Лёгкаатлетычная эстафета

— Для прапаганды заняткаў фізічнай культурай і спортам сярод моладзі, папулярызацыі бегу як сродку ўмацавання здароўя, развіцця валявых якасцяў асобы, мэтанакіраванасці, умення пераадольваць цяжкасці, выяўлення лепшых каманд і спартсменаў штогод увосень праводзіцца лёгкаатлетычны крос сярод школьнікаў, які арганізуецца ў рамках круглагадовай спартакіяды, — адзначыла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Торшына.

— Сёлета ў ім удзельнічалі 20 каманд сярэдніх і базавых навучальных устаноў. Да спаборніцтваў былі дапушчаны юнакі і дзяўчаты не старэй за 1998 — 1999 гады нараджэння. У склад кожнай са спартыўных дружын уваходзілі па дзве дзяўчыны, два юнакі і адзін прадстаўнік ад адміністрацыі навучальнай установы. Усяго змагаліся за перамогу 78 чалавек.
— Дзе праводзілася спартыўнае саперніцтва, на якіх дыстанцыях?
— У раёне возера Святое. Уздоўж маляўнічага ўзбярэжжа гэтага вадаёма юнакам давялося бегчы 2000 метраў, дзяўчатам — 1000 метраў.
— Хто перамог у індывідуальным заліку?
— Сярод юнакоў першым прыйшоў на фініш Кірыл Мазго з сярэдняй школы №1. Яго вынік — сем хвілін і восем секунд. Усяго адну секунду прайграў Кірылу вучань Заслонаўскай сярэдняй школы Ілья Кураш, які заняў другое месца. Адну секунду саступіў Ільі Уладзімір Вашук з Бароўскай сярэдняй школы.
Упартай і вострай была барацьба на фінішнай прамой і ў дзяўчат. Перамагла вучаніца Новавалосавіцкай сярэдняй школы Дар’я Смажэўская, 2000 года нараджэння: прабегла 1000 метраў за тры хвіліны сорак адну секунду. На лічаныя секунды пазней перасеклі чырвоную стужку фінішу Наталля Старавойтава з Грыгаравіцкай і Людміла Волкава са Старалепельскай базавых школ, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
— Як закончылася барацьба ў камандным першынстве?
— Каманды СШ №1 і Бароўскай СШ атрымалі аднолькавую колькасць ачкоў — па 60. Суддзямі было прынята рашэнне аб прысуджэнні гэтым камандам двух першых месцаў. Другое месца ў гэтым выпадку не вызначаецца. Далей найбольшую колькасць ачкоў, па 55, набралі яшчэ дзве каманды — Заслонаўскай СШ і Новавалосавіцкай СШ, таму каманды дадзеных навучальных устаноў сталі ўладальнікамі двух трэціх месцаў.
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў як у асабістым заліку, так і ў каманднай барацьбе адзначаны граматамі ад¬дзела адукацыі райвыканкама.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.