Лепельскі след “кацюш”

— Cтой, хто такія? — стомлены лейтэнант выйшаў на сярэдзіну моста і ўскінуў руку ўверх — «спыніцеся!», а салдат насцярожана падняў вінтоўку. Маёр заглушыў матор матацыкла, упэўненай хадой пакрочыў насустрач. У матацыклетнай калясцы знерухомеў кулямётчык у чырвонаармейскай форме.
— Прапусціць, свае! Няма часу! — адразу загадаў маёр.
Лейтэнант казырнуў і хацеў сказаць, што мост замініраваны, што не мае права нікога прапускаць, не праверыўшы дакументы. Замінку маёр расцаніў па-свойму, вокамгненна выхапіў пісталет і разрадзіў у таго ўсю абойму. Кулямётчык дакладнай кароткай чаргой прашыў чырвонаармейца.


Тым часам з пагорка ўжо спускалася варожая мотапяхота. Шлях на Лепель з боку Мінска быў адкрыты. Немцы захапілі горад нечакана. Яшчэ другога ліпеня разведка 14-й танкавай дывізіі даносіла, што праціўніка на подступах не выяўлена. Хоць перадумовы былі. У той жа дзень адразу 15 самалётаў нанеслі масіраваны і дакладны ўдар па райцэнтры: быў разбіты ваенкамат, загінулі амаль усе, хто быў там. Кажуць, што і тут спрацавалі дыверсанты: з зямлі падалі ўмоўны сігнал.
Абараняцца павінен быў мясцовы гарнізон, і генерал-маёр Церпілоўскі, прызначаны камендантам, збіраў наяўныя сілы, каб адбіць атаку. Увага была прыкавана да заходняга кірунку, да Докшыцкага боку, дзе яшчэ нядаўна праходзіла дзяржаўная мяжа з Польшчай. Там нёс ахову 13-ы памежны атрад, але ўвечары 2 ліпеня ў штаб гарнізона прыйшла тэрміновая дэпеша: «у 18.00 часцямі праціўніка занята Беразіно».
Супакойвала тое, што, адыходзячы, памежнікі ўзарвалі мост праз Бярэзіну. «Значыць, пэўны час яшчэ ў нас ёсць», — меркавалі ў штабе. Аптымізму дадавала таксама паведамленне маёра Хадакоўскага: ззаду немцаў “часці Чырвонай Арміі (Марозава), адыходзяць у бок Круляўшчызны, вядуць баі…»
На Мінскім напрамку было адносна спакойна. 29 чэрвеня начальнік Лепельскага гарнізона дакладваў камандаванню, што «дзве калоны танкаў рухаліся з напрамку Лагойска на Барысаў і на Смалявічы», а чырвонаармейцы трымалі пад кантролем шашу на Лепель. І выходзіла, што фашыстаў не цікавіла галоўная дарога на Лепель, яны пайшлі ў абход.
А «танкі прарваліся злева …» — занатавана ў франтавым дзённіку начальніка разведвальнага аддзялення 14-й танкавай дывізіі капітана Шапіры, які па абавязку службы сачыў за развіццём падзей у паласе абароны.
Даведка. Шапіра Рыгор Якаўлевіч. У РККА з 1930 года. У 1931 — 1933 гг. — шыфравальшчык, памочнік начальніка 8-га аддзела ў штабе Ленінградскай ваеннай акругі. Выпускнік ваеннай акадэміі матарызацыі і механізацыі імя Сталіна. Удзельнік вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь. За ўдзел у Фінскай вайне ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З ліпеня 1940-га — начальнік разведкі 14-й танкавай дывізіі 7-га механізаванага корпуса…
Цікавы штрых у біяграфіі Шапіры. Калі 14-я дывізія, што дыслакавалася ў падмаскоўным Нара-Фамінску, апынулася на Заходнім фронце, капітан атрымаў тэрміновае заданне эвакуіраваць з Мінска артыстаў МХАТа. З даручэннем справіўся. Праўда, даволі дзіўнае заданне. Так, артыстаў трэба ратаваць, як і любога чалавека, але чаму гэтым займаўся шыфравальшчык і разведчык?
