Людзі гінуць за метал

Менавіта гэтыя словы са славутай оперы ўспамінаюцца, калі чытаеш матэрыялы судовай справы адносна лепяльчаніна Вадзіма Місніка. Малады мужчына перыядычна наведваўся ў Чарнаручча, дзе калісьці нарадзіўся і вырас. Нешчасліва склаўся яго лёс. За 24 гады жыцця меў аж чатыры судзімасці. Пасля вызвалення апошні раз у ліпені 2010 года нідзе стала не працаваў, перабіваўся выпадковымі заробкамі.

 У пачатку лістапада мінулага года Вадзім Міснік пад час чарговага запою адчуў, што “мала, а грошай няма”. Адказ на пытанне, дзе дастаць, знайшоўся сам сабой — украсці.

Дакладней, надумаў зладзюжка скрасці металічныя вырабы ў адной з нежылых хат, якая, аднак, была замкнутая на замок. Выцягнуў рознага металу па ацэнцы гаспадыні на 3 мільёны 830 тысяч рублёў. На гэтым не спы­ніўся і літаральна праз некалькі дзён наведаўся ў іншую хату, адкуль знёс алюмініевы бітон і чыгунную мыйку — яшчэ 20 тысяч урону.

 Метал здаў прыватнаму прыёмшчыку ў Лепелі, атрымаў за яго 230 тысяч рублёў, якія ў хуткім часе прапіў.

 Аператыўнікі злодзея выявілі хутка. Той прызнаўся ва ўчынку, прыёмшчык вярнуў частку рэчаў.

 Суд прыгаварыў В. Місніка да пазбаўлення волі тэрмінам на год і тры месяцы з адбываннем у калоніі строгага рэжыму. Акрамя гэтага, яму трэба будзе выплаціць 1450 тысяч рублёў па грама­дзянскім іску.

Мікалай КАЗЛОЎСКІ,

суддзя раённага суда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.