Люсеніцкія маршруты

IMG_0963Да раённага турыстычнага злёту арганізатары — аддзелы райвыканкама па фізкультуры, спорце і турызме, справах моладзі, райкам ГА “БРСМ” — падышлі з усёй магчымай увагай. Папярэдзілі максімальную колькасць патэнцыйных удзельнікаў, арганізацый, якія маглі б выставіць каманды. У выніку на люсеніцкія берагі прыехалі дзевяць каманд. Летась, заўважым, спаборнічалі восем, а годам раней — шэсць, так што прагрэс заўважны.


З леташніх удзельнікаў сёлета не даехалі прадстаўнікі ААТ “Лепельаграсэрвіс”, ААТ “Лядна”, ДРАЦ “Жамчужына”. Першыя дзве арганізацыі зразумець можна: зараз у земляробаў напружаная пара, якая потым усю зіму будзе іх карміць і забяспечваць стабільны даход. Нарыхтоўка кармоў, кожны чалавек — на ўліку. Аднак гэта акалічнасць не перашкодзіла сельгасфіліялу “Заазер’е” выставіць сваю каманду. Як і летась, яны сабраліся дружна, актыўна.
У мінулым годзе каманда “Жамчужыны” ў раённым турзлёце заняла другое месца. Увогуле гэта арганізацыя стараецца не прапускаць падобныя мерапрыемствы, таму адсутнасць яе на сёлетнім злёце выклікала пэўнае засмучэнне.
Затое прыехалі некалькі навічкоў. Хаця так гэтыя каманды можна было б назваць з умоўнай нацяжкай. Каманды Лепельскага электрамеханічнага завода і КУВП “Бароўка”, напрыклад, па розных прычынах прапусцілі леташні турыстычны сезон, свае каманды не выстаўлялі.
Як заўсёды, прыехалі некалькі каманд зборных, якія прадстаўлялі па два прадпрыемствы. Па традыцыі хлопцы з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях каапераваліся з дзяўчатамі з цэнтральнай раённай бальніцы, міліцыянеры — з работнікамі культуры. Каманда СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” таксама вырашыла папоўніць сёлета свае шэрагі за кошт “легіянерак”. Расказвае намеснік дырэктара СВФ “Заазер’е” Сяргей Цалуйка:
— Летась мы выстаўлялі каманду ўпершыню. Тады з наборам хлопцаў праблем не было, у нас працуе шмат актыўных, энергічных трактарыстаў, вадзіцеляў, а вось з дзяўчатамі — праблема. Ледзь-ледзь каманду сабралі. Сёлета пачалі набіраць каманду загадзя. Заадно звярнуўся да начальніка аддзела па справах моладзі Андрэя Пшонкі, каб той даў кантактныя тэлефоны работнікаў аддзела адукацыі. Настаўнік — у пераважнай большасці прафесія жаночая. А ён параіў звязацца з кіраўніцтвам абласной бальніцы для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата. Галоўны ўрач Ірына Аляксандраўна Пішчулёнак ахвотна пайшла насустрач. І вось мы тут!
Варта адзначыць капітана каманды “Заазер’я” Наталлю Кузьмічонак. Жанчына працуе ў сельгасфіліяле дыспетчарам, незадоўга да пачатку турзлёту лягла ў бальніцу, аднак для любімай справы прыклала ўсе сілы. Кіравала падрыхтоўкай з бальнічнай палаты, карыстаючыся мабільнікам, не адзін дзясятак тысяч рублёў быў затрачаны на тэлефонныя размовы. А на турзлёт літаральна слёзна адпрошвалася ў дактароў, і тыя пайшлі насустрач.