Затым Шапіра «не раз праязджаў на танку шлях ад Віцебска да Лепеля». Навошта? Вывучаў становішча — да таго часу яго дывізія знаходзілася ўжо ў Сенненскім раёне і рыхтавалася да кровапралітных баёў з немцамі. Афіцэр быў знаёмы з тутэйшай мясцовасцю, бо тут прайшлі яго дзіцячыя гады, у Віцебску была пахавана яго маці, да рэвалюцыі служыў дзед, а сам Шапіра праходзіў тэрміновую службу. Пасля капітан загінуў, а яго асабістыя рэчы — запісную кніжку — перадаў на захоўванне ў Лепельскі краязнаўчы музей яго ўнук, цяпер дацэнт МДУ Рыгор Прутцкоў.
Аліна Стэльмах, дырэктар музея, прааналізавала звесткі, якія паступалі ад Шапіры, аб становішчы ў Лепелі напярэдадні акупацыі і параўнала з іншымі падобнымі данясеннямі. Па яе даных, у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня разведку адносна Лепеля вяла не толькі 14-я танкавая дывізія, але і названы мною штаб Лепельскага гарнізона, і дзве стралковыя дывізіі, 155-я і 186-я, і авіяцыйная 12-я.
«А танкі прарваліся злева …» Захоп адбыўся хуткаплынна і нечакана. Чаму ж Лепельскі гарнізон не ўтрымаў райцэнтр? Сюды ж адышлі з-пад Вільні рэшткі пяхотнага і размяшчалася Лепельскае артылерыйска-мінамётнае вучылішча. Дадаліся таксама байцы 13-га пагранічнага атрада, што адступілі з-пад Беразіна. Так, шчыльнай абароны вакол Лепеля не было, хоць абарончая мяжа была вельмі зручная: з Захаду — балота і рэчка з каналам, з поўдня — балоты і некалькі рэк; з поўначы — возера і полацкі рэдут. Пратрымацца можна было доўга. Мажліва, такая акалічнасць і абумовіла ўмацаванне абарончага рубяжу. Мусіць, таму гарнізону і былі прыдадзены толькі невялікія асобыя падраздзяленні: 103-і супрацьтанкавы і 58-ы сапёрны батальёны, а таксама частка 161-га знішчальнага палка і воіны яшчэ аднаго сапёрнага батальёна — 169-га. Увогуле, сілы нязначныя, здольныя выконваць хіба што спецыфічныя задачы. Праўда, было яшчэ адно незвычайнае падраздзяленне — артылерыйскі дывізіён з рэзерву галоўнага камандавання. Аднак пра яго ролю ў абароне Лепеля звестак наогул няма, як не знайшоў я і даных аб характары яго ўзбраення.
Гарнізону ўжо на пяты дзень вайны была пастаўлена неадназначная задача. Вось архіўная даведка Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, апублікаваная ў «Кнізе памяці Лепельскага раёна»: “26.06.41 г. Лепельскае мінамётнае вучылішча атрымала баявую задачу абараняць Лепельскі напрамак і г. Лепель да поўнай эвакуацыі вайсковых складоў”. Склады сталі асноўным клопатам ваеннага камандавання Чырвонай Арміі, калі з’явілася пагроза акружэння. Эвакуацыя працягвалася, пакуль далёка на подступах да Лепеля пяхотныя дывізіі стрымлівалі націск праціўніка. А 1 ліпеня, чытаем далей, «быў атрыманы з ГАУ (галоўнае артылерыйскае кіраванне) загад аб выпуску 800 курсантаў і перадыслакацыі вучылішча з 3 ліпеня ў г. Мажайск. У гэты ж дзень быў атрыманы агульнавайсковы загад ад камандзіра 64-га корпуса (г. Віцебск) аб тым, каб вучылішча да раніцы 4.07.41 г. заняло абарону на Заходняй Дзвіне … » Гаворка вялася, хутчэй за ўсё, аб 62-м корпусе, таму што 64-ы знаходзіўся вельмі далёка не толькі ад Віцебска, але і ад Беларусі — на Паўднёва-Заходнім фронце. Зразумела, не гэта галоўнае. Сутнасць у тым, што ў адзін дзень атрыманы адразу два супярэчлівыя загады.
