Квітней, раённая сталіца!

Мой родны горад, блакітнавокі і непаўторны Лепель… Я вельмі ганаруся тым, што нарадзілася ў такім цудоўным жывапісным кутку, які з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым. І дзе б ні знаходзілася, мілы Лепель увесь час кліча да сябе, прыцягвае сваёй свежасцю і чысцінёй. Як прыемна прайсціся па ўтульных гарадскіх вуліцах, атрымаць асалоду ад паху свежых кветак, адпачыць ля блакіт­навокіх люстраў рэк і азёр!

 Пахмурнае надвор’е з раніцы не перашкодзіла добраму настрою гасцей, якія спяшаліся на плошчу Свабоды, дзе пачыналася свята горада. Менавіта тут па традыцыі праходзіць урачысты старт этапа Кубка па джып-трыяле. Увагу гледачоў прыцягнула выстава ваеннай тэхнікі. Хлопчыкі ахвотна абследавалі баявыя машыны. Нямала гледачоў сабрался таксама ля сельскагаспадарчай тэхнікі. Падыходжу да аднаго з камбайнаў і прашу расказаць аб яго асаблівасцях.

 — Камбайн “Big X 650” прызначаны для ўборкі правяленай масы, кукурузы. Гэта адна з навейшых мадэляў камбайна, якая мае вялікую працоўную магутнасць, — адзначае Аляксандр Ляйко.

 — Дзе вы працуеце?

 — У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.

 …Наваколле абудзілі звонкія акорды музыкі — з вуліц Данукалава і К. Маркса на плошчу выйшлі юныя госці свята — вучні школ, прадстаўнікі працоўных калектываў, якія сталі ўдзельнікамі святочнага шэсця.

 Паступова свята набірала ўсё большы размах. Ніхто не праходзіў міма фотавыставы “Лепель і лепяльчане”. Яркія фотаздымкі знаёмілі гледачоў з дзейнасцю гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Тут жа былі прадстаўлены работы вядомых лепельскіх фотамастакоў.

 Вуліцу Ленінскую ўпрыгожылі багатыя падвор’і, падрыхтаваныя ўмелымі гаспадарамі сельскіх саветаў. Паўсюдна гучалі звонкія акорды народных песень, узнімалі настрой рытмы беларускіх танцаў. Так, работнікі Бароўскага сельсавета шчодра запрашалі прахожых да Гасцінага двара “У Вольгі”. Вельмі апетытна выглядалі духмяныя пірагі, прыгатаваныя ўмелымі кулінарамі. Немагчыма было адвесці вачэй ад цудоўных кампазіцый, арыгінальных аплікацый, створаных выхаванцамі дзіцячага сада “Крынічка”. Бадзёрымі спевамі сустракалі гасцей ­удзельнікі вакальнай групы “Вадаграй”, работнікі Бароўскай музычнай школы. Ветліва запрашалі на сваё падвор’е жыхары іншых сельскіх саветаў, якія таксама прапаноўвалі пачаставацца смачнымі стравамі, павесяліцца і адпачыць.

 Самы ж галоўны сюрпрыз чакаў гледачоў на сцэне летняга амфітэатра. На сцэну выходзяць юныя і стройныя ўдзельніцы групы барабаншчыц-мажарэтак Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Узнёслы настрой падарылі гледачам выступленні народнага інструментальнага ансамбля “Сустрэча” Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, фальклорнага калектыву “Сунічкі” і народнага ансамбля жартоўнай песні “Грымзолі”. З усіх бакоў вітаюць гледачоў вясёлыя скамарохі, танцоры і гульцы. Бадзёра і радасна, вершамі яны заклікалі ўсіх гасцей на свята. Прыгажосці і непаўторнасці нашага сінявокага краю прысвяцілі сваю кампазіцыю ўдзельніцы ўзорнага ансамбля танца “Лілея” раённага Дома культуры. На сцэне з’явіліся дзве прыгажуні-вядучыя ў лёгкіх блакітных сукенках — гэта Ула і Эса, якія беражліва амываюць водамі наш край. Мілагучнай плынню са сцэны ліліся песні, прысвечаныя хараству Лепельшчыны.

 Па традыцыі гасцей свята сустракаюць з хлебам-соллю. Эса і Ула запрашаюць на сцэну старшыню райвыканкама Пятра Шыкшняна і шчыра просяць пакаштаваць чыстай крынічнай вады, духмянага хлеба ад роднай зямлі. Пётр Генрыхавіч цёпла павіншаваў лепяльчан і гасцей са святам горада.

