Люстэрка душы

Карціны напісаны па эскізах, зробленых з натуры. Таму перадаюць дэталі, быццам фотаздымкі. Назвы работ выдатна перадаюць іх змест: “Возера Вокана”, “Стажкі”, “Пустая хата”, “Студня-баран”, “Маміна дача”, “Бэз”, “Тульскі самавар”. Ёсць такія, што філасофскай задумкай вымушаюць на каментарый. Сярод белага кіліму, упрыгожанага крапінамі блакітных валошак, дзяўчына збірае букет. Ад умела перададзенага хараства воканскай прыроды нават

думка не прыходзіць, што гэта відавочная безгаспадарчасць, бо закінутае поле парасло пустазеллем — рамонкамі ды валошкамі (“Рамонкавае поле”).

 “Летні дзень” — гэта не пейзаж, а назва нацюрморту. Замяні на дарагую вазу трохлітровік, у які пастаўлены стракатыя палявыя зёлкі, і карціна страціць своеасаблівы сэнс. Прыбяры гарлач са стала, і нацюрморт апусцее. Збяры рассыпаныя клубніцы ў перакулены посуд, пастаў яго нармальна, і не стане асновы работы — летняга дня.

 Напісаныя алеем карціны — гэта нават не частка выставы “Зазірнуць у люстэрка душы” мастачкі і майстра народнай творчасці Таццяны Трушынай, а ўсяго толькі суправаджэнне асноўнай тэмы выставы — фальклорныя, анучныя абрадавыя і гульнявыя лялькі.

 Пра Таццяну Трушыну, вядомага ў сталіцы майстра лялькі, дагэтуль на Лепельшчыне ведалі мала. Творамі яе любаваліся хіба што жыхары Вокана, дзе мінчанка Таццяна мае дачу. Вяскоўцы любяць заходзіць да яе паглядзець новыя лялькі, а яна наведвае бабуль, каб распытаць, як выглядалі лялькі іх маладосці і маленства, а потым самой вырабіць штосьці падобнае.

 — На Вокане нас засталося ўсяго 19 пастаянных жыхароў, — казала на вернісажы Зінаіда Палонская. — А дач пабудавана аж за 70. Гэта значыць, вёска павялічваецца на дзве сотні чалавек, як усе з’едуцца. Мы любім дачнікаў. Яны падаўжаюць жыццё Вокана. І што ні дачнік, то для нас знаходка. Узяць хаця б Таню. Лялькі яе бачыла дома. А вось карціны ўпершыню — на выставе. Сярод Таніных работ шмат абярэгаў амаль на ўсе выпадкі жыцця. Я ж лічу саміх воканскіх дачнікаў нашымі абярэгамі. Яны шануюць прыроду, даглядаюць вёску і яе наваколлі.

 — Захапленне вырабам лялек пачалося са стасункаў з піцерскімі майстрамі клуба “Параскева”, — распавядае пра сябе Таццяна Трушына. — Было гэта год з дзесяць таму назад. Менавіта з таго часу аднаўленне народных лялек стала для мяне сэнсам жыцця. Тут у мяне выстаўлены ў асноўным славянскія лялькі. Хачу пераключыцца на выраб лялек беларускай міфалогіі, бо беларусы яе ведаюць мала. Скажам, вось гэтага “Зюзю” называюць беларускім Дзедам Марозам. Гэта не так. Зюзя — бог зімы ў паганскай міфалогіі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Чытаюць назву лялькі “Ляля (Лёля)” і не ўсведамляюць, што гэта багіня вясны, а “Цёця” — багіня лета. Правяду экспедыцыю па лепельскіх вёсках, каб даведацца, як выглядалі іншыя міфічныя істоты далёкай даўніны і вярну іх да жыцця ў выглядзе гліняных і анучных лялек.

 — Мяне заваражыла захапленне, з якім Таццяна характарызуе кожную ляльку, — кажа самадзейная мастачка Алена Бязега. — Бачна, што яна жыве сваімі творамі.

 А лялек усіх і не пералічыш: “Дзіцячая суцяшальніца”, “Баба на чайнік”, “Ліхаманка і яе 12 сясцёр”, “Гульнявая лялька на лыжках”, “Дзесяціручка”… І кожная з іх мела свой сэнс у даўніну, выконвала пэўную ролю ў жыцці, служыла абярэгам. Напрыклад, Ліхаманку-цацку з 12 сёстрамі вешалі ў запеччы, а як праз комін у хату трапляла сапраўдная Ліхаманка, то бачыла, што жытло ўжо занялі яе калегі, і паварочвала назад. Нявестцы свякроў вырабляла ляльку-дзесяціручку з намёкам працаваць так, як быццам у яе 10 рук.

 Таццяна Трушына — мастак-прафесіянал. У 1976 годзе скончыла Мінскі тэхнала­гічны тэхнікум па спецыяльнасці “Мадэльер-мастак”, курсы па вывучэнні славянскай народнай лялькі, прайшла курс навучання па беларускай фальклорнай ляльцы ў Цэнтры этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Міністэрства культуры. Настолькі прафесійна сфата­графавала зімовы лес (“Дарога на Барсукі”), што знаёмага Васіля нельга было адцягнуць ад фота, так залетуценеў краявідам. І гэта ў разгар зімы.

 — У Мінску прайшлі чатыры мае выставы, — сказала Таццяна. — У Лепелі гэтая — першая. Не хачу крыўдзіць маіх новых землякоў, таму наступную выставу выключна беларускай лялькі зноў зраблю ў салоне-магазіне “Скарбонка”. Думаю, экспанаты атрымаюцца адмысловыя, бо адшукала рэцэпт старадаўняй мастыкі.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Таццяна Трушына (справа) і Зінаіда Палонская ля лялькі “Зюзя” і фотаработы “Дарога на Барсукі”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.