Што ж здарылася? Успамінае намеснік начальніка артузбраення Лепельскага артылерыйска-мінамётнага вучылішча ваентэхнік другога рангу М. Буткевіч: «У апошнія дні чэрвеня … атрымаў загад адвезці дзве машыны маёмасці артмайстэрні, ужо загружаных, на рампу ст. Лепель, разгрузіць і пакінуць вартавых. Па тэлефоне ўдакладніць у ваеннага каменданта час прыбыцця эшалонаў для эвакуацыі вучылішча. Па прыбыцці ў Лепель быў здзіўлены тым, што не сустрэў ніводнага жыхара. Вуліцы былі пустыя. Сляды бамбёжкі, абарваныя правады, выбітае шкло вокнаў і вітрын крам… З’явіўся пажылы чыгуначнік, які паказаў, адкуль можна патэлефанаваць у Оршу. Сувязь спрацавала адразу. Камендант пацікавіўся становішчам у горадзе і паабяцаў да вечара даслаць эшалон. З гэтым я і вярнуўся ў Бароўку, далажыў начальству. Сталі загружаць яшчэ дзве машыны… Перад адпраўленнем прыбег адзін з пакінутых у Лепелі вартавых. Далажыў, што як толькі мы ад’ехалі ад вакзала, па іх адкрылі агонь з пралятаўшай «рамы», з гарышча вакзала і воданапорнай вежы. Яны вымушаны былі адысці агародамі да моста праз канал (плаціна электрастанцыі). На мосце стаяў танк і сустрэў іх кулямётным агнём. Паездка была адменена і больш не аднаўлялася…» Буткевіч кажа, што гэта было «ў апошнія дні чэрвеня». Шчыра кажучы, хутчэй за ўсё, гэта было ў самым пачатку ліпеня. Ён ехаў на станцыю, каб удакладніць час прыбыцця эшалона за курсантамі. А загад аб перадыслакацыі быў атрыманы, як мы памятаем, 1 ліпеня. Атрымліваецца, што яшчэ да з’яўлення асноўных сіл у горадзе гаспадарылі «госці». На дэсант намякае ў сваіх запісах і разведчык Шапіра: «Упадабаныя метады немцаў — вельмі подлыя: напасці знянацку, дыверсанты і ўсякія такія нумары. Удару ў лоб яны не вытрымліваюць…»
Што ж зрабіў начальнік гарнізона, каб знішчыць “пярэваратняў” з горада і ачысціць чыгуначную станцыю для завяршэння эвакуацыі?
Звернемся зноў да ўспамінаў ваентэхніка другога рангу М. Буткевіча: “7 ліпеня я падвозіў боепрыпасы да Бешанковічаў… Па дарозе… сустрэў фурманку, на якой ехалі камандзір першага батальёна вучылішча маёр Сярэбранікаў і начальнік штаба старшы лейтэнант (прозвішча не памятаю). Яны пераселі ў машыну, і я іх павёз на КП да генерала. Па дарозе мне старшы лейтэнант расказаў, што іх батальён паслалі ў абход Лепельскага возера, каб падысці да Лепеля з захаду і выбіць нямецкі дэсант. За возерам яны былі акружаны нямецкімі танкамі. Многія загінулі…”
Курсанты нарваліся на калону танкаў, прынялі бой, але што яны маглі зрабіць з браніраванай моцай вермахта? Эвакуацыя была сарваная. Да таго ж у гарнізон паступілі звесткі, што і рэйкавы шлях на Оршу месцамі захоплены праціўнікам і пашкоджаны. Вось чаму быў супярэчлівы загад: як толькі стала вядома аб з’яўленні калоны танкаў і зрыве звакуацыі, паступіла чарговая дэпеша — адыходзіць да Дзвіны пад прыкрыццё высокіх берагоў ракі, па адзінай свабоднай дарозе на Віцебск, непасрэдна з Бароўкі.
