З незамкнутай пабудовы

Індывідуальны прадпрымальнік з Лепеля на ноч не замкнуў дзверы надворнай пабудовы, што і дало магчымасць двум зламыснікам скрасці аўтамабільны радыятар. Урон — 200 тысяч рублёў. Аператыўнікі высветлілі, што крадзеж учынілі двое непрацуючых, 1978 і 1980 гадоў нараджэння, адзін з якіх быў раней судзімы за вымагальніцтва.

Аналагічную памылку дапусціла жыхарка Мінска, якая мае дачу ў Пераходцах. З незамкнутай кладоўкі злодзей забраў веласіпед, ацэнены гаспадыняй у 1,2 мільёна рублёў.

Міліцыянеры зладзюжку знайшлі хутка. Ім аказаўся непрацуючы жыхар той жа вёскі, 1962 года нараджэння.

Крадзеж з узломам

На жаль, і наяўнасць замка часта не становіцца перашкодай для злачынцы, асабліва калі той мае цвёрды намер пажывіцца. У ноч з 27 на 28 сакавіка злодзей адціснуў дзверы гаража, які належаў лепельскай пенсіянерцы, 1954 года нараджэння. Здабычай аматара чужога дабра сталі чатыры аўтамабільныя пакрышкі на суму 2,240 млн. руб.

І цыгарэта забівае

На працягу тыдня ў раёне адбыліся два пажары, загінулі людзі. 19 сакавіка ў 23.55 прыйшло паведамленне аб загаранні жылога дома ў Новых Валосавічах. Урон склаў пяць мільёнаў рублёў. На месцы пажару знойдзены труп гаспадыні дома, пенсіянеркі, 1947 года нара­джэння.

Другі пажар адбыўся а чацвёртай гадзіне ра­ніцы 25 сакавіка ў лепельскай кватэры, дзе жыў непрацуючы, 1970 года нараджэння. Агнём пашкоджаны сцены, столевае перакрыцце, маёмасць, у пакоі выяўлены труп гаспадара.

У абодвух выпадках прычынай трагедыі прызнана неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Абодва загінулыя былі схільныя да ўжывання спіртнога.

УПАДАБАЎ ПЛЭЕР

“Праз незамкнутае акно зладзюжка залез у мой дом і скраў DVD-плэер”, — так заяўляў рабочы КУП СГВ “Баброва”, жыхар аднайменнай вёскі. Урон ацэньваў у 324 тысячы рублёў. Высветлілася, што злачынства ўчыніў аднавясковец, 1985 года нараджэння, працаўнік таго ж прадпрыемства, раней судзімы за крадзеж. Вя­дзецца следства.

Жорсткае забойства

31 сакавіка ў 13.45 у двары дома непрацуючага, 1977 года нараджэння, лепяльчаніна знойдзены труп жанчыны са шматлікімі колата-рэзанымі ранамі. Жанчына, 1971 года нара­джэння, працавала ў кафэ “На Месяцы”. Падазроны ў забойстве затрыманы, вядуцца следчыя дзеянні.

Паводле матэрыялаў РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.