 У гэты святочны дзень былі названы імёны людзей, якім прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна” за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё раёна, за канкрэтныя высокія дасягненні ў прафесійнай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасці. У іх ліку старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, Герой Сацыялістычнай працы Ганна Мазала і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.

 Дзень горада — выдатная нагода, каб адзначыць лепшых працаўнікоў раёна. За шматгадовую добрасумленную працу, высокія вытворчыя паказчыкі і ў сувязі са святам Ганаровымі граматамі райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель аўтамабіля КУВП ЖКГ “Лепель” Уладзімір Баранаў, электрагазазваршчык ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” Сяргей Судак і аператар машыннага даення кароў філіяла РУВП “Віцебскхлебпрам” СВП “Пражэктар” Таццяна Міхно. За высокія дасягненні на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных дысцыплінах, спартыўныя дасягненні і творчыя поспехі ў культурным жыцці раёна былі аб’яўлены падзякі старшыні райвыканкама Пятра Шыкшняна вучню пятага класа гімназіі імя І. Ерашова Аляксандру Пашкевічу, адзінаццацікласніку Бароўскай СШ Радзівону Мадатаву, вучню дзясятага класа сярэдняй школы №3 Яўгену Міхно, выпускніцы гімназіі імя І. Ерашова Крысціне Церашковай і Алене Карпіцкай, вучаніцы дзясятага класа гімназіі імя І. Ерашова.

 Цёплыя апладысменты і шчырыя пажаданні прагучалі таксама ў адрас людзей, узнагаро­джаных Ганаровымі граматамі Лепельскага раённага Савета дэпутатаў. За актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў па жыццезабеспячэнні насельніцтва Лепельскага раёна Ганаровую грамату раённага Савета атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анфім Міхалевіч. За высокае прафесійнае майстэрства, асабісты ўклад, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Лепельскага раёна ўзнагароджана Граматай намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Лепельскі МКК” Жанна Абашава. Іван Блажко, старэйшына вёскі Новыя Валосавічы, атрымаў Ганаровую грамату за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета і аказанне дапамогі насельніцтву ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння.

 Напярэдадні святкавання Дня горада па традыцыі былі падведзены вынікі агляду-конкурсу суб’ектаў гаспадарання на лепшае добраўпарадкаванне, азеляненне і ўтрыманне прылеглых тэрыторый. Першае месца заняла сярэдняя школа № 3, другое — чыгуначная станцыя “Лепель”, трэцяе — КУВП ЖКГ “Лепель”. У намінацыях “Лепшы дом” і “Лепшы двор” пераможцам прызнаны дом Віктара Азаронка, які знаходзіцца па вуліцы В. Маргевіч, 33.

* * *

 Цудоўныя спевы, яркія танцавальныя кампазіцыі і мілагучныя акорды музыкі зліліся ў адзіны ўзнёслы гімн, прысвечаны роднаму гораду. Парадавалі гледачоў вучаніца Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Сездзіна, вакальная група Слабадскога СДК, дзіцячы калектыў “Таўкачыкі” Поўсвіжскага філіяла Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, народны фальклорны клуб “Кругаверць” Лепельскага РДК, вакальная група “Вяселіца” і іншыя калектывы Лепельшчыны, вядомыя спевакі нашага раёна.

 Мноства яркіх уражанняў у гледачоў пакінула выступленне спартсменаў — юных дзюдаістаў, гандбалістак, цяжкаатлета. Лепельшчына ганарыцца імёнамі майстроў грэблі на байдарках і каноэ — майстра спорту міжнароднага класа, двойчы Чэмпіёна Еўропы, прызёра этапа Кубка Свету Мікіты Квяцінскага, кандыдата ў майстры спорту, шматразовага пераможцы Першынства Рэспублікі Беларусь Аляксандра Гінтофта, майстроў спорту міжнароднага класа, шматразовых прызёраў Чэмпіянату свету, Еўропы па барацьбе дзюдо, самба і іншых відах спорту.

 Цудоўным падарункам роднаму гораду стала песня “Лепель”, якую выканалі Віталь Хватынец, Дзіна Грынь і ўсе ўдзельнікі канцэрта.

* * *

 Паступова свята разгаралася ўсё ярчэй. З выдатнай канцэртнай праграмай выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці Бешанковіцкага раёна і іншыя артысты.

