Кандыдаты ў дэпутаты выступяць з перадвыбарнымі праграмамі па радыё і ТБ з 27 жніўня па 14 верасня

Аб гэтым паведаміў карэспандэнт БелТА з пасяджэння Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якім быў зацверджаны графік размеркавання паміж акруговымі выбарчымі камісіямі эфірнага часу для выступленняў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Цэнтральная камісія прыняла палажэнне аб парадку выкарыстання СМІ пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання.

Дакументам вызначана, што кандыдаты ў дэпутаты маюць права на адно бясплатнае выступленне са сваёй перадвыбарнай праграмай па дзяржаўным тэлебачанні і адно — па дзяржаўным радыё.

Графік размеркавання паміж акруговымі камісіямі эфірнага часу складзены такім чынам, каб у перыяд перадвыбарнай агітацыі кожны кандыдат у дэпутаты змог рэалізаваць прадастаўленае яму права.

Цэнтрвыбаркам прадугледзеў, каб выступленні прыпадалі на самыя рэйтынгавыя перыяды, калі найбольшая колькасць гледачоў і слухачоў знаходзіцца дома. Кандыдаты ў дэпутаты прадставяць свае перадвыбарныя праграмы ў рабочыя дні: у тэлеэфіры — з 19.00 да 20.00, па радыё — з 18.00 да 19.00. Тэле- і радыёдэбаты будуць праходзіць у той жа час, эфір для іх таксама будзе прадастаўлены бясплатна.

Прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, якія вылучаюцца па горадзе Мінску, змогуць агучыць сваю перадвыбарную праграму і паўдзельнічаць у дэбатах у эфіры тэлеканала “Беларусь 2” і на хвалях радыёстанцыі “Сталіца”. Кандыдаты, зарэгістраваныя па абласцях, акрамя Мінскай, выступяць па мясцовым тэле- і радыёвяшчанні. Асобам, якія балатуюцца ад Мінскай вобласці, эфірны час прадаставяць тэлеканалы “СТБ” і “Сталіца”.

Кожнаму кандыдату на перадвыбарнае выступленне будзе адведзена па пяць хвілін. Што датычыцца дэбатаў, то кожнай тэлерадыёкампаніі ЦВК прапанавана зарэзерваваць эфірны час з разліку пяць хвілін на кожнага кандыдата і пяць хвілін вядучаму. Калі з перадвыбарнымі праграмамі павінны выступаць толькі самі кандыдаты ў дэпутаты, то ў дэбатах таксама могуць удзельнічаць іх давераныя асобы.

На гэты момант аб’ём эфірнага часу для перадвыбарных выступленняў і дэбатаў запланаваны з разлікам на тое, што ўсе 494 чалавекі, якія падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, будуць зарэгістраваны і выкажуць жаданне дэбатаваць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.