Кветкі Марыі

Улетку яе можна часта сустрэць на вуліцы, дакладней, у дворыку ля свайго пад’езда. Завіхаецца ля клумбаў — поле ці палівае кветкі. Кветкі — яе стыхія. Поўна іх у дворыку. Ды не проста так сабе растуць, а на адмысловых клумбах. Для гэтага Марыя Пясоцкая мабілізавала ўсю сваю багатую фантазію, прыклала ўсе намаганні. На клумбах “ходзяць курачкі”, “пасвяцца гусі і качкі”, нават “конік” аднаго разу заблукаў у яе кветкавае царства. Вядома ж, уся гэтая жыўнасць

несапраўдная, іначай што б засталося насамрэч ад кветак? Любы падручны матэрыял Марыя Мікалаеўна адразу выкарыстоўвае па прызначэнні. І, дзякуючы яе нястомнай фантазіі, ён набывае абрысы канкрэтных вобразаў з яе творчай скарбонкі. У ход ідзе ўсё: папера, пластыкавыя бутэлькі, кавалкі старой непатрэбнай плёнкі, што засталася пасля земляробчых спраў і г. д.

 Поўна кветак і ў пад’ез­дзе. Высілкі Марыі Пясоцкай лягчэй было б зразумець, калі б мела яна свой прыватны дом. Як кажуць, мой дом — мая крэпасць. Але ж жыве ў звычайным гарадскім шматпавярховіку ў Лепелі на скрыжаванні бойкіх вуліц. Усё навокал агульнае, а таму, як быццам, “не маё” — і пад’езд, і дворык, і вуліца. Такая псіхалогія ў большасці людзей. Мікалаеўна — не з іх дзясятка. Яна імкнецца даказаць, што агульнае — гэта таксама сваё, а таму трэба ставіцца да яго па-гаспадарску: упрыгожыць наваколле, зрабіць яго ўтульным, камфортным, бо нам жа тут жыць!

 А таму і ў пад’ездзе, дзе жыве Марыя Мікалаеўна, — кветкі: то штучныя, зробленыя, зноў жа, з розных падручных матэрыялаў, а то і жывыя. Цікава, што яны тут, пры дэфіцыце святла, цудоўна растуць. Выходзіць, не столькі святло патрэбна кветкам, колькі цяпло рук чалавечых, энергія людской душы.

* * *

 За родны пад’езд узялася Марыя Пясоцкая капітальна, збірала грошы на фарбу, бегала да камунальнікаў, каб правесці рамонт. І ў выніку казённыя сцены паўсталі ў іншым святле, заззялі іншымі фарбамі. Нездарма колькі гадоў таму назад іх пад’езд быў прызнаны лепшым у горадзе, а яго жыхары атрымалі прызы і падарункі. Галоўнае, атрымалі яны сапраўднае задавальненне — жыць у камфорце і суладдзі. А жыхары іншых пад’ездаў атрымалі наглядны ўрок гаспадарлівасці. І няхай толькі хто паспрабуе паквапіцца на той камунальны камфорт і суладдзе, на варце якога пільна стаіць гаспадыня пад’езда Марыя Мікалаеўна Пясоцкая.

 Сама яна па прафесіі будаўнік, праўда, ужо пенсіянерка. Цікава склаўся яе няпросты працоўны лёс. Пачынала працу будаўніка… чатырнаццацігадовым падлеткам. Вось так узяла дзяўчынка і вылецела жаўтаротай птушачкай з роднага гнязда, якое звілі бацькі ў Новых Валосавічах. Гняздзечка было ўтульнае, сям’я працавітая, але ж дванаццаць душ разам. Паспрабуй іх пракарміць! Цесна стала Марыйцы ў родным гняз­дзечку, паляцела шукаць свой хлеб. Часіны пасляваенныя, суровыя, працоўныя рукі шмат дзе былі патрэбныя. Вось і ўзялі яе на будоўлю. Памятае, будавалі лазню гарадскую, па магазінах рамонты рабілі. Адначасова вучылася ў вячэрняй, бо да гэтага паспела скончыць толькі чатыры класы Валосавіцкай школы, што размяшчалася ў той час па хатах. Па выхадных наведвалася дадому.

 У шасцідзясятым, калі споўнілася ёй васямнаццаць, паехала па вярбоўцы ва Украіну з сяброўкай Маяй Гайсёнак, бо там давалі за працу цукар і пшаніцу. Пагрузяць заробленае і дадому адвязуць. Жылі ў інтэрнаце, працавалі на розных палявых работах, затым — на спіртзаводзе. Летам адпускалі ў адпачынак. Гады тры ці чатыры была Марыя ва Украіне. Пасля вярнулася на радзіму — на будоўлі. Закончыла шасцімесячныя курсы будаўнікоў у Полацку. Працавала маляром-тынкоўшчыкам. Атрымала кватэру ад ПМК, сама зрабіла ў ёй рамонт.

  Асабістае жыццё ў Марыі Мікалаеўны складвалася не меней цяжка, чым жыццё працоўнае. Замужам была двойчы, а ўрэшце засталася адна. Ад першага мужа нарадзіла двух сыноў — Генадзя і Алега. Муж памёр у сямі­дзясятым. Праз тры гады выйшла другі раз замуж, нарадзіла дачку Алену, якая, дарэчы, таксама будаўнік, жыве і працуе ў Лепелі.

* * *

  Калі стала падводзіць здароўе, урачы парэкамендавалі Марыі пакінуць шкодную працу, дзе мела справу з фарбамі, растваральнікамі і г. д. Уладкавалася ліфцёрам у бальні­цы, дзе працавала шмат гадоў, пакуль не выйшла на пенсію.

  Зараз Марыя Мікалаеўна на заслужаным адпачынку, але ці ж яна адпачывае? Кветак у яе поўна і ў кватэры — каалы, кітайскія ружы, фікусы… Многіх нават і назваў не ведае. З ахвотаю адгукаецца на просьбы суседзяў дапамагчы з рамонтам — і тады успамінае былую прафесію.

 У вольны час летам спяшаецца ў лес у грыбы і ягады. Не ся­дзіцца ў хаце актыўнай пенсіянерцы. Мо яно так і трэба: з людзьмі трэба жыць у суладдзі, дапамагаць ім, тады і табе дапамогуць, і да цябе прыхінуцца. Працы не цурацца — і тады старасць не падпільнуе  знянацку.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Марыя Мікалаеўна Пясоцкая.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.