 Свет невычэрпнай творчай энергіі, фантазіі і натхнення адкрыўся перад гледачамі ў Гора­дзе майстроў, адкрытым у гарадскім парку. Кожны з гасцей атрымаў непаўторныя ўражанні, убачыўшы цудоўныя вырабы майстроў Лепельскага раённага Дома рамёстваў, юных выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, народных умельцаў, вядомых майстроў Лепельшчыны. Арыгінальныя вырабы з саломкі, саматканыя паясы, вырабы з лазы, беларускія лялькі, выцінанка, шматлікія сувеніры радавалі вочы гасцей. Ніхто не праходзіў міма цудоўных вырабаў з гліны народнага майстра Сяргея Шчэрбы, які прыехаў на свята з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна. Сяргей вырабляе посуд, разнастайныя сувеніры з гліны на працягу 20 год. У кожны са сваіх твораў майстар укладвае часцінку душы. Кожнаму з гледачоў хацелася ўзяць у рукі арыгінальны гліняны гаршочак, паслухаць, як спявае птушка-свістулька.

 — На свята горада Лепеля я прыехаў упершыню, — адзначае Сяргей. — Вельмі прыемна, што сярод мясцовых жыхароў шмат людзей, якія цэняць народную творчасць, захапляюцца рамяством.

 У чарговы раз уразілі сваімі непаўторнымі работамі вядомыя лепельскія мастакі Іван Будзіч, Аляксандр Саўчанка, Марына Будрэвіч, майстар разьбы па дрэве Ігар Будрэвіч, якія прадставілі свае шыкоўныя карціны на вернісажы.

 Шмат святочных сюрпрызаў у гэты дзень было падрыхтавана і для маленькіх гасцей. На ўзбярэжжы возера малышы гушкаліся ў вялікіх на­дзіманых шарах, скакалі ў паветраным замку. Гасцінна запрашалі наведвальнікаў багатыя гандлёвыя рады філіяла “Каапгандаль” Лепельскага райспажыўтаварыства, “Ваенсэрвіс” і г.д. Бацькі ахвотна набывалі для сваіх малышоў рознакаляровыя сюрпрызы. Сярод гасцей свята знайшлося нямала жадаючых пакаштаваць салдацкай кашы ў “Паходнай кухні”.

 Немагчыма было прайсці міма школьнага кірмашу “Лепельшчына шчодрая”, падрыхтаванага юнымі гаспадарамі сярэдніх школ раёна. Звычайныя садавіна, гарод­ніна ператварыліся ў арыгінальных казачных персанажаў. Пакупнікі любаваліся непаўторнымі экспанатамі і ахвотна набывалі свежыя яблыкі, бульбачку, моркву і г.д. Першае месца ў школьным кірмашы занялі юныя гаспадары сярэдняй школы № 3.

 Прыхільнікаў мастацкай творчасці запрасіў раённы краязнаўчы музей, дзе адбылося адкрыццё выставы работ У.К. Бялыніцкага-Бірулі, прысвечанай 140-годдзю з дня нара­джэння беларускага мастака і 100-годдзю дачы “Чайка”. Тут жа адбыліся адкрыццё адной карціны У.І. Пракапцова “Рані­ца юнага мая” (па матывах работ  У.К. Бялыніцкага-Бірулі), а таксама прэзентацыя кнігі “У.К. Бялыніцкі-Біруля”.

 На працягу ўсяго святочнага дня шчыра весяліліся і пажылыя, і моладзь.

 Шмат святочных падарункаў для жыхароў горада было падрыхтавана і ў вячэрні час. На сцэне летняга амфітэатра выступілі госці з Мінска — удзельнікі прафесійнага калектыву “Федэрацыя”. Шмат станоўчых эмоцый у гледачоў выклікала вогненна-лазернае шоу, з якім выступілі артысты са сталіцы. Яркім завяршэннем Дня горада стаў святочны феерверк.

 Пакідаю свята з цудоўным святочным настроем, і ад сэрца ідуць шчырыя пажаданні: “Расці і квітней, мілы сінявокі Лепель! Твая шчырасць і гасціннасць бязмежныя, а прыгажосць і хараство непаўторныя! Няхай з кожным годам толькі квітнеюць твае прасторы, ты ж сустракай сваіх жыхароў і гасцей з адкрытым сэрцам!”.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.   

  На здымках: ветліва сустракаюць прахожых гаспадары падвор’я Баброўскага сельсавета; выстава ваеннай тэхнікі на плошчы Свабоды; арыгінальны самаробны вазок Валосавіцкага сельсавета; радуюць гледачоў цудоўнай кампазіцыяй удзельніцы ўзорнага анса­мб­ля танца “Зачаравашкі” дзіцячай школы мастацтваў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.