Чаму ж гітлераўцы мэтанакіравана рваліся да Лепеля, загадзя расчысціўшы шлях? Сам Лепель наўрад ці цікавіў. Мяркуйце самі: у горадзе няма ні заводаў, ні фабрык, адна чыгуначная станцыя, ды і тая тупіковая — толькі выхад на ўсход, на Оршу. І насельніцтва невялікае — крыху больш за 10 тысяч чалавек. Ну чым ён мог яшчэ ўвесці ў зман? Прынадным кавалачкам была Бароўка, але не таму, што там знаходзіўся санаторый. На ўсход ад горада былі два ваенныя гарадкі, злучаныя паміж сабой чыгункай, якая адгаліноўваецца ад рэйкавага шляху Орша — Лепель. У будаўніцтве дарогі непасрэдны ўдзел прымаў знакаміты дыверсант, цяпер легенда рускага спецназа Ілья Старынаў, а на ўрачыстае адкрыццё ў 1925 годзе першым цягніком прыехаў маршал Тухачэўскі. Мабыць, тады і быў закладзены пры сталёвай магістралі ваенны гарадок.
Лета 1936 года… Праводзяцца вялікія вучэнні-манеўры войскаў Чырвонай Арміі. Сюды наведваецца сам Клімент Яфрэмавіч Варашылаў — наркам абароны СССР. Ці не гэта сведчанне таямнічага характару расдыслакаванага кантынгенту? Першае вайсковае фарміраванне, раскватараванае пад Лепелем, было незвычайнае, адна згадка пра яго варта была жыцця многім людзям. Знаёмячыся са справамі рэпрэсіраваных у 1937 годзе землякоў, знайшоў звесткі аб 79-м стралковым палку. Там, дзе ў пратаколах допытаў фігуравала згаданая часць, арыштаваным «прыпісвалі» здабычу звестак на карысць польскай разведкі. Была нават асобная «Лепельская справа»…
У чэрвені 1940 года казармы нечакана занялі курсанты артылерыйска-мінамётнага вучылішча. Доктар гістарычных навук прафесар Ф.Б. Камаі падсумаваў даныя па ўсіх ваенных навучальных установах сухапутных войскаў СССР за перыяд з 37-га па 40-ы год. Першыя стралкова-мінамётныя з’явіліся толькі ў 1940-ым. Аднак нідзе няма згадкі пра вучылішчы з артылерыйска-мінамётным ухілам, якім было Лепельскае. Дарэчы, арганізацыяй навучальнага працэсу займаўся палкоўнік Карчагін.
