З палеткаў — на завод

Што ні кажы, а нават пры сучаснай механізацыі цяжкі шлях ільну з палеткаў на завод. З 645 гектараў выцерабленага даўгунцу траста звезена на льнозавод з 403 га. Асноўная прычына замаруджвання вывазу — дрэнныя ўмовы надвор’я, а дакладней, дождж. Скруціш у шчыльны, пругкі рулон трасту, а яна знутры пачне грэцца, прэць, гнісці. Таму для ўборкі трэба пагодлівая пара, калі на палях суха, а такіх дзянькоў, пагадзіцеся, апошнім часам усё меней і меней.


Каб траста хутчэй прасыхала, яе перад тым, як пусціць прэс-падборшчыкі, прыўзнімаюць спецыяльнымі ўспушвальнікамі. Такой тэхнікі ў льнозаводцаў маецца дзве адзінкі. На іх працуюць, можна сказаць, ветэран вытворчасці Аляксандр Гайко і малады трактарыст Яўген Мацкевіч. Некаторыя палеткі мужчыны нават апрацавалі двойчы. І ўсё ж зусім без шэфскай дапамогі на ўборцы льну не абысціся. Найбольш льнозаводцы ўдзячныя навучэнцам аграрна-тэхнічнага каледжа, якія выязджаюць штодня па 35, 40, нават да 55 чалавек. Выдатна працуюць таксама работнікі КУВП “Бароўка”, ДРАЦ “Жамчужына”, КУВП ЖКГ “Лепель” і шмат іншых. Яны ставяць лён у конусы, так траста хутчэй прасыхае. Пасля яе скручваюць у рулоны. Шкада толькі, што палеткі знаходзяцца далёка ад галоўнай вытворчай базы льнозавода, што стварае дадатковыя транспартныя расходы.
Працаўнікі льнозавода стараюцца выкарыстаць кожную пагодлівую гадзіну. Раней, каб дакладна ведаць прагноз надвор’я, звярталіся па даведкі на метэаралагічную станцыю. Навукова-тэхнічны прагрэс усё больш і больш уваходзіць у наша жыццё, вось і льнозаводцы асвоілі інтэрнэт і праз спецыяльныя сайты адсочваюць стан надвор’я ў рэальным часе, даведваюцца яго прагноз.
З 403 гектараў звезены 864 тоны льнотрасты. Уся траста ў рулонах, снапах сёлета не завозіцца. Нарыхтаваная сыравіна складаецца ў шаху, месца яшчэ застаецца і для той, што пакуль на полі. Шаха здольная прыняць да тысячы тон, таму патрэбы складаць сцірты пакуль што няма. Зроблена яна адносна нядаўна, таму можа адслужыць яшчэ шмат гадоў.
Сёлета лён, па прызнаннях работнікаў льнозавода, вырашчаны неблагі, сярэдні нумар яго адзінка. У меру вылежаны, змочаны, пасля — высушаны. Хаця былі па некалькі рулонаў нумарам 0,75, аднак прыблізна столькі ж і нумарам 1,25. Лепшая траста па традыцыі паступае ў першай палове верасня, калі сцяблы выдатна вылежаліся пад жнівеньскімі росамі, першыя восеньскія дожджыкі ў меру абмылі іх, а пасля прасушылі лагоднае сонейка і ветрыкі. З такой трасты большы выхад доўгага валакна.
Паводле падлікаў бухгалтэрыі, з 864 тон нарыхтаванай трасты павінна атрымацца не менш за 279 тон ільновалакна. Дарэчы, перапрацоўка сыравіны пачалася амаль адразу пасля яе прыбыцця на завод. На сёння выраблены і гатовыя да адгрузкі пяць тон доўгага і 27 тон кароткага льновалакна. Хаця большую цану мае доўгае валакно, аднак выхад яго абумоўлены ўласцівасцямі сартоў. Як казалі ў гутарках спецыялісты, сёлета год неблагі, валакністасць культуры добрая.
Абсталяванне на льнозаводзе хаця і старое, аднак мае магчымасць перапрацоўваць сцяблы льну да паўтара метра даўжынёй. Самая ж аптымальная даўжыня — 80 — 90 сантыметраў, якраз такая, як і большасць вырашчанай і нарыхтаванай трасты.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.