адток вучняў у другую школу. У нас засталося па адным класе з першага па чацвёрты (па сорак чалавек), і па адным класе з пятага па сёмы. Старэйшыя класы былі маленькімі. У іх вучыліся ў асноўным дзеці з бліжэйшых вёсак (Стаі, Стары Лепель, Чарнаручча і г. д.). У малодшых выкладалі Роза Фішкіна, Галіна Лохава, Ефрасіння Вішнеўская, Ганна Кудрава, у старэйшых — Кацярына Волкава (геаграфію, гісторыю), Антаніна Веснянок (беларускую літаратуру), Анатоль Ханяк (матэматыку, ваенную справу), які ў канцы лістапада 1944 г. быў мабілізаваны і адпраўлены на фронт.
У лютым 1945 года я перайшла працаваць у педагагічнае вучылішча, дзе мне прапанавалі весці педагогіку і псіхалогію.
У 1948 годзе мяне звольнілі з працы ў педагагічным вучылішчы: па-першае, што жыла на акупаванай тэрыторыі, і па-другое, што жонка “ворага народа”. Хаця мужа пасля вайны рэабілітавалі. На першы мой запыт адказалі, што ён памёр ад запалення лёгкіх, а пры наступным звароце я даведалася, што мужа 28 студзеня 1938 г. расстралялі.
Перайшла ў Поўсвіжскую школу. У 1950 годзе экстэрнам закончыла Мінскі педагагічны інстытут і атрымала спецыяльнасць выкладчыка педагогікі і псіхалогіі. За два гады я здала экзамены па трыццаці шасці прадметах.
Пры дырэктары Усцінаве стала працаваць у СШ №2 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, працавала дваццаць два гады — да выхаду на пенсію.
Я ўдзячна Богу за тое, што на маім шляху заўсёды сустракаліся добрыя людзі, якія падтрымлівалі мяне ў самых складаных сітуацыях, дапамаглі мне выстаяць, не зламіцца, не страціць надзею, застацца чалавекам”.
Вось такі няпросты лёс настаўніцы Клаўдзіі Салодкінай. Трагізм яе лёсу ў тым, што нарадзілася яна ў адну эпоху, а большую частку жыцця пражыла ў другой. Гэта, другая, эпоха ёй шмат чаго дала — адукацыю, любімую працу, мужа, сям’ю, надзейных сяброў, якія ніколі не здраджваюць. Але ж багата чаго і забрала — зноў жа, рэпрэсіраваны і расстраляны муж, пажыццёвае кляймо дваранкі і жонкі ворага народа, цкаванне на працы. Каб выстаяць у гэтых варунках, трэба быць моцным чалавекам. А Клаўдзія Мікалаеўна — менавіта з кагорты моцных.
Падрыхтаваў публікацыю Уладзімір МІХНО.
На здымку: Клаўдзія Салодкіна гутарыць з дзецьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.