Даведка. Карчагін Іван Пятровіч, генерал-лейтэнант танкавых войскаў, Герой Савецкага Саюза, рускі. Прайшоў Першую сусветную вайну. У Чырвонай Арміі — са жніўня 1918 года. Скончыў стралкова-тактычныя курсы ўдасканалення камсаставу РККА «Выстрал» імя Камінтэрна і прызначаны камандзірам Трэцяга Туркестанскага горнастралковага палка, удзельнічаў у баях супраць басмачоў. З лістапада 36-га года — камандзір 31-й механізаванай брыгады. У 1937-м арыштаваны органамі НКУС, з прычыны адсутнасці складу злачынства вызвалены і накіраваны ў Беларускую асобую ваенную акругу…
На плечы танкіста Карчагіна лягла асноўная праца па стварэнні вучылішча. Але чаму танкісту даверылі падрыхтоўку мінамётчыкаў? Зробім невялікае адступленне ў гісторыю артылерыйска-мінамётнай зброі. У першай палове 1939 года быў распрацаваны лёгкі танк Т-40, на якім пасля ўсталёўвалася самаходная ўстаноўка БМ 8-24 класа рэактыўных сістэм залпавага агню. Ці не гэта было падставай для прызначэння баявога танкіста на пасаду кіраўніка артылерыйска-мінамётнага вучылішча?
У першы набор падбіраліся кадры не са школьнай парты. Залічваліся тыя, хто ўжо меў пэўную вайсковую падрыхтоўку: праслужылі не менш за год. І толькі невялікую частку складалі добраахвотнікі з грамадзянскіх ВНУ. Па сведчанні курсанта В. Яшына, уступныя экзамены як след не праводзіліся, з пачаткоўцамі ў асноўным размаўлялі.
База вучылішча не была прыстасаваная для заняткаў, бо стваралася пад іншы профіль войскаў, і навучальныя памяшканні размяшчаліся на прыстойным аддаленні адзін ад аднаго (ад 500 да 2000 метраў).
У студзені 1941 года паступіла каманда «прапісаць» навучальную ўстанову ў іншым, больш зручным, месцы. Курсантаў перавялі ў Бароўку, у чысты лясны масіў з гаючым хвойным паветрам і празрыстым возерам. Бароўка займала выгаднае геаграфічнае становішча. З поўдня ваенны гарадок прыкрывала вялікае возера, з захаду — рака Ула і таксама возера. На поўначы, праўда, ужо на пэўным аддаленні, працякала глыбакаводная Заходняя Дзвіна. Свабодным быў выхад на ўсход. Туды вяла прамая шашэйная дарога з Мінска.
Гэтую дарогу перад самай вайной выклалі брукаваным каменем, і яна ідэальна падыходзіла для перамяшчэння колавага транспарту, а ўздоўж трасы былі адбудаваны невялікія аўтарамонтныя пункты з закапанымі ў зямлю цыстэрнамі для гаручага. Дарога мела стратэгічнае значэнне, і вучылішча акурат прымыкала да яе.
Калі вучылішча абуладкавалі на новым месцы, начальства змянілі. Карчагіна накіравалі ў дзеючую армію, камандаваў дывізіямі і карпусамі, удзельнічаў пасля ў Арлоўскай наступальнай аперацыі і ў фарсіраванні Дняпра, быў паранены, двойчы выходзіў з акружэння, атрымліваў чарговыя званні і дарос да генерал-лейтэнанта, быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
А на пасаду начальніка вучылішча заступіў генерал-маёр Цярпілоўскі. На жаль, аб гэтым чалавеку звесткі даволі скупыя. У «Кнізе памяці Лепельскага раёна» не згадана ні слова пра яго. Мала звестак запазычыў і з інтэрнэту. Адшукаў невялікую даведку, з якой бачна, што Цярпілоўскі Барыс Робертавіч пачаў вайсковую кар’еру ў 1918 годзе, удзельнік грамадзянскай вайны, званне камбрыга атрымаў у 1935-м, штабны работнік дывізіённага і карпуснога маштабаў. А вось кім і з чым ён скончыў Вялікую Айчынную вайну — даных няма. Зацікавіў факт: да Лепеля пяць гадоў узначальваў Ленінградскую вышэйшую інжынерную школу!
