Каб толькі надвор’е не падвяло

Корманарыхтоўчыя работы ў ААТ “Лядна” набралі тэмп, і стрымаць яго ў сіле хіба што адзіны фактар – неспрыяльнае надвор’е. Штодня на лугі выязджаюць больш дзесяці адзінак тэхнікі.

 Задача перад земляробамі стаіць канкрэтная – назапасіць не менш як па 35 цэнтнераў усіх відаў кармоў на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. У “Лядне” сёлета плануецца на зімовае ўтрыманне паставіць не менш за 1600 галоў. З іх дойнага статку — 470 галоў, астатняе — цёлкі і дарошчванне. У натуральным выражэнні для нармальнага, паўнавартаснага кармлення такой колькасці жывёлы патрабуецца нарыхтаваць 300 тон сена, 6200 тон травянога сенажу, 8500 тон кукурузнага сіласу і тысячу тон зерневага фуражу.

 Ад самага пачатку касавіцы ў гаспадарцы планавалі большы ўхіл зрабіць на нарыхтоўку сена. Да гэтага падштурхоўваў вопыт мінулага года, калі з-за праліўных дажджоў было вя­лікай праблемай нарыхтаваць кармы гэтага віду. Для сенакосу выдзелены палеткі з пераважнымі пасевамі цімафееўкі, а вось для нарыхтоўкі сенажу — з канюшынай, іншымі бабовымі травамі.

 У першыя чэрвеньскія дні сонца прыгравала, спрыяла нарыхтоўцы сена. Аднак далей хмары зацягнулі неба, штодня лілі дажджы. Каб не страціць ужо скошаныя і напалову высушаныя травы, было прынята рашэнне здрабніць іх і закласці ў траншэі. На палі выехалі агрэгаты КВК і КГ-6 пад кіраваннем Станіслава Смажэўскага і Юрыя Нікіфарава.

 Зараз надвор’е зноў палепшылася, скошаныя травы высыхаюць за пару дзён. Асноўная нагрузка пры скошванні траў кладзецца на трактар МТЗ-3022 і агрэгатаваную з ёй касілку КПР-9. Каб звесці да мінімуму марны прастой тэхнікі, арганізавана дзвюхзменная праца механізатараў Сяргея Маліноўскага і Аляксандра Шумаева. Скошаную травяную масу падварушваюць двое граблей, а як толькі сена падсохне да патрэбнай кандыцыі, у справу ўступае Галіна Матырка з прэс-падборшчыкам. Агрэгат спрэсоўвае сена ў рулоны да паўтоны вагой. Застаецца толькі пагрузіць іх ды завезці на склады, каб яны захоўваліся, недасяжныя для вільгаці, да зімы. На транспартныя работы выдзелена пяць трактараў з прычэпамі.

 Немалаважная дэталь – з усімі пастаўленымі задачамі па касавіцы гаспадарка ўпраўляецца ўласнымі сіламі, для вырашэння першачарговай задачы ў наяўнасці свае механізатары. Толькі на транспартных работах задзейнічаны трактарыст Алег Кляшторны, работнік дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. На сваім МТЗ-82 з прычэпам ён штодня перавозіць дзясяткі тон зялёнай масы, папаўняючы тым самым кармавую базу “Лядна”.

 І напрыканцы яшчэ некалькі лічбаў. Аптымальныя тэрміны правядзення касавіцы — 20 дзён, заўважым, некалькі з іх крыху сапсавалі дажджы. На гэтыя 20 напружаных дзён, паводле падлікаў спецыялістаў, ААТ “Лядна” спатрэбіцца не менш за 25,5 тон дызельнага паліва. Па словах галоўнага эканаміста гаспадаркі Таісы Дзямко, “Лядна” атрымала значную дапамогу дзяржавы на паліва ў выглядзе мэтавых крэдытаў на суму каля 40 мільёнаў рублёў. Яшчэ прыблізна такая ж сума была выдзелена на набыццё запчастак для сельгастэхнікі. Хаця грошы і невялікія, аднак працаўнікі здолелі навесці тэхніку, і яна зараз без значных зрываў працуе на палях.

С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.