Клопат асабісты — карысць агульная

На чарговай, трыццаць першай сесіі Лепельскага раённага Савета дэпутатаў выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра са справаздачай аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і аб стане спраў на тэрыторыі Лепельскага раёна.


Па выніках работы за студзень — верасень бягучага года з 17 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна выканана шэсць — інвестыцыі ў асноўны капітал, рознічны тавараабарот, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці, экспарт тавараў і паслуг у цэлым без рэспубліканскіх прадпрыемстваў, сальда таварамі і паслугамі без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў.
За студзень — верасень прырост вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму склаў 10,2 працэнта, вытворчасць прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях зменшылася на тры працэнты. Удзельная вага затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый складзе 40 працэнтаў, удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі — 24 працэнты, рэнтабельнасць з продажаў у прамысловасці і арганізацыях сельскай гаспадаркі — адпаведна 12 і 3,5 працэнта, паказчык па энергазберажэнні знаходзіцца на ўзроўні “мінус шэсць працэнтаў”. Уведзена ў эксплуатацыю сем тысяч 849 квадратных метраў жылых дамоў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) у разліку на аднаго работніка складзе 30 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце, сярэдні заробак за дзевяць месяцаў — чатыры мільёны 600 тысяч рублёў пры гадавым заданні пяць мільёнаў 537 тысяч рублёў.

* * *
Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні дэпутат звярнуў на ролю дэпутата ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем грамадзян. Важнейшай задачай з’яўляецца павышэнне ролі і адказнасці органаў улады на месцах, у першую чаргу сельскіх Саветаў дэпутатаў. Абласным Саветам дэпутатаў у свой час была пастаўлена задача фарміраваць бюджэты першаснага ўзроўню за лік уласных даходаў не менш за 70 працэнтаў, у тым ліку за лік падаходнага падатку. Задача была паспяхова выканана.
За восем месяцаў падатак на зямлю быў выкананы на 63 працэнты да гадавога задання. Лепш працуюць у гэтым накірунку Горскі сельвыканкам — 92,9 працэнта, Стайскі — 84,2, горш — Каменскі (39,5), Домжарыцкі і Бароўскі (40 і 42,3 працэнта адпаведна). Горш працуюць сельсаветы па зборы падаткаў на нерухомасць — гадавое заданне выканана на 33,8 працэнта, каля паловы сабрана ў Баброўскім і Горскім сельсаветах, крыху больш за дваццаць — у Валосавіцкім і Домжарыцкім. Практычна сельвыканкамы не займаюцца падаткам з уладальнікаў сабак, штрафамі.
Кардынальна змянілася матэрыяльная база сельскіх выканаўчых камітэтаў — усе яны забяспечаны транспартам, аргтэхнікай, мабільнай сувяззю, завершаны капітальны або бягучы рамонты адміністрацыйных будынкаў, працягваюць добраўпарадкоўвацца тэрыторыі сельсаветаў. За справаздачны перыяд абуладкаваны пешаходныя дарожкі, ганак, пад’езды да будынкаў Пышнянскага сельвыканкама, на што было зрасходавана 62 мільёны рублёў, на абуладкаванне тэрыторыі Домжарыцкага сельвыканкама затрачана 58,2 мільёна рублёў. Акрамя таго, закуплены і высаджаны кусты на тэрыторыі, якая прылягае да будынкаў Горскага сельвыканкама на суму сем мільёнаў рублёў, Бароўскага — 4,2 мільёна рублёў.
У цяперашні час пачаліся работы па будаўніцтве пандуса да ганка будынка Каменскага сельвыканкама, праходзіць тэндар па вызначэнні падрадчыка па капітальным рамонце будынка Баброўскага сельвыканкама, на што першапачаткова выдзелена 600 мільёнаў рублёў.

* * *
На абслугоўванне і ўтрыманне вуліц сельскіх населеных пунктаў у гэтым годзе выдзелена 745 мільёнаў рублёў, за восем жа месяцаў асвоена 467 мільёнаў. Абуладкаваны таксама пад’езд да зоны адпачынку на возеры Окана ў вёсцы Селішча Стайскага сельсавета, на што зрасходавана больш за сорак мільёнаў рублёў, на асфальтаванне вул. Школьная ў вёсцы Матырына Баброўскага сельсавета затрачана 45 мільёнаў рублёў. Праведзены таксама ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця дарог у вёсках Бароўка, Заслонава, закончана асфальтаванне пад’езда да дзіцячага сада ў вёсцы Заслонава.
Са сродкаў добраўпарадкавання сёлета 230 мільёнаў рублёў выдзелена на ўтрыманне і абуладкаванне грамадзянскіх могілак, з іх на УНК КУВП ЖКГ “Лепель” — 135 мільёнаў рублёў і КУВП “Бароўка” — 95 мільёнаў.
Асаблівую ўвагу старшыні сельвыканкамаў удзяляюць добраўпарадкаванню вясковых могілак. Каб іх спілаваць, прыходзіцца выклікаць альпіністаў з Полацка, Віцебска, паслугі якіх вельмі дарагія. Толькі ў гэтым годзе за выдаленне аварыйных дрэваў на могілках вёскі Зорніца і аграгарадка Горкі Горскага сельсавета пералічана 11 мільёнаў рублёў, аграгарадку Старое Лядна — 16,5 мільёна рублёў, вёсцы Забароўе — шэсць мільёнаў. Гэта зона абслугоўвання КУВП “Бароўка”.
На абуладкаванне вёскі Верабкі было затрачана 20 мільёнаў рублёў, аграгарадка Вялікі Поўсвіж — 9,2 мільёна рублёў.
Альпіністы не займаюцца вывазам рэшткаў спілаваных дрэваў, таму прыходзіцца выклікаць работнікаў камунальнай службы і несці дадатковыя затраты, а грошы з раённага бюджэту ідуць за межы раёна.
Мікалай Місюра таксама адзначыў, што сельвыканкамам трэба прыцягваць да добраўпарадкавання могілак вяскоўцаў.
У мясцовых органаў улады шмат надзённых задач па рашэнні жыццезабеспячэння насельніцтва. Сярод прыярытэтных накірункаў — сумесная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, навядзення парадку на зямлі.
Вядома, гэта работа не датычыць эканамічнай сферы і напрамую не ўплывае на вынікі гаспадарчай дзейнасці. Аднак гэта пытанне культуры нашага паўсядзённага быту, агульнай культуры насельніцтва і кожнага чалавека паасобку. Пытанні добраўпарадкавання заўсёды павінны знаходзіцца ў цэнтры ўвагі органаў дзяржаўнага кіравання.
За кожным з нашых населеных пунктаў — а іх 225 — замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі раёна, службовыя асобы, адказныя за рэалізацыю мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Сумеснай пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама даведзены заданні па аказанні шэфскай дапамогі.
Аналагічныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў прыняты ўсімі сельскімі Саветамі дэпутатаў у разрэзе кожнага населенага пунтка.
З двухсот мільёнаў, выдзеленых на добраўпарадкаванне, у цяперашні час завяршаюць работы па ўстаноўцы агароджаў месцаў агульнага карыстання ў вёсках Грыгаравічы Валосавіцкага і Юркоўшчына Стайскага сельсаветаў, на што выдзелена 54 мільёны рублёў сродкаў раённага суботніка, астатнія ж прыйдзецца шукаць сельвыканкамам.
Адрамантаваны агароджы ў вёсцы Чарнаручча Лепельскага сельсавета, аграгарадку Баброва Баброўскага сельсавета, абуладкаваны ўезд у аграгарадок Баброва, устаноўлена альтанка, абсталявана зона адпачынку са сталамі і лаўкамі, набыта і ўстаноўлена дзіцячая гульнёвая пляцоўка ў вёсцы Бароўка коштам 110 мільёнаў рублёў.
З пачатку года пабудаваны тры новыя шахтавыя калодзежы: адзін — у вёсцы Домжарыцы, два — у вёсцы Гарадчэвічы, 29 калодзежаў адрамантавана.
Сіламі прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ЛДРБУ №202 праведзены рамонт і паляпшэнне дарожнага пакрыцця вуліц, больш за дваццаць кіламетраў дарог, якія знаходзяцца на балансе гэтых арганізацый. Устаноўлена і адраманатвана 5,2 кіламетра агароджаў у населеных пунктах, абуладкавана 23 грамадзянскія могільнікі, пасаджана 230 дрэваў, 270 кустоў, каля ста тысяч кветак, вырублена 166 сухіх і аварыйных дрэваў.
З арганізацый-шэфаў, замацаваных за сельскімі населенымі пунктамі, больш актыўна папрацавалі ў Каменскім сельсавеце ААТ “Віцебсклес” пад кіраўніцтвам Віктара Жарнасека і ДКУБП “Лепельская ПМК-75” на чале з Яўгенам Дзівіным, у Слабадскім сельсавеце зладжана папрацавалі работнікі філіяла РПУ “Лепельрайгаз” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лабунова.
У раёне актыўна практыкуюцца выязныя пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, у ходзе якіх, акрамя асноўных пытанняў павесткі дня, у абавязковым парадку аналізуецца работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў.
Аб тым, наколькі плённая і важная работа кожны дзень вядзецца дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў на пасяджэннях прэзідыума, сесіях раённага Савета дэпутатаў, адзначылі ў сваіх выступленнях дэпутат па Поўсвіжскай выбарчай акрузе №22, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тамара Бароха, старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын, Тамара Хацкевіч, старшыня Валосавіцкага сельвыканкама, дэпутат па Пышнянскай выбарчай акрузе №29, начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Анатоль Купрэвіч.
У ходзе сесіі раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні, па кожным з якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.