Зазірнем ненадоўга зноў у гісторыю рэактыўнага мінамётнага агню. РІА-Навіны, 2011/07/14 года: «… 3 сакавіка 1928 г. першы ў свеце снарад з ракетным рухавіком на бяздымным пораху праляцеў 1300 м, а ў ліпені таго ж года ў Ленінградзе ствараецца газадынамічная лабараторыя, ператвораная ў 1933 г. у рэактыўны навукова-даследчы інстытут … ». Дарэчы, загад аб арганізацыі інстытута падпісаў М. Тухачэўскі, які адкрываў чыгунку Орша — Лепель.
Да 1933 г. былі створаны два ўзоры рэактыўных снарадаў. Улетку 1938 г. група інжынераў пад кіраўніцтвам Івана Гвая пачала праектаваць шматзарадную рэактыўную ўстаноўку для наземных войскаў. 25 снежня 1939 г. рэактыўны снарад М-13 і пускавая ўстаноўка, пазней атрымала назву “Баявая машына 13” (БМ-13), былі адобраны артылерыйскім кіраваннем Чырвонай Арміі. На першы план стала вылучацца ідэя выкарыстання найноўшых распрацовак.
Кадрам мінамётчыкаў сталі надаваць асобае значэнне. Вось чаму на змену кіраўніку-танкісту прыйшоў ваенны інжынер, прычым у больш высокім званні, без “перавыхавання” ў НКВД. Да таго ж, выхадзец з ленінградскіх інжынерных колаў, блізкіх да распрацоўшчыкаў рэактыўных сістэм.

Мінамётчыкі размясціліся ў казармах колішняга Лепельскага пяхотнага вучылішча, якое ў маі 1941-га перавялі ў Чарапавец. Вядома, што Цярпілоўскі павінен быў падрыхтаваць першы выпуск афіцэраў да 1 снежня 1942 года. Перашкодзіла ўварванне германскіх полчышчаў. Немцы адразу кінулі сюды вялізныя сілы. Следам за дыверсійнымі групамі рухаўся браніраваны кулак. Гісторык Уладзімір Сакавікоў, віцяблянін, старанна даследаваў шлях руху варожых калон па дарогах Беларусі і прыйшоў да высновы, што да Лепеля імкнуліся дзве танкавыя і адна матарызаваная дывізіі. Адразу з трох кірункаў!
Перадавы атрад групы Гота хутка аднавіў разбураны мост у Беразіно і рынуўся напралом. Адтуль ішла 20-я танкавая дывізія, а дзве іншыя шукалі тайныя праходы, манеўравалі. Нарэшце 7-я танкавая пераправілася праз Бярэзіну ў раёне Броды — там, дзе бярэ пачатак Сергуцкі канал — і рушыла старымі пясчанымі дарогамі. Відавочца тых падзей беларус Іван Рысак захаваў карцінку дзяцінства: «Здалёк стаў даносіцца нейкі незразумелы, усё большы гул. Па меры набліжэння гул перайшоў у вуркатанне машын… З цікаўнасці дзеці і дарослыя палезлі на дах дома глядзець, чые машыны…
Немцы! Хто мог падумаць, што непрыяцель выкарыстоўвае гэтую закінутую старую дарогу для захопу беларускіх земляў?»
Трэцяя дывізія — 20-я матарызаваная — захапіла пераправу праз Бярэзіну на ўсход ад Бягомля, у раёне вёскі Кальнік, і накіравалася па брукаванцы Мінск — Лепель.
Пацвярджае гэта і вайсковая хроніка: “Аперзводка №18 да 8.00 4.7.41. ШТАБ ЗАХФРОНТА. …Лепельскі кірунак. 3.7.41 г. Мотамеханізаваныя часці праціўніка фарсіравалі р. Бярэзіну… і да зыходу дня захапілі Лепель. У Лепелі — шмат танкаў”.