Першай справай турыстаў стала абуладкаванне месцаў стаянак. Некалькі палатак, ямы для захоўвання прадуктаў ды скідвання смецця, акуратна абкапанае або абкладзенае камянямі вогнішча — вось нямногія абавязковыя патрабаванні. А далей — куды толькі фантазія завядзе ды фінансавыя магчымасці дазволяць. Заўважу, што лепельскія турысты не спешчаныя, для іх спартанскія ўмовы — самыя прывычныя. А вось што засмуціла і абурыла — вынікі паводзін ранейшых адпачывальнікаў, турыстаў. Як прыйшлі на бераг, у адным месцы заўважылі грудок бытавога смецця, якое пакінулі пасля сябе нейкія неахайнікі. Лянота была спаліць ці закапаць у зямлю — не зразумела. Потым жа, ведаю, прыедуць тыя гора-турысты зноў на Люсеніцу і захочуць пабачыць чысціню прыроды… Арганізатары закапалі ў зямлю імправізаваны сметнік і папярэдзілі ўсіх удзельнікаў турзлёту аб важнасці захавання парадку і чысціні. Забягаючы наперад, адзначу, што турысты Лепельшчыны, як заўсёды, былі на вышыні і маглі служыць прыкладам адносінаў да прыроды.
Пайшлі выпрабаванні. Умоўна іх можна падзяліць на катэгорыі: спецыяльныя, сілавыя, творчыя. Да першых аднясём кантрольна-турыстычны маршрут, тэхніку веласіпеднага турызму, трыятлон, турыстычны побыт. Да сілавых — перацягванне каната і армрэслінг, да творчых — конкурсы мастацкай самадзейнасці, насценгазет і кулінарны. Паколькі першая катэгорыя лічыцца найважнейшай, то за яе і дадавалася максімальная сума балаў.
Сёлетнія конкурсы вызначаліся больш высокай складанасцю, заўважылі амаль усе ўдзельнікі, у тым і іх прывабнасць. Летась турзлёт прыпаў на вельмі дажджлівае надвор’е, таму арганізатары пастараліся спрасціць праграму. Сёлета ж сонейка парадавала лепельскіх турыстаў, таму і конкурсы атрымаліся больш насычаныя.
Эмоцыі дасягалі накалу падчас сілавых спаборніцтваў. Бывалі моманты, калі сустракаліся амаль роўныя па сіле сапернікі і перамога вызначалася толькі пасля доўгай барацьбы.
Да творчых конкурсаў усе каманды падрыхтаваліся адмыслова, пастараліся парадаваць і сябе, і журы, і калег па турзлёце.
Не будзем пераказваць усяго, што адбывалася на люсеніцкіх берагах. Каб цалкам зразумець настрой удзельнікаў, адчуць рамантыку турызму, трэба абавязкова хаця б раз паўдзельнічаць. А словамі ўсё багацце эмоцый, уражанняў не перадаць.
Па выніках усіх этапаў турзлёту пераможцай прызнана сумесная каманда РАНС і ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”. Другое месца заняла каманда аграрна-тэхнічнага каледжа, а трэцяе — СВФ “Заазер’е” і абласной бальніцы для дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата. Прызёрам уручылі падарункі — турыстычныя палаткі. Пераможцы ў асобных конкурсах атрымалі спальныя мяшкі — таксама патрэбны ў турызме рыштунак.
— Турызм — від спорту і карыснага баўлення вольнага часу, які ўсё ж патрабуе пэўных фінансавых укладанняў, — кажа галоўны суддзя спаборніцтваў Раман Стрыпейкіс, — таму арганізатары і вырашылі такім чынам умацаваць матэрыяльную базу ўдзельнікаў, бо амаль кожны год па дзве — тры каманды адмаўляюцца ад удзелу ў турзлёце па прычыне адсутнасці палатак, спальных мяшкоў, іншага рыштунку. Да паловы палатак арганізатары бяруць у арэнду.
— Якія адметнасці сёлетняга турзлёту вы хацелі б адзначыць?
— Найперш — больш высокі ўзровень. Арганізатары пастараліся па максімуму прадугледзець усе сітуацыі і прапанаваць цікавую, насычаную праграму. Удзельнікі таксама не засталіся ўбаку, улічылі вопыт мінулых гадоў. У выніку атрымалася свята, якое запомніцца надоўга.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: эпізод турзлёту.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.