Каб старасць не стала адзінокай

Напярэдадні Дня пажылых людзей мы пагутарылі з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна Наталляй Івановай аб надзённых праблемах гэтай катэгорыі насельніцтва.
— Якія мерапрыемствы папярэднічалі сёлета гэтаму дню альбо былі прымеркаваны менавіта да яго?
— У раёне быў распрацаваны план мерапрыемстваў.

Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый былі накіраваны рэкамендацыйныя пісьмы для шанавання пажылых людзей, ветэранаў працы. Была арганізавана “прамая лінія” па пытаннях пенсійнага забеспячэння і надомнага абслугоўвання пажылых людзей. Работнікі культуры падрыхтавалі для іх святочны канцэрт, гандаль арганізаваў выставу-продаж кулінарных вырабаў.
— Якія яшчэ структуры былі задзейнічаны?
— Задзейнічана таксама ДАІ. Першага кастрычніка праводзіцца акцыя “Будзь уважлівей” з мэтай удзяляць увагу на дарозе пажылым пешаходам, падчас якой будзе арганізавана раздача адпаведных памятак аўтамабілістам. У школах увесь тыдзень з дваццаць сёмага верасня па пятага кастрычніка праходзіць аперацыя “Клопат”.
— Як будуць ушанаваны пажылыя людзі з сельскай мясцовасці?
— Мерапрыемствы для гэтай катэгорымі насельніцтва праходзяць па планах сельскіх саветаў.
— Што мяркуецца правесці ў “Святліцы”?
— “Святліца” сустрэне свята “Днём адкрытых дзвярэй”, прыме гасцей гурток “Ззянне душы” тэрытарыяльнага цэнтра, які выступіць перад пажылымі людзьмі з канцэртам “Хвала і гонар за пражытыя гады”.
— Ці задзейнічаны ў запланаваных мерапрыемствах самі пажылыя людзі?
— Абавязкова. Нядаўна была арганізавана экскурсія ветэранаў з клуба “Надзея” ў музей Пятра Міронавіча Машэрава ў Сянно. У Дзень пажылых людзей хор ветэранаў з Лепеля едзе з канцэртам ва Ушачы.
— І ўсё ж, важна, каб пра пыжылых людзей, пра іх праблемы памяталі заўсёды, а не толькі на свята.
— Наша служба заўсёды гатова прыйсці на дапамогу пажылому чалавеку. На гэты час на надомным абслугоўванні знаходзіцца 436 чалавек: у горадзе — 191, 245 — у вёсцы, з іх 112 адзінокіх. 42 сацыяльныя работнікі абслугоўваюць адзінокіх састарэлых людзей, працуючы на поўную стаўку, 77 чалавек займаюцца гэтай справай няпоўны працоўны час, як правіла, у вёсцы. Аддзяленне тэрміновай дапамогі сёлета аказала 370 разавых сацыяльных паслуг — па распілоўцы і сечцы дроў, дробным рамонце жылля, афарбоўцы, паклейцы шпалераў, касьбе і г.д.
— Ці аказваеце транспартныя паслугі?
— Так. Прымаем заяўкі пажылых людзей для дастаўкі іх па панядзелках і пятніцах у Віцебскі дыягнастычны цэнтр. Падвозім і па нашым горадзе, напрыклад, у лазню, у стаматалагічную паліклініку, дзеля чаго арганізавалі “сацыяльнае таксі”. Паслуга платная, але цалкам па прымальных цэнах.
— Якія яшчэ платныя паслугі можна атрымаць?
— У межах гуртковай работы арганізавана навучанне камп’ютарнай грамаце. Сёлета два чалавекі праходзяць такое навучанне.
— Як вырашаюцца жыллёвыя і бытавыя праблемы адзінокіх пажылых людзей?
— Сорак пяць адзінокіх састарэлых людзей жывуць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання “Святліца”. Дзевяць чалавек карыстаюцца паслугамі “гасцявой сям’і”. Гэта калі пажылых людзей запрашаюць у госці на святочныя і выхадныя дні. Ёсць у нас таксама і “дом зімоўкі”, у якім жывуць разам і атрымліваюць надомныя сацыяльныя паслугі два чалавекі. Распрацоўваецца пытанне арганізацыі дома сямейнага знаходжання, у якім бы жылі разам некалькі пажылых людзей, але пры гэтым не знаходзіліся б на дзяржаўным утрыманні, як, напрыклад, у “Святліцы”, а проста карысталіся б паслугамі сацыяльнага работніка. Досвед стварэння такіх дамоў ужо ёсць у Смаргоні і Вілейцы, і мы яго вывучаем.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.