Сілы, як бачым, велізарныя! А супраць — у асноўным курсанты. І хоць у Лепельскім артылерыйска-мінамётным вучылішчы налічвалася 1596 чалавек, узброены яны былі слаба. «… Якая ў нас зброя была? Вінтоўкі, супрацьтанкавыя гранаты, ручныя гранаты, мінамёты, якімі мы яшчэ толкам карыстацца не навучыліся…», — распавядае былы курсант Павел Рыгоравіч Гурэвіч. Ён карэнны беларус, з Магілёўшчыны. У мінамётнае вучылішча трапіў з сельгасінстытута. Так, з вінтоўкамі супраць танкаў доўга не паваюеш. Аднак тут справа ў іншым: выкарыстоўваць курсантаў як супрацьтанкавы шчыт вайсковае кіраўніцтва не планавала. Ставілася адмысловая задача: поўная эвакуацыя складоў.
А што ж магло знаходзіцца на складах? Андрэй Бараноўскі, які вывучае ў цяперашні час гісторыю Бароўкі, налічыў каля 30 месцаў захоўвання нейкага боекамплекта толькі ў адным гэтым мястэчку. Сховішчы ў выглядзе своеасаблівых капаніраў цягнуліся паласой да возера Мухно. А колькі і чаго было ў іншых месцах? Мяркуючы па ўсім, там быў не толькі просты ваенны рыштунак, не толькі тое, што паўсядзённа патрабуецца для забеспячэння вайсковых падраздзяленняў. Калі б гэта былі звычайныя боепрыпасы, то Цярпілоўскі, ужо ў рангу начальніка гарнізона, не дакладваў бы наверх аб тым, што “нашы часці танкавай дывізіі знаходзяцца ў раёне Лагойска, не маюць падвозу і знаходзяцца без гаручага”.
Дарога туды была вольная, тым больш, толькі што пабудаваная. Былы курсант В. Яшын успамінаў, што пры сутыкненні з фашыстамі ў іх «боепрыпасаў было толькі для выканання вучэбна-практычных стрэльбаў». Калі б на складах знаходзіліся простыя мінамёты і снарады да іх, кулямёты, гранаты, то, напэўна, узброіў бы «да зубоў» як сваіх падапечных, так і ўсю падпарадкаваную яму каманду. Але гэтага не было. Вось чаму і немцы, адзначаў далей Гурэвіч, павялі сябе дзіўна: «…Знішчыўшы першыя дзве лініі, перасталі весці агонь з гармат, толькі з кулямётаў працягвалі пастрэльваць… Як я цяпер разумею, у немцаў, мабыць, наконт нас іншыя планы былі. Акружаць яны нас пачалі і, верагодна, жывымі ўзяць хацелі…» Гэта і выратавала жыццё Гурэвічу. Гітлераўцы паводзілі сябе дзіўна, мяркую, таму што хацелі займець мінамётныя склады і асабовы састаў у цэласці і захаванасці. Падобна, што на складах знаходзілася нешта незвычайнае. Здагадваюся па ўскосных фактах. Самалёты наносілі ўдары, ды такія дакладныя, што разбамбілі маленькі раённы ваенкамат, але ніводная бомба не трапіла на склады. Нават па размяшчэнні вучылішча, па курсантах не было бамбёжак, не абстрэльвалі іх і з дальнабойных гармат. А дыверсанты, як сведчыць Буткевіч, ужо «ў канцы чэрвеня» гаспадарылі ў Лепелі, сарваўшы адпраўку апошняга эшалона…
Усё ж асноўную маёмасць, мабыць, удалося эвакуяваць. А можа, і не. Захоп адбыўся вокамгненна. Памятаеце, разведчык Шапіра дакладваў, што «2 ліпеня праціўніка не выяўлена»? А ўжо 3 ліпеня, піша гісторык Сакавікоў, сітуацыя карэнным чынам змянілася: знікла цэлая танкавая рота. Яна была адпраўлена на разведку камандаваннем Чырвонай Арміі ў вызначаны раён: «Звестак аб руху роты i разведвальных даных ад яе не паступала».
(Працяг будзе)

Васіль